Молодые специалисты: распределение по призванию

Сёлета Олтушская ўчастковая бальніца папоўнілася двума маладымі спецыялістамі. Пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта па размеркаванні ў Олтуш прыехаў  працаваць урачом-тэрапеўтам Максім Кураш. Некалькі месяцаў назад, скончыўшы Брэсцкі медыцынскі каледж,  ва ўчастковую бальніцу медсястрой уладкавалася Дар’я Аніскевіч. Маладых спецыялістаў тут прынялі як сваіх, стварыўшы камфортныя ўмовы для плённай працы.

Рада маладым спецыялістам і загадчыца Олтушскай участковай бальніцы Лілія Уладзіміраўна Саваш, якая трыццаць пяць гадоў таму назад разам з мужам і маленькай дачушкай прыехалі на Маларытчыну па размеркаванні. Лілія Уладзіміраўна,  як ніхто іншы ведае, як бывае цяжка адаптавацца на новым незнаёмым месцы. Таму і Мак­сіму Аляксандравічу, і Дар’і Уладзіміраўне яна заўсёды дапамагае слушнай парадай, падтрымлівае іх добрым словам. Гэта на першы погляд здаецца, што праца ў вясковай бальніцы спакойная і лёгкая. Наадварот, урач у сельскай мясцовасці – спецыяліст шырокага профілю, да якога ў любы час дня і ночы звяртаюцца пацыенты.

Олтушская ўчастковая баль­ніца разлічана на 15 ложкаў, з якіх 10 — сацыяльныя і 5 — тэрапеўтычныя. Вельмі запатрабаваны сацыяльныя ложкі. Па словах загадчыцы бальніцы, існуе нават пэўная чарга з састарэлых і адзінокіх дзядуль і бабуль, якія жадаюць сюды трапіць.

— Яшчэ некалькі гадоў таму на­­зад, — гаворыць Лі­лія Ула­­дзіміраўна,- такой за­патрабаванасці ў сацыяльных ложках не назіралася. На жаль, многія дзеці проста не ў стане даглядаць за сваімі нямоглымі бацькамі. Хаця большасць нашых пацыентаў — адзінокія людзі.

84-гадовая Анастасія Дурнёва з Маларыты жыла ў сваёй кватэры адна, пакуль не захварэла. У бальніцы Анастасія Кірылаўна знаходзіцца ўжо тры месяцы. “Тут добра, камфортна, смачна гатуюць, — гаворыць бабулька. – Урачы назначаюць неабходныя лекі, санітаркі даглядаюць за намі, як за малымі дзецьмі. Дахаты пакуль не збіраюся. Я і так ледзьве хаджу. Ніхто і вады мне там не падасць. А тут і час хутчэй бяжыць,  і весялей. Ёсць з кім паразмаўляць,  расказаць пра свае клопаты ды хваляванні.

З пачуццём пяшчоты да хворых адносіцца медсястра Дар’я Уладзіміраўна. Яна не толькі добра выконвае свае непасрэдныя абавязкі, але і дапамагае санітарцы разнесці абед па палатах, потым сабраць посуд. Для кожнага ў маладой дзяўчыны знаходзіцца ласкавае слова, кожнага яна ўважліва выслухае.

— Я сама папрасіла, каб мяне размеркавалі на Маларытчыну, — расказвае Дар’я Аніскевіч, якая родам з вёскі Булькова, што ў Жабінкаўскім раёне. – У мяне тут жывуць родзічы ды і сама вёска Олтуш мне вельмі падабаецца. Мяркую,  што нікога не пакіне раўнадушным чароўнае возера, якое ў любы час года захапляе сваёй казачнай прыгажосцю. Не шкадую, што трапіла сюды працаваць. Вельмі падабаецца дружны і зладжаны калектыў, у якім пануе ўзаемаразуменне і пашана адзін да аднаго.

Пакуль мы размаўляем з медыцынскай сястрой, з выязнога прыёму,  які праходзіў у суседняй вёсцы Арэхава,  вярнуўся Максім Аляксандравіч. «Перспектыўны малады чалавек , — такімі словамі характарызуе ўрача Лілія Саваш. – Вельмі ўважлівы і адказны спецыяліст. Нягледзячы на тое, што Максім Аляксандравіч працуе нядаўна, людзі з задавальненнем ідуць да яго на прыём. А гэты факт сведчыць аб тым,  што чалавек на сваім месцы».

Праўда,  Максім Аляксандравіч не адразу вырашыў стаць медыкам. Закончыўшы абласны ліцэй імя П. М. Машэрава, Максім паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на біялагічны факультэт. Праз год вучобы зразумеў, што будучая спецыяльнасць не яго. Без шкадавання юнак забраў дакументы, цвёрда для сябе вырашыўшы, што атрымае прафесію ўрача. Затым была вучоба ў Віцебскім медыцынскім універсітэце,  інтэр­натуру Максім праходзіў у Брэсце. 

— Вядома, у сельскіх бальніцах няма такога медыцынскага абсталявання, як у вялікіх гарадах, — працягвае размову Максім Аляксандравіч. – Затое тут можна атрымаць каласальны практычны вопыт. Мне пашанцавала, што побач знаходзіцца такі вопытны і чулы ўрач як Лілія Уладзіміраўна Саваш, да якой можна звярнуцца з любым пытаннем.

Максім Аляксандравіч, які ўсё сваё жыццё пражыў у Брэсце, стаў ужо сваім у вёсцы. Як маладому спецыялісту яму далі добраўпарадкаваную кватэру. Па словах Максіма, да вёскі, яе няспешнага ўкладу жыцця ён ужо прывык. У вольны час малады чалавек займаецца спортам, наведвае спартыўны комплекс у Маларыце, асабліва яму падабаецца плаваць у басейне.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Молодые специалисты: распределение по призванию: 1 комментарий

  • 16.11.2017 в 9:51 дп
    Permalink

    Первое место работы очень важно для человека в дальнейшей его карьере

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.