Замахнуліся на Месяц

На базе Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя быў праведзены XV рэспубліканскі конкурс даследчых работ (канферэнцыя) навучэнцаў па астраноміі, біялогіі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы, хіміі. Яго арганізатарамі выступілі: Міністэрства адукацыі краіны, БДУ, упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама. Ад Брэстчыны на гэтай канферэнцыі было прадстаўлена толькі 8 работ, у іх ліку – даследаванне вучняў Ляхавецкага я/с-СШ Сяргея Кульбеды (8 клас) і Аляксандра Курдзюка (9 клас). Хлопцы займаюцца ў гуртку “Хачу ўсё ведаць”, якім кіруе Іван Кульбеда. Да рэспубліканскіх спаборніцтваў яны падрых­тавалі працу “Селенаграфія”, над якой працавалі не адзін месяц. Яна і трапіла ў секцыю “Астраномія”, куды было адабрана толькі 25 лепшых даследаванняў юных навукоўцаў з усёй краіны, дасланых на інтэлектуальнае спаборніцтва.
– Селенаграфія, – кажа Іван Рыгоравіч, – гэта галіна астрафізікі, якая вывучае рэльеф і прыроду паверхні Месяца. Работа мела некалькі мэт, сярод іх – навучыцца знаходзіць на Месяцы аб’екты, паказаныя на карце, вызначаць мора, кратар… Акрамя таго, мы назіралі за рэльефам нябеснага цела ў розных яго фазах.
Работу перад журы, куды ўваходзілі навукоўцы мінскіх ВНУ і прадстаўнікі абсерваторыі БДУ, абараняў Сяргей Кульбеда. За 7 хвілін выступлення з дакладам ён расказаў пра даследаванне, засяродзіў увагу на асноўных момантах, пазнаёміў з метадамі, якія былі выкарыстаны ў час працы, з эксперыментальнымі дадзенымі, а пасля адказаў на пытанні камісіі. Журы, між іншым, пацікавілася ў хлопца: “Якога колеру будзе на зямлі грунт з Месяца?” Сяргей адказаў правільна: “Чорнага”, чым і здзівіў прысутных. Акрамя таго, удзел у конкурсе прадугледжваў стварэнне навукова-папулярнага фільма па тэме работы, які з’яўляецца яе часткай.
Навукова-даследчая работа Сяргея і Аляксандра атрымала станоўчыя водгукі і была адзначана дыпломам ІІІ ступені, за подпісам намесніка міністра адукацыі К.Фарыно.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: юныя даследчыкі Сяргей Кульбеда і Аляксандр Курдзюк з Іванам Кульбедам, сваім навуковым кіраўніком.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий