За 5 гадоў — у пяцёрку лепшых у вобласці

такую планку вызначыў для сябе калектыў «Савушкіна» на справаздачным сходзе, удзел у якім прыняў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар.
— Можна сказаць, што ў гісторыі гаспадаркі 2010 год быў самым няўдалым, — заўважыў, падводзячы ў справаздачным дакладзе вынікі работы прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Савушкіна»,   яго кіраўнік Пётр Яцура.
Паказчыкі па росту вытворчасці валавой прадукцыі і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі,  гаварыў ён, гаспадарка не выканала. Недаатрымалі олтушцы зерня, з 45 у 2009-ым да 33,5 цэнтнераў з гектара паменшылася летась ураджайнасць зерневых. Прычынай таго, што не ўдалося дасягнуць запланаванага,  у першую чаргу стала надвор’е. 430 гектараў, а гэта больш за палову плошчаў, на якіх былі пасеяны азімыя,  давялося перасяваць,  а на многія нізкія ўчасткі тэхніка ўвогуле не ўвайшла. На ўраджаі адбіліся і летняя засуха, і жнівеньскія ліўні. У выніку ўборачныя плошчы зерневых зменшыліся на 82 гектары. У той жа час гаспадарка атрымала нядрэнны ўраджай рапсу. Гэтая культура аказалася летась для сельгаспрадпрыемства рэнтабельнай. Нядрэнна спрацавала “Савушкіна” і ў нарыхтоўцы кармоў. На адну ўмоўную галаву жывёлы было нарыхтавана па 32 цэнтнеры травяністых кармоў, што на 7,5 цэнтнера больш, чым у папярэднім годзе. Але нарыхтаваць кармы – гэта адно, а забяспечыць іх якасць зімою — зусім іншае. А ў гэтым пытанні, як прызнавалі ў сваіх выступленнях і дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства Пётр Яцура, і галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Гусак, ёсць яшчэ недапрацоўкі. Недастатковая збалансаванасць кармоў, кадравая праблема зоаветэрынарнай службы, пралікі ў арганізацыі працы адыгралі сваю ролю. У выніку больш чым на тону, у параўнанні з годам папярэднім, знізіўся валавы надой малака, меншай (6875 кг – у 2009 г; 6771 кг – у 2010 г.) стала прадуктыўнасць кароў. Каб не знізіць эфектыўнасць вытворчасці, як падкрэслівалася ў справа­здачным дакладзе, былі прыняты неадкладныя меры па паляпшэнні якасці таварнай прадукцыі. У выніку экстра-класам было прададзена 56,22% малака, 40% — вышэйшым гатункам. Палепшылася таварнасць малака, павысілася яго тлустасць. А разам з тым павялічылася і сярэдняя цана рэалізацыі,  што дазволіла павялічыць на 16,7% выручку ад рэалізацыі малака,  яго рэнтабельнасць.
Агучыў кіраўнік прадпрыемства ў сваёй справаздачы і пралікі ў аднаўленні статка. На 100 кароў у “Савушкіна” атрымалі толькі 78 цялят. Прычына гэтага,  як аналізавала сітуацыю галоўны заатэхнік Таццяна Хаванская, хаваецца ў кадравай праблеме. Пошук тэхнікаў-асемянатараў і ўрачоў-гінеколагаў сярод выпускнікоў навучальных устаноў выніку не даў. Прыезджыя маладыя спецыялісты надоўга не затрымліваліся. А таму вырашылі закрыць гэтую праблему такім чынам: рыхтаваць свае кадры. Цяпер, калі створана нядрэннае звяно зоаветспецыялістаў, ёсць надзея, як адзначалася ў выступленні, на добрыя вынікі. 
Каб не спыняцца на дасягнутым, развівацца далей, каб захаваць усё, што было напрацавана ў малочнай вытворчасці ў папярэднія гады, прадпрыемству нельга зніжаць тэмпы, дапускаць памылкі, заўважыў, уключыўшыся ў гутарку, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, які прыняў удзел у справаздачным схо­дзе. Асноўную ўвагу ён засяродзіў на неабходнасці выпрацаваць у кожнага работніка пачуццё ўласніка, бо толькі калі кожны,  ад механізатара і жывёлавода да старшыні гаспадаркі, будзе адчуваць сваю асабістую адказнасць за пралікі ўсяго прадпрыемства, атрымаецца працаваць эфектыўна. Галоўным стымулам пачуцця ўласнасці павінна стаць, падкрэсліў губернатар, аплата працы, прычым абавязкова з улікам якасці. На прадпрыемстве даўно распрацавана сістэма стымулявання па канчатковым выніку працы. Гэтую сістэму, як адзначалася ў выступленні, трэба перагледзець, выпрацаваўшы сваю стратэгію. Гэта дапаможа прымножыць дасягнутае. А дасягнута прадпрыемствам нямала. Як сведчаць вынікі мінулай пяцігодкі, “Савушкіна” ў 2,4 раза выканала заданне па вытворчасці малака, у 1,9 раза – па вытворчасці мяса, у 1,5 раза павялічыла вытворчасць зерня, у 1,7 раза ўзраслі надоі.Сярод 265 гаспадарак вобласці па надоях на адну карову прадпрыемства займае 11 месца,  па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе выйшла на чацвёртае.
Новую пяцігодку,  якая з’яўляецца пяцігодкай якасці, як гаварыў на справаздачным сходзе генеральны дырэктар ААТ “Савушкін прадукт” Аляксандр Саўчыц, трэба пачынаць з яшчэ большай адказнасцю за якасць работы. Сёлета ў гаспадарцы будзе дабудавана яшчэ адна ферма еўрапейскага стандарту, гэта дапаможа павялічыць пагалоўе і дасць новыя магчымасці ў вытворчасці малака. Новыя аб’ёмы ў жывёлагадоўлі патрабуюць і новых аб’ёмаў у раслінаводстве. Каб забяспечыць патрэбы прадпрыемства, генеральны дырэктар паабяцаў дапамагчы олтушцам набыць новую тэхніку.
А  вось  рыхтаваць новыя кадры для гаспадаркі,  нацэльваючы выпуск­нікоў на паступленне ў навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, абяцала ў сваім выступленні дырэктар Олтушскай СШ Наталля Зезюкова. 18 з 46 выпускнікоў школы за апошнія два гады абралі для паступлення менавіта сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы. Многія з цяперашніх студэнтаў, магчыма, вернуцца назад, у Олтуш, бо ў гаспадарцы можна бясплатна атрымаць жыллё (пабудавана ўжо 83 дамы, яшчэ 15 будуюцца сёлета),  сярэдняя заработная плата складае больш за 860 тысяч рублёў, а з 1 лютага працаўнікоў прадпрыемства чакае значнае яе павелічэнне, у аграгарадку створаны дастойныя ўмовы жыцця і быту.
На сходзе былі абмеркаваны многія надзённыя праблемы жыцця вяскоўцаў. У абмеркаванні іх удзельнічалі старшыня Олтушскага сельвыканкама Адам Бідзюра, начальнік райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр Мельнік. Удзел у справаздачным сходзе прыняў і старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Словы падзякі ў свой адрас пачулі на сходзе многія працаўнікі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна”, а лепшыя з лепшых атрымалі граматы і прэміі.
За пяць гадоў трапіць у пяцёрку лепшых у вобласці па вытворчасці малака – такую задачу паставіў перад сабой калектыў “Савушкіна” на новую пяцігодку. Для дасягнення мэты ёсць тут усё неабходнае,  і ў першую чаргу малады калектыў (сярэдні ўзрост працаўнікоў прадпрыемства 35-40 гадоў), працаздольнае звяно адукаваных спецыялістаў, неабходная энерганасычаная тэхніка, якой на такім узроўні не забяспечана ніводная гаспадарка раёна. Трэба толькі, каб была зацікаўленасць калектыву: усіх разам і кожнага паасобку.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час справаздачнага сходу ў прыватным унітарным прадпрыемстве “Савушкіна”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!