Жизнь в глубинке: Грушка — деревня лесная (Малорита)

Схаваўшыся ад чужога вока ў засені шматвяковых дубоў ды ялін, за некалькі кіламетраў ад аўтатрасы стаіць не­вялічкая вёсачка з прыгожай назвай Грушка. Аднойчы трапіўшы сюды, вы абавязкова застанецеся пад уражаннем ад маўклівай задуменнасці грушкаўскіх падворкаў, ад сціпласці восеньскіх фарбаў лістапада: там-сям на падворках дагараюць чырвоныя гронкі няспешчаных сонцам арабін.

Цішыня звонкая і бясконцая… Здаецца, нават чутно, як недзе на другім канцы вёскі бразнула вядро. Халаднаватае паветра, настоенае на аксамітавым водары хвоі ўперамешку з пахам прэлай лістоты, прыпраўленае прымессю дыму,  што струменіць дзе-нідзе з комінаў самотных хацін, прыемна казыча ў носе. У наваколлі лунае пах позняй восені, які вяртае ў далёкае і незваротнае дзяцінства, нагадвае маленькую радзіму – менавіта такую сціплую і спрацаваную вёсачку, згубленую сярод бяскрайніх і велічных палескіх краявідаў.

У кожнага з нас ёсць свае вытокі, свае карані. І дзе б мы ні жылі, у тлумных мегаполісах ці маленькіх гарадах,  рана ці позна, але голас сэрца, а можа, генетычная памяць, пакліча-павабіць да роднага бацькоўскага парога, да цёплай утульнай матулінай хаты. Ведаю многа такіх лю­дзей,  паспяховых і не вельмі,  якія аднойчы, пакінуўшы гарадскія кватэры з выгодамі, з радасцю вярталіся на сваю маленькую радзіму. І, як ні дзіўна, адчувалі сябе вельмі шчаслівымі, таму што ўсе мы родам з вёскі. І гэтая повязь з роднай зямлёй не перарвецца ніколі. Вяскоўцы бліжэй да Бога, таму што яны – дзеці зямлі, якія наталяюцца яе гаючай сілай.

Крыху больш за 60 гадоў жыве ў сваёй роднай вёсачцы Грушка Галіна Сцяпанаўна Коцелева. Мясціны тут маляўнічыя, хоць і вельмі самотныя. Зараз у вёсцы пражывае 35 чалавек. Бабуля Галіна — адна з самых маладых і вельмі адказная. На працягу трох гадоў яна — стараста вёскі. Калі што дзе не так,  жанчына адразу тэлефануе старшыні Лукаўскага сельвыканкама Алене Марук і дакладвае аб праблемах і пытаннях, што хвалююць жыхароў Грушкі.

— Самай старэйшай жыхарцы Марыі Сцяпанаўне Арыхціюк 92 гады, — расказвае Галіна Сцяпанаўна. – Бабульку даглядае сацыяльны работнік. Але ўсё роўна баліць маё сэрца, то супчыку Марыі Сцяпанаўне аднясу, то грубку ёй прагрэю. Ведаеце,  сябровак блізкіх у мяне няма,  памерлі ўжо. Такі ўжо закон жыцця: старыя адыходзяць у іншы свет, саступаючы месца маладым. Кажуць, што наша Грушка аджыла сваё, сыходзіць у нябыт. Толькі я з гэтым меркаваннем ніяк не пагаджуся. Вось нядаўна дзве маладыя сям’і набылі ўчасткі, пачнуць будавацца. Значыць, будучыня ў Грушкі ёсць.

Галіна Сцяпанаўна ў Грушцы нарадзілася, расла, замуж тут пайшла за мясцовага хлопца, бадай што суседа. 28 гадоў яны пражылі разам.

— Жылі, працавалі, на цяжкасці не скардзіліся, — працягвае гаворку жанчына. – Шчыравала даяркай у мясцовым калгасе “Чырвоны партызан”. Муж быў трактарыстам у Кобрынскім лясгасе. Трымалі ўласную гаспадарку, завіхаліся ў полі. Паднялі на ногі і вывелі ў свет з мужам дваіх дачушак. Зараз радуюся ўнукам.

Не цуралася Галіна Коцелева ніякай работы.Яна ўсюды паспявала: і парадак у хаце навесці, і па гаспадарцы ўправіцца, і агарод дагледзець так, што анідзе пустазелля не відаць. Быў час, калі ў хаце і на падворку вырошчвала мноства кветак. Жоўтыя, ружовыя, чырвоныя бутоны нарцысаў, півоняў, вяргіняў, мальваў і хрызантэм радавалі вока з ранняй вясны да позняй восені. А калі выпадала вольная хвілінка,  яна бралася за вышыўку ці на прутках вязала прыгожыя і далікатныя рэчы. “Цяпер ужо не тое, — кажа жанчына. – Гады бяруць сваё”. Тым не менш,  пакоі ў хаце жанчыны ўпрыгожваюць шматлікія вышыванкі і  вазоны, за якімі яна, нібыта за малымі дзецьмі, з пяшчотай даглядае. А яшчэ Галіна Сцяпанаўна па старадаўнім рэцэпце пячэ духмяны хлеб.

— Хлеб пячы навучыла мя­не свяк­роў, — кажа Галіна Сцяпа­наўна.

Бабуля пячэ духмяныя боханы хлеба без дражджэй. Такі хлеб яшчэ ў народзе называюць “жывым”. Цеста Галіна Сцяпанаўна рашчыняе з двух гатункаў мукі і выпякае боханы,  як калісьці,  на дубовых лістах. Галіна Сцяпанаўна запрашае наведацца нас у госці на наступны дзень,  калі яна будзе пячы хлеб.

— Прыязджайце заўтра, — гаворыць кабета. – Сёння я толькі прасеяла муку, а ўжо заўтра запалю ў печы. Цэлае лета не пякла хлеб,  купляла ў аўталаўцы, якая заязджае ў Грушку тры разы на тыдзень. Усё ж  такі хлеб, спечаны ў печы, намнога смачнейшы, чым набыты ў краме.

— Ці не страшна жыць адной у хаце? – пытаюся ў бабулькі.

— Чаго мне баяцца? – усмі­хаючыся,  адказвае жанчына. – Я тут век пражыла, нікога і нічога не баялася. Ды і не адна я тут. Дзеці з унукамі часта наведваюцца. Ёсць у мяне памочнік – сабака па мянушцы Бім. Ра-зам час бавім. Дарэчы, колькі сябе памятаю,  выпісваю і чытаю «раёнку». Карыстаюся паслугамі бібліобуса, супрацоўнікі якога прывозяць нам цікавыя кніжкі на любы густ.                                             

На падворку развітваемся з гаспадыняй гасціннай сядзібы. Звонкім, залівістым брэхам праводзіць нас у дарогу Бім.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.