Усе гукі раяля Маргарыты Рэянтовіч

Маргарыце Рэянтовіч зала апладзіравала стоячы. У яе руках – ахапак кветак, на вачах – слёзы радасці і шчасця. А да вуха далятаюць словы падзякі і ўдзячнасці ад  вучняў, іх бацькоў, калег. Так закончыўся ў Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў справаздачны канцэрт “Яго вялікасць раяль” класа, у якім выкладае Маргарыта Сяргееўна.

Цудоўная класічная і сучасная музыка, якая выконвалася падчас мерапрыемства, нікога не пакінула абыякавым. Усіх яна кранула за сэрца. У гучанні музыкі кожны знаходзіў сваё, патаемнае і жаданае. Яна вярэдзіла ўспаміны і нават абнадзейвала.

Музыка то шырылася, станавілася гучнейшай, то цішэла, гучала ледзь улоўна і стварала асаблівую атмасферу  чароўнасці і святочнасці. Гледачы заміралі, калі на сцэну выходзіў чарговы выканаўца,  і чакалі,  калі  прыемныя гукі раяля напоўняць залу.

 

– Мне шанцуе на дзяцей, – гаворыць Маргарыта Рэянтовіч. – Я спрабую даць ім глыбокія, трывалыя і грунтоўныя веды, пастаянна замацоўваю набытыя ўменні, навыкі, далучаю іх да прыгожага, чароўнага і таямнічага свету музыкі.

У класе Маргарыты Рэянтовіч цяпер займаецца 14 дзяцей. Усе яны адказныя, актыўныя, творчыя і таленавітыя. Юныя артысты пастаянна ўдасканальваюць сваё выканаўчае майстэрства, надаючы яму новыя рысы, адценні і адметнасці. Адсюль і заслужаныя вынікі. Чаму ўжо змагла навучыць Маргарыта Сяргееўна сваіх вучняў? Адказ на гэтае пытанне якраз і даў справаздачны канцэрт, які, дарэчы, настаўніца сама зрэжысіравала і правяла.

Падчас яго выступалі ўсе “дзеці” Маргарыты Рэянтовіч: і сольна, і ў ансамблі. Усе нумары былі абыграны і гукам, і светам. Кожны вучань перад выступленнем, якое суправаджалася паказам відэаслайдаў, чытаў на памяць верш. У праграме былі  інструментальныя ансамблі з цымбаламі і скрыпкай, а таксама квартэты і нават квінтэты за адным інструментам.

Між іншым, справаздачны канцэрт адкрыла Маргарыта Рэянтовіч, сыграўшы з Алай Кавалевіч “Канцэрт № 1” Пятра Чайкоўскага,  а закончыла яго, пара­даваўшы прысутных разам з Анжэлай Жукліной, Сяргеем Швайко і Алай Кавалевіч выкананнем папуры на тэмы савецкіх кампазітараў “Залатыя мелодыі савецкіх камедый”.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.