Аляксандра Вашчынчук — жыццё у рухах танца

Спецыфіка работы жур­наліста такая, што часта даводзіцца пісаць пра людзей розных прафесій і ўзростаў, якіх дагэтуль зусім не ведаў. Сустрэчы з некаторымі з іх за­па­мінаюцца на­доўга. Пры­­цягвае найперш іх сціп­­ласць і прастата, далікатнасць і так­тоўнасць, уменне трымац­ца і весці гутарку.   Пра такіх душэўных і шчырых людзей заўсёды хочацца сказаць добрыя, цёплыя словы. Іх заслугоўвае і Аляксандра  Вашчынчук – настаўніца рытмікі СШ № 1 г.Маларыты.

У дзяцінстве Аляксандра Валер’еўна кім толькі не марыла стаць! У залежнасці ад настрою яна ўяўляла сябе і гімнасткай, і футбалісткай, і сцюардэсай, і нават вадзі­целем тралейбуса,  як маці.

— І калі б мне сказалі, што буду харэографам, проста не паверыла б, — усміхаецца Аляксандра Вашчынчук. – Але менавіта ім і стала. Звязаць жыццё з танцамі – гэта быў усвядомлены выбар маёй ма­мы. Яна настойліва мне гаварыла пра гэта пры кожным зручным моманце. І я,  у рэшце рэшт, паверыла. Цяпер сваёй матулі вельмі ўдзячна за тое, што яна ўва мне разгледзела  харэографа.

Аляксандра нарадзілася і вырасла ў Брэсце, там жа скончыла харэаграфічную школу,  гімназію з танцавальным ухілам, год працавала настаўніцай рытмікі ў вёсцы Матыкалы, а затым вучылася ў Пінскім вучылішчы мастацтваў. Менавіта падчас вучобы дзяўчына зразумела,  што танцы – гэта тое, без чаго яна не можа жыць.

— Аляксандра Валер’еўна, як вы апынуліся ў Маларыце? Хіба ў Брэсце не было дзе ўладкавацца на працу?

— Маларыту я выбра­ла сама. Мне пра­паноў­валі застацца працаваць у вучылішчы, у харэагра­фічнай школе. Аднак неза­доўга да размеркавання я пабывала ўпершыню ў Маларыце. Горад мне вельмі спадабаўся сваёй прыгажосцю і цішынёй. Я зразумела, што хачу працаваць менавіта тут. Усе былі вельмі здзіўлены майму выбару.

У Маларыце Аляксандра Вашчынчук выйшла замуж. Першыя два гады яна пра­­цавала ў ГДК,  а затым больш за  10 гадоў – у Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў. Гэта быў час станаўлення,  пошукаў уласнай жыццёвай сцежкі і шліфоўкі пра­фесійнага майстэрства. Яе характар патрабаваў пастаяннага руху, пераадолення цяжкасцяў і розных перашкод. У нейкі момант Аляксандра Вашчынчук адчула, што ёй не хапае пэўных ведаў. Таму закончыла аддзяленне “Сусветная мастацкая культура. Рытміка. Харэаграфія” Бе­ларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Мак­сіма Танка.

…Цяпер у скарбонцы дасягненняў Аляксандры Вашчынчук за 5 гадоў – больш за 20 дыпломаў пе­раможцаў і лаўрэатаў, якія атрымалі яе выхаванцы на абласных,  рэспубліканскіх  і міжнародных конкурсах і фестывалях.

У СШ №1 г.Маларыты Аляксандра Валер’еўна ар­ганізавала творчае аб’яд­нанне “Чарлідзінг”. У гэтым годзе школьная каманда “Алмаз” заняла  чацвёртае месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па чар­лі­дзінгу. Не так даўно Аляксандра Вашчынчук пачала кіраваць школьным ансамблем барабаншчыц, без якога не абыходзіцца ні адна ўрачыстасць у горадзе.

Каб у поўнай меры рэалі­заваць свае ідэі,  Аляк­сандра Валер’еўна арганізавала творчае аб’яд­нанне па інтарэсах “Эстрадны танец” на базе Маларыцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Заняткі цяпер наведваюць дзеці рознага ўзросту не толь­кі гарадскіх устаноў адукацыі, але і вясковых.  Дзякуючы ім, быў створаны танцавальны калектыў “Серпанцін”. Перамогі на розных конкурсах гавораць аб прафесійным узроўні падрыхтоўкі дзяцей. Апош­няе пацвярджэнне таму – “Серпанцін” прайшоў адбор у вочны тур Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Творчасць без межаў”.

Асаблівы гонар Аляксанд­ры Вашчынчук – яе вы­пускнікі, якія звязалі жыццё з танцам. Сярод іх – Алёна Бойка і Ігар Аўдзяюк (танцоры заслужанага калектыву “Ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”, г.Гродна),  Ганна Губарэвіч (кі­раўнік ўзорнага калектыву эстраднага танца “Рандэву”,  г.Пінск), Уладзіслаў Вашчынчук (танцор заслужанага калектыву “Бе­­ларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр”), Зоя Аўдзяюк і Ганна Кірыковіч (выкладчыкі Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў), Лілія Панасюк (закончыла Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў), а таксама Станіслаў Палянскі (студэнт Беларускага дзярж­універсітэта культуры і мастацтваў) і інш.

Аляксандра Вашчынчук разам з дзецьмі выступае на сцэне. За сваю творчую дзейнасць яна паставіла амаль 80 танцаў. Усе касцюмы для іх распрацоўвае і шые сама, чаруе над імі ў вольны час. Бывае, што да­памагаюць бацькі дзяцей.

— Прыемна, калі глядзіш выступленне і ведаеш, што касцюмы – гэта твой аўтарскі дызайн. Касцюм жа – твар калектыву. Хочацца,  каб ён заўсёды быў “свежым”, каб “сядзеў”, каб кожны вобраз на сцэне быў цікавым,  прыгожым і запамінальным.

— Аб чым марыце цяпер?

— Аб танцах, каб яны падабаліся гледачу.

У Аляксандры Валер’еў­ны шмат творчых задум, якія абавязкова выльюцца ў новыя харэаграфічныя пастаноўкі і выступленні.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.