Спадчына: «Піліпаўскія папрадухі» на Маларытчыне

Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці працуе з 1998г. як Замшанскі Дом творчасці. У 2001г. ён “прапісаўся” ў Маларыце і атрымаў сваю цяперашнюю назву.

 — За час дзейнасці цэнтра, — адзначае ды­рэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай твор­часці Валянціна Струнец, — было выяўлена 150 народных умельцаў і адроджана больш за 20 відаў рамёстваў і промыслаў, якія бытавалі на тэрыторыі раёна. Аднак прыярытэтным накірункам дзейнасці цэнтра з’яўляецца захаванне і развіццё ткацтва.

Ва ўстанове склаліся і пры­жыліся свае традыцыі. Адна з іх – вячоркі-пасядзелкі “Піліпаўскія папрадухі”. Яны праводзяцца штогод у пачатку Піліпаўскага посту для ўдзельнікаў гуртка “Саламяныя цуды” і клубаў па інтарэсах “Лянок”, “Чароўная нітачка”, “Прыродная майстэрня” і “Каляровыя пацеркі”.

– «Піліпаўскія папрадухі» – забытая традыцыя, якая раней была пашырана на Маларытчыне, –  гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – З наступленнем Піліпаўскага посту асноўным жаночым абавязкам было пра­дзенне. Большую частку апрацаванага лёну імкнуліся спрасці да пачатку Каляд.

Валянціна Струнец і яе калегі Людміла Сакалюк, Ала Назарук, Святлана Луцык імкнуцца максімальна рэканструяваць  і наблізіць вячоркі-пасядзелкі да тых,  што  былі ў нашых продкаў. Атрымліваецца цікавае і неза­быўнае дзейства.

Як і ў даўніну,  падчас вячорак-пасядзелак былі жарты, загадкі, народныя гульні і песні…Закончылася мерапрыемства “салодкім” сталом.

Уражанняў ва ўдзельнікаў папрадух не на адзін дзень і ад самой атмасферы мерапрыемтсва, і ад таго, як мерна круціцца і ледзь улоўна стукае калясо калаўрота. Здаецца, што ўецца доўгая нітка жывой повязі мінулага і сучаснага.

Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: «Піліпаўскія па­прадухі» ў Маларыцкім  раённым цэнтры народнай творчасці.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.