Майстэрства Алы Назарук — далучайцеся!!!

Для многіх сноп саломы практычна ніякай значнасці, каштоўнасці і важнасці не ўяўляе. Усё адно, які ён: жытні, пшанічны ці з аўса…

— Гэта далёка не так,   — кажа Ала Назарук,  метадыст-майстар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці. – Для вырабаў з саломы,  якія б радавалі вока, найлепш падыходзіць жыта, бо яго сцябло мае найбольшую даўжыню і больш трывалае. Ва ўмелых руках саламяны сноп можа ператварыцца ў казку, сапраўдны дзівосны цуд. Вось гэтым мы якраз і займаемся кожны тыдзень з дзецьмі, якія наведваюць заняткі гуртка па саломапляценні “Саламяныя цуды”.

На ім вучні спасцігаюць сакрэты саломапляцення і вучацца вырабляць цікавыя рэчы,  выкарыстоўваючы розныя тэх­налогіі саломапляцення. Сваёй асноўнай задачай цяпер Ала Сцяпанаўна лічыць захаванне лепшых традыцый беларускага саломапляцення, перадачу іх маладому пакаленню. Яна вучыць дзяцей і сама таксама вучыцца, удзельнічаючы ў розных выставах, пленэрах, фестывалях, майстар-класах… З першых заняткаў Ала Назарук настройвае дзяцей на цярпенне, уседлівасць і акуратнасць. І як гараць іх вочы, калі на свет з’яўляюцца прыгожыя саламяныя вырабы,  зробленыя ўласнымі рукамі.

— Ала Сцяпанаўна, чым вы займаецеся на занятках?

— Гурткоўцы набываюць неабходныя ўменні па нарыхтоўцы сыравіны, апрацоўцы саломы, авалодваюць рознымі відамі пляцення. Яны даведваюцца, як салому неабходна правільна нарыхтаваць,  нарэзаць,  пасартаваць,  адбяліць,  афарбаваць. Пры жаданні кожны можа авалодаць мастацтвам саломапляцення і ствараць уласныя саламяныя цуды.

Гурткоўцы пад кіраўніцтвам Алы Сцяпаўны  ўжо паспелі зрабіць невялікія саламяныя сувеніры, якія падарылі сваім родным. Цяпер яны пачалі працу над цацкамі,  якія ўпрыгожаць навагоднюю ёлку. Ала Назарук паказала гатовыя саламяныя вырабы, якія захоўваюцца ў Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці, і, сплёўшы за некалькі хвілін невялікага анёла, пераканала: са снапа саломы можна сплесці практычна ўсё, што падказвае фан­тазія.

Між  іншым,  гуртком “Саламяныя цуды” Ала Назарук кіруе ўжо больш за 15 гадоў.          

   Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.