ВЫНІКІ МІНУЛАГА І СЭНС БУДУЧАГА

ацанілі на сходзе ў СВК “Арэхава”
Арэхаўскі куток – спрыяльны край для жыцця, працы і адпачынку. Для гэтага тут ёсць усё: амаль самая высокая ў раёне бальнасць зямлі (больш за 31 бал), многае зроблена і робіцца па рэканструкцыі вытворчых аб’ектаў, асабліва ферм, шмат пабудавана жылля, летась у Арэхава “прыйшоў” газ, з’явіліся новыя лініі электраперадач, многае прадпрымаецца па навядзенню парадку: зносяцца старыя дамы, аварыйныя дрэвы, на іх месцах вырастаюць новыя, ёсць возера і г.д. Арэхаўчане, несумненна, адчулі паляпшэнне якасці жыцця. Што датычыцца непасрэдна працаўнікоў мясцовага сельгаскааператыва, а працуе тут 150 чалавек, то згодна з калектыўным дагаворам яны карыстаюцца многімі льготамі – ім прадугледжаны дадатковыя кампенсацыі і выплаты, матэрыяльныя дапамогі ў сувязі з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, льготы па аплаце за апрацоўку прысядзібных участкаў, грашовыя выплаты пры ўшанаванні юбіляраў і г.д.
Але ж  жыццё не прадугледжвае гульню ў адны вароты. Каб карыстацца дабротамі, іх трэба зарабіць выніковай працай і развіваць іх далей. Яны напрамую залежаць ад эканамічнага развіцця гаспадаркі. А вынікі мінулага года, ацэнка якім была дадзена ў дакладзе старшыні Мікалая Пакроўскага і спецыялістаў, яшчэ вельмі і вельмі не такія, якія сёння павінны адпавядаць узроўню дастойнай зарплаты. Прыбаўленні ў вазе жывёлы, напрыклад, не дасягнулі 500 грамаў, тут яшчэ пануе час чатырохтысячніц, хаця ў іншых гаспадарках раёна штурмуюць ужо 6-7 тысячныя рубяжы па надоях малака ад каровы, ура­джайнасць зерневых на ўзроўні 20 цэнтнераў з гектара, страты ад продажу нізкагатунковага малака зашкальваюць – 265 мільёнаў склалі яны летась, а гэта роўна месячнай зарплаце калектыву СВК і месячнай патрэбнасці ў паліве.
Мікалай Яўгенавіч зрабіў грунтоў­ны аналіз прычын, якія перашка­джалі добрасумленнай працы. Зразумела, былі і аб’ектыўныя. Але найбольш кіраўнік спыняўся на чалавечым фактары. Узяць, напрыклад, тую ж  якасць малака.
— У вымені каровы,  — гаварыў Мікалай Яўгенавіч, — малако знахо­дзіцца экстра-класа. А трапляе на перапрацоўку нізкагатунковым ужо. Значыць, у гэтым ланцужку дзесьці нехта шкодзіць.
Адным з тармазоў работы кіраўнік назваў і прыніжаную адказнасць за ўтрыманне маладняку, п’янства на рабочых месцах вартаўнікоў. Шмат паліва раскрадалася, “дзякуючы” прыпіскам тых спецыялістаў, якія падпісвалі пуцявыя лісты. Мікалай Яўгенавіч не саромеўся называць прозвішчы нядбайных.
Так, час такіх,  хто да грамадскага адносіцца абыякава, а атрымліваць дастойную зарплату хоча, прайшоў. Цяпер, калі сельская гаспадарка трымае курс і надалей на пераўзбраенне, патрабуюцца новыя падыходы. Калектыву патрэбны ініцыятыўныя, адказныя людзі, якія не баяцца ўнікаць у сучасныя тэхналогіі. Ад спецыялістаў патрабуецца арганізаванасць для таго, каб своечасова праводзіць усе работы, бо новая сучасная энергаёмістая тэхніка для гэтага і прызначана.
— Трэба працаваць, — гаварыў, звяртаючыся да прысутных у зале, Мікалай Пакроўскі. — Рыначныя ўмовы эканомікі ставяць ультыматум: быць ці не быць гаспадарцы. І калі мы не навучымся думаць і працаваць па-новаму, не выжывем.
Вось чаму на сходзе ўшаноўвалі лепшых і ў такой намінацыі: “За адказнасць і добрасумленнасць у рабоце”. Менавіта такія рысы працаўніка, лічаць у гаспадарцы, павінны спрыяць добрым вынікам.
Курс на новую пяцігодку з’арыентаваны так, каб да канца яе ў гаспадарцы было 3000 галоў жывёлы, а валавы збор зерня складаў 3500 тон. Лічбы дасягальныя ў тым выпадку, калі будзе працаваць кожны кавалачак зямлі. Зямельнае пытанне на сённяшні дзень стаіць тут востра – многія ўчасткі , прычым калісьці самыя прадуктыўныя, пераўвільготнены. Яны не даюць аддачу. У планах – рамонт іх. Скажам, ужо ў сакавіку пачнуцца меліярацыйныя работы ва ўрочышчы “Кабялкі” на плошчы 158 га, і завершыцца меліярацыя ў кастрычніку г.г. Работы будуць праводзіцца таксама і на іншых землях.
На справаздачным сходзе былі падведзены вынікі не толькі ў вытворчай сферы. Прычыны, якія перашкаджаюць сельгаскааператыву нармальна развівацца, аналізавалі і старшыня Арэхаўскага сельвыканкама Пётр Ківачук, і намеснік начальніка раённага аддзела МНС Сяргей Бубніковіч, і ўчастковы інспектар Леанід Гірылюк. На сходзе выступілі таксама дырэктар школы Лідзія Бягеза, настаяцель Арэхаўскага храма айцец Анатоль, галоўны ветурач раёна Ніна Крупская, кіраўнік спраў аблвыканкама Антон Стэльмах.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: Мікалай ПАКРОЎСКІ ўзнагароджвае даярку Наталлю Луцык, якая адна з двух аператараў машыннага даення СВК атрымала па 6140 кілаграмаў малака ад каровы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!