«Дресс-код» Марины Божко — улыбка!!!

Той, хто з прафесіяй афіцыянта знаёмы толькі здалёк, уяўляе яе зусім лёгкай. Ну што складанага ў тым, каб прыняць заказ, прынесці стравы, пажадаць кліенту прыемнага апетыту, а потым проста прыбраць посуд?.. Так лічаць многія і, пабачыўшы ў даведніку для абітурыентаў пералік навучальных устаноў, дзе можна атрымаць прафесію афіцыянта ці бармэна, перагортваюць старонкі з думкай, маўляў, з такой работай, калі давядзецца, я і без вучобы спраўлюся. Але той, хто працуе афіцыянтам, добра ведае, колькі ў гэтай справе важных правілаў, адступаць ад якіх нельга ні ў якім разе. Паглядзець на работу афіцыянта вачамі прафесіянала мы зможам разам з гераіняй чарговага выпуску праекта “Партрэт прафесіі”.


На дамоўлены час сустрэчы афіцыянт-бармэн Марына Бажко крыху спазнілася. Як высветлілася, яна абслугоўвала за абедам у рэстаране гасцей з Кітая. Каму, як не ёй, пераможцы конкурсу на званне лепшага афіцыянта, які праводзіўся сярод работнікаў рай¬-спажыўтаварыстваў воб¬ласці, маглі даверыць абслугоўванне такой паважанай дэлегацыі.
Гэта цяпер у Марыны Сяргееўны самы высокі, пяты разрад, які яскрава сведчыць аб яе прафесіяналізме. А тады, калі яна ішла працаваць афіцыянтам, нават не уяўляла, якія навыкі ёй спатрэбяцца. Так атрымалася, што выбрала гэтую прафесію выпадкова.
— Хацела і сабе, і іншым даказаць, што я магу мно¬гага дабіцца самастойна, — успамінае яна. І пры¬знаецца:
— Спачатку без ведаў і навыкаў было вельмі цяжка, нават думала, што давядзецца звальняцца.
Выплаканыя слёзы, выпадкова разбітыя талеркі, бяссонныя ночы, калі даводзілася затрымлівацца на рабоце, каб усё прыбраць, адсутнасць неабходных ведаў сервіроўкі стала… Магчыма, усё гэта і падштурхнула б Марыну развітацца з пакуль яшчэ малавядомай ёй справай, калі б не добры настаўнік. Менавіта Аляксандры Мітрафанаўне Мейлуцэнэ, якая ў той час працавала ў рэстаране “Рыта” бармэнам, удзячна Марына Бажко за свой прафесіяналізм. Гэта яна вучыла маладога афіцыянта, як па ўсіх правілах сервіраваць стол, расстаўляць гатовыя стравы для банкета, тлумачыла, якія ёсць асаблівасці падачы страў, знаёміла з тонкасцямі этыкету. І калі ў першыя дні дзяўчына не магла ўявіць, як гэта несці ў адной руцэ адразу дзве талеркі, дык праз пэўны час ёй ужо было няцяжка падносіць да стала тры талеркі з халоднымі закускамі ў адной руцэ і чатыры ў другой. Але не толькі гэта з’яўляецца праяўленнем прафесійнага майстэрства. Не менш важна, як адзначае Марына Сяргееўна, умець знаходзіць падыход да кліента. І тут ёсць залатое правіла, своеасаблівы “дрэс-код” афіцыянта: якім бы ні быў настрой, якія б праблемы ні хвалявалі душу, кліента заўжды трэба сустракаць усмешкай. І цяжка не згадзіцца з тым, што афіцыянт у пэўнай ступені павінен быць псіхолагам. Заўважыць дрэнны настрой кліента, праявіць да яго крыху больш увагі, праігнараваць некарэкт¬ныя паводзіны, не забыць сказаць словы “калі ласка”, “дазвольце”, “дзякую” – гэта, як упэўнена Марына Сяргееўна, палова поспеху ў прафесіі.
Амаль сем гадоў працуе Марына Бажко ў райспажыўтаварыстве. Была афіцыянтам у рэстаране “Рыта”, затым перайшла ў кафэ “Скарпіён”. Сняданкі, абеды, вячэры, банкеты… Цяпер ужо вопытны афіцыянт не памыліцца наконт таго, які пакласці на стол прыбор, як правільна падаць меню, з якога боку паднесці кліенту талерку са стравай, а з якога забраць пусты посуд. На ўсё гэта, між іншым, ёсць свае правілы. Але нават самага бездакорнага ўмення сервіраваць стол, як расказвае пра тонкасці сваёй прафесіі Марына Сяргееўна, для ўмелага абслугоўвання кліентаў недастаткова. Яшчэ адно важнае патрабаванне прафесіі – ведаць састаў усіх страў, якія прапануе меню. Госць можа пацікавіцца інгрэдыентамі, якія ўваходзяць у салату ці закуску, і адсутнасць ведаў паставіць афіцыянта ў няёмкае становішча. А таму разам з заказанай стравай афіцыянт атрымлівае ад повара ўсю неабходную інфармацыю аб ёй.
— Быць уважлівым, стрыманым, каму¬нікабельным, вынослівым, бо ўвесь час даводзіцца працаваць на нагах, мець пачуццё гумару… — пералічваю ў размове з Марынай Сяргееўнай тыя якасці, што, на мой погляд, павінны быць уласцівы чалавеку, які выбраў прафесію афіцыянта, і прашу сваю субяседніцу працягнуць гэты спіс.
— Яшчэ быць заўжды акуратным, — дадае яна.
Белая блузка, чорная спадніца – такі класічны камплект з’яўляецца абавязковым уборам. У афіцыянта, як гаворыцца, усё павінна быць прыгожым: і прычоска, і адзен¬не, і паходка, і рукі. Чысціня і акуратнасць рук – адно з самых галоўных патрабаванняў, бо яны заўжды на вачах у кліента і павінны быць дагледжанымі. Тут дробязяў няма.
Абслугоўванне банкетаў, урачыстасцяў, выязных фуршэтаў не аб¬мяжоўваецца толькі працоўнымі буднямі. Часта афіцыянту даводзіцца ахвяраваць сваім выхадным. Крыху засмучае, як прызнаецца Марына Сяргееўна, што мала часу застаецца на зносіны з дачкою Ліляй, якой 14 гадоў. Між іншым, на ўсіх дамашніх урачыстасцях гаспадыня стараецца радаваць і здзіўляць сваіх гасцей і родных цікавай сервіроўкай. У гэтым і ёсць плюсы прафесіі.
Размову з Марынай Сяргееўнай не магла завяршыць, не пацікавіўшыся, як удалося ёй заняць першае месца ў абласным конкурсе. Яна распавяла, што з дапамогай кіраўніцтва райспажыўтаварыства і сваіх калег рыхтавалася да конкурснай праграмы сур’ёзна, да перамогі імкнулася, але вельмі на яе не разлічвала. Пра¬фесійная сервіроўка стала, з фантазіяй афор¬млены кэнды-бар (фуршэтны стол, напоўнены ласункамі) і, самае галоўнае, вопыт у прафесіі дапамаглі ёй заваяваць званне лепшай па прафесіі. Цяпер наперадзе ў Марыны Бажко ўдзел у рэспубліканскім конкурсе.
Святлана Максімук

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.