Гісторыя адной амялушкі

Геаграфічнае становішча Беларусі абумовіла часовы характар знаходжання тут некаторых прадстаўнікоў фауны. З прыходам халадоў «нашы» насякомаедныя птушкі пакідаюць родныя кусты і балоты і часова ляцяць у паўднёвыя шыроты. У той жа час іншыя “бежанцы” з поўначы (у асноўным тыя, што харчуюцца ягадамі, гароднінай і насеннем розных раслін) мяняюць месца свайго пражывання і ўладкоўваюцца на кустах і балотах, якія сталі свабоднымі.
Любому іншаземцу ў чужой краіне даводзіцца туга. Чаго толькі ні здараецца за час пераадолення цяжкасцей,  выкліканых рэзка кантраснай зменай звыклай абстаноўкі! Калі б птушкі ўмелі гаварыць і пісаць, мы б ставілі іх геніяў у адзін рад з такімі падарожнікамі, як Брэм, Дарал,  Гржымек і інш. Зведаўшы не адзін раз усе цяжкасці іншаземца ў чужой краіне, што называецца «на ўласнай шкуры», лічу сваім абавязкам дапамагаць птушкам,  якія зімуюць у нас. Калі ж  для гэтага створаны ўмовы, такія мерапрыемствы лічу вельмі прывабнымі для сябе.
У мітусні рабочых будняў іншы раз так хочацца трапіць у родны дом, дзе прайшло тваё дзяцінства. Нядаўна мне выпала такая магчымасць. На жаль, ехаў я назаўжды развітвацца з любімай бабуляй…
На наступны дзень мне патэлефанаваў аднаклас­нік, які працуе на кансервавагародніна­сушыльным камбінаце, і паведаміў, што яго калега падабраў на вуліцы птушку, якая не лятала.
Нягледзячы на тое, што пра работу, якая кожны дзень звязана з птушкамі, у час асаблівай стомленасці можна сказаць у сэрцах: “Як жа мне дарагія ўсе вашы птушкі!”, у нерабочы час атрымліваеш сапраўднае задавальненне ад гэтага цудоўнага стварэння прыроды.
Пасля таго,  як мне патэлефанаваў аднакласнік,  сабраўся і прыйшоў да яго на работу. Птушка знаходзілася ў вельмі простай клетцы са шклянымі сценкамі, зверху клетка была прыкрыта металічнай сеткай. Амаль палова дна клеткі была засыпана хлебнымі крошкамі.
“Дай жа адгадаю, — усміхнуўся я сябру дзяцінства, — ваша птушка нават не дакранулася да хлеба!”
У клетцы сядзела амялушка (свиристель – русск.). Ад вялікай увагі да сябе яна прыціснулася да самай дальняй сценкі клеткі. Я ўзяў птушку ў рукі. Яна была не большая, чым грак, моцна тузалася, спрабуючы вырвацца. Але мой вопыт абыходжання з птушкамі, атрыманы на станцыях кальцавання птушак у Тураве (Беларусь) і Папэ (Латвія), не дазволіў ёй зрабіць гэтага.
Трымаючы яе ўпэўнена, моцна і адначасова не прычыняючы ніякага болю, я ўважліва агледзеў птушку з усіх бакоў. Птушка, убачаная ў бінокль і разгледжаная ў руках, выглядае па-рознаму – аб гэтым добра ведаюць арнітолагі.
Агледзеў і зрабіў вывад, што яна больш падобная на плюшавую цацку,  чым на жывую істоту. Пасадзіўшы птушку ў невялікі мяшочак,  аднёс яе дамоў,  дзе выпусціў, каб яна бегала па пакоі. Некалькі няўдалых спроб узляцець закончыліся пад маім ложкам, за тумбачкай і на дзвярах халадзільніка ў калідоры. Бачных ран у птушкі не было, таму я пакінуў яе на нейкі час у спакоі, а сам накіраваўся на пошукі корму і матэрыялаў для абсталявання клеткі. Рабіна сёлета не ўрадзіла. Таму яшчэ ў першыя месяцы птушкі аб’елі яе на ўсіх дрэвах. Набраўшы па жмені ягад абляпіхі і амялы, а таксама выразаўшы дошчачкі для клеткі, вярнуўся дамоў. Птушка асвоілася ў пакоі і паспела ўжо абследаваць мой камп’ютарны след, пра што сведчыла акуратна пакінутая “кучка”.
Наступныя некалькі дзён амялушка правяла ў клетцы ля акна, седзячы на жэрдачцы і ціха-ціха папіскваючы. Піск здаваўся журботным, і мне проста захацелася вярнуць птушцы свабоду. З харчаваннем праблем не было: амялушка з задавальненнем ела яблычную мякаць (ды даруе мне Вольга – мая калега, якую яшчэ некалькі месяцаў назад я высмеяў за каментарыі журналісту наконт рацыёна харчавання амялушак, куды яна ўключыла і яблыкі). Іншы ж  корм (ягады абляпіхі, цёртыя суніцы) птушка ела неахвотна. Зусім адмовілася ад ягад амялы і буйна нацёртай морквы.
На 2 дні я павінен быў паехаць з горада, даглядаць за птушкай даручыў сваёй маме. У яе ўжо быў вопыт выходжвання амялушак. 2 ці 3 гады таму назад такую ж    амялушку, якая не лятала, нам “падкінула” суседка. Я не мог пастаянна быць дома з-за вучобы ў іншым горадзе, таму корм для птушкі здабываў мой сябар, які яшчэ вучыўся ў школе. У меню той амялушкі была выключна рабіна. Ела яна да таго часу,  пакуль была ежа.
Амялушка не стварала нам ніякіх нязручнасцей, але гэта працягвалася нядоўга. Быццам па загаду, у адзін ясны дзень амялушка стала цудоўна лятаць і выбрала месцам дыслакацыі карніз над акном. А калі птушка пакінула свой “след” ў каструлі з кампотам, мама больш не магла трываць і падарыла ёй свабоду.
На гэты раз,  калі я вярнуўся,  мама прызналася, што не магла трымаць яе пастаянна закрытай і выпускала гуляць па кватэры. Праз дзень амялушка пачала добра лятаць. Яшчэ праз дзень я прыняў рашэнне адпусціць яе. Дата прыняцця рашэння супала з юбілейным днём нараджэння маёй мамы, таму пад “охі-ахі” гасцей я выходзіў са сваёй амялушкай з дому.
Крыху пазней на адным з Інтэр­нэт-сайтаў даведаўся пра адну цікавую фізіялагічную асаблівасць гэтых птушак. Харчуючыся ў моцныя маразы мерзлымі ягадамі рабіны,  глогу (боярышник – русск.) ці яблыкамі,  яны шчыльна набіваюць свае валлякі, ад чаго настае агульнае пераахала­джэнне арганізма і прыводзіць да таго,  што птушкі ўсёй чарадой проста звальваюцца ў снег. Але варта арганізму адагрэць ягады, як амялушкі “ўваскрасаюць” і зноў накіроўваюцца на пошукі корму. Верагодна, мае “вопытныя” амялушкі былі з гэтай жа кагорты.
Па дарозе я думаў,  што ж  будзе з маёй птушкай у будучым? Зімы заставаўся месяц, а малых птушак гіне ў гэты час намнога больш, чым можна ўявіць. Проста іх смерць на агульным фоне здаецца менш прыкметнай, чым, скажам, мёртвы лебедзь на набярэжнай Мухаўца ў Брэсце, паглядзець на якога прыйдзе ўвесь горад. Пасля МНС дастане нежывую птушку з вады, а спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай станцыі дадуць заданне ветэрынарам даведацца аб прычыне гібелі птушкі, пра што затым напішуць усе СМІ.
Дзясяткі тысяч птушак так і не ўбачаць вясны. Хто б мог падумаць, што на амялушак у горадзе могуць паляваць нават вушастыя совы. Некалькі гадоў назад, вывучаючы зімовае харчаванне гэтых соў у Брэсце, натыкнуўся на металічнае кольца, якім (дадзеныя Цэнтра кальцавання птушак РБ) была толькі месяц назад акальцавана маладая самачка амялушкі ў Фінляндыі.
Але шанцы ёсць! І менавіта з надзеяй на іх я выпускаў свайго нявольніка з клеткі ў прыроду. Выпускаў і думаў,  як ён зусім хутка, ужо ў красавіку-маі, накіруецца ў далёкае падарожжа, назад да месцаў, дзе ён нарадзіўся.
Таму дапамагаць трэба іншаземцам! Яны ж нічога не ведаюць пра нашы месцы. А  пярнатым іншаземцам тым больш. Жывем жа мы зусім не ў розных краінах, а на адной планеце.
Дзяніс КІЦЕЛЬ, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!