Міні-турнір з максі-карысцю

Нядаўна нашы дзяўчаты ўдзельнічалі ў міні-турніры па валейболу, у якім прымалі ўдзел яшчэ і валейбалісткі з Чарнян, Дарапеевіч і Велікарыты.
Спачатку згулялі гаспадары спаборніцтваў – дзяўчаты з Дарапеевіч — супраць каманды з Велікарыцкай школы. Гульня была на роўных, але гаспадары ўсё ж выйгралі і атрымалі дзве гульні заслужанага адпачынку. Нашы дзяўчаты гулялі з камандай чарнян­скіх валейбалістак. Пачатак гульні паказаў, што дзяўчаты з Чарнян настроены рашуча. Паступова, як гэта ні было крыўдна для каманды з Олтуша,  яны пачалі набіраць свае ачкі. Першую партыю, лік у якой у выніку быў 25:9 на карысць Чарнян, наша каманда, можна сказаць, дагульвала, пакідаючы сілы  на другую партыю. Бо яшчэ заставалася надзея выправіць сітуацыю. Але і ў другой партыі сітуацыя паўтарылася: гульня не ішла,  некалькі ачкоў былі ўзяты на чужых памылках, у выніку атрымалася  25:6 на карысць Чарнян. Вынік 0:2 забраў апошнія надзеі і мары атрымаць пуцёўку ў фінал раённых спаборніцтваў.
Пасля некалькіх хвілін адпачынку пачаўся матч за “бронзу”, у якім олтушскай камандзе давялося змагацца з дзяўчатамі з Велікарыты. Вось тут нашы валейбалісткі і паказалі свае здольнасці. Вынік быў 2:0 на карысць каманды з Олтуша.
Усе з нецярплівасцю чакалі фінальную гуль­ню міні-турніру. Дарапее­віцкія валейбалісткі зма­галіся за права вый­сці ў фінал раённых спабор­ніцтваў з камандай з Чарнян.  І тут гаспадары поля прайгралі з агульным лікам 0:2.
Але на гэтым валейбольная сустрэча не завяршылася. Дзяўчаты з Олтуша выказалі жаданне сустрэцца на полі з дарапеевіцкай камандай, паколькі па жараб’ёўцы згуляць з ёю не атрымалася. Гульня ішла на роўных, і хоць капітан каманды Таццяна Кацёл атрымала траўму, што, вядома ж, адбілася на гульні, олтушскія дзяўчаты змаглі атрымаць перамогу з лікам 26:24. І хоць каманда не выйшла ў фінал спаборніцтваў, настрой у дзяўчат-валейбалістак аптымістычны.
Аляксандр ГАЛЯНЧУК,
в. Олтуш.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!