Ураўнілаўка — не стымул

Калі б старшыня райвыканкама Казімір Лапіч не задаў размове патрэбны ход, яна, напэўна, была б не канкрэтнай і не грунтоўнай. Бо сам дакладчык, старшы­ня праўлення СВК «Ха­ціс­лаўскі» Васіль Піш­чык, не нацэліў людзей на такую размову: не былі прааналізаваны прычыны вытворчых няўдач, не дадзена ацэнка работы кожнага са спецыялістаў, не названы канкрэтныя прозвішчы тых, па чыёй віне гаспадарка летась “змінусавала” па ўсіх паказчыках, за выключэннем вытворчасці рапсу. Не назваў старшыня і тыя меры, якія будуць прымацца ў гаспадарцы, каб яна выйшла з той складанай сітуацыі, у якой знаходзіцца цяпер.
Суцэльныя мінусы ў мінулым годзе, вядома ж, не маглі ад­моўна не адбіцца і на фінансавым становішчы СВК і ў цэлым за пяцігодку. За 5 апошніх гадоў у  Хаціславе недаатрымалі 2,3 мільярда рублёў. А такая сума грошай якраз спатрэбілася б для вырашэння праблемы набыцця корманарыхтоўчай тэхнікі, якой у гаспадарцы не хапае. Між іншым, як удакладнілі спецыялісты райсельгасхарчу, хаціслаўцы прайгралі самі сабе роўна 2 “Ягуары”.
Дык хто ці што вінаваты ў нізкай эфектыўнасці вытворчасці ў “Хаціс­лаўскім”? Чаму некалі эканамічна моцная гаспадарка, адна з лепшых у раёне, цяпер займае далёка не перадавыя пазіцыі?
Большасць прычын гэтага, калі аналізаваць усе выступленні на сходзе, хаваецца ў суб’ектыўным фактары. Чым славіўся і быў моцным некалі Хаціслаў? Сваімі слаўнымі і моцнымі спецыялістамі. Яны былі вопытныя, з багатай практыкай, вельмі адказныя самі і патрабавальныя да іншых. На жаль, маладыя (не ў крыўду будзе ім сказана) не сталі той раўназначнай заменай старым кадрам, якая б не дала ніякіх выдаткаў. Канкрэтны прыклад у пацвярджэнне. Летась з-за парушэння тэхналогіі вырошчвання кукурузы, а менавіта з-за парушэння высеву яе, гаспадарка недаатрымала 453 мільёны рублёў. Ураджайнасць гэтай культуры склала ўсяго толькі 180 цэнтнераў з гектара. А гэта значыць, недапрацавала агранамічная служба на чале з галоўным аграномам Андрэем Курдзюком. Пралікі і агрэхі ў агранаміі далі адпаведна збоі і пралікі і ў жывёлагадоўлі. Недаатрымана малака, мяса, 20% кароў не далі прыплоду (а гэта больш чым 600 цялят). І цяпер гаспадарка мінусуе па надоях малака на цэлы кілаграм.
Ды і тая прадукцыя жывёлагадоўлі, што атрымана, нізкай якасці. Скажам, СВК прадаў летась дзяржаве толькі 35% малака вышэйшым гатункам, пра экстра-клас і гаварыць няма чаго. А гэта яшчэ мінус 500 мільёнаў рублёў. Можна тут гаварыць аб многім, але якасць малака найперш залежыць ад добрасумленнасці аператараў машыннага даення. Ці зацікаўлены яны ў атрыманні высокагатунковай прадукцыі? Не, бо ў гаспадарцы аднолькава плацяць усім аператарам.
— А чаму не зрабіць так, — правільна гаварыў старшыня райвыканкама, — каб даярка атрымлівала ў два разы больш за якаснае малако, чым за бруднае? Матэрыяльны стымул спрацаваў бы эфектыўна і ў час закладкі кармоў, калі б механізатар атрымліваў дадатковае ўзнагароджанне за якасць іх. Паверце, — працягваў Казімір Віктаравіч, — ён тады б не думаў, каб проста адпрацаваць 8 гадзін і ўсё. А стараўся б, бо ведаў бы, што якасныя кармы – гэта яго зарплата.
 Удалося тэхніку-асемянатару дабіцца 100-працэнтнага аднаўлення статка, — гаварыў кіраў­нік раёна, — аддзячце гэтаму спецыялісту таксама добрым рублём. Ураўнілаўка не пабу­джае чалавека працаваць з поўнай аддачай.
Дарэчы, выступаючы на сходзе, спецыялісты СВК не давалі канкрэтных адказаў на пытанні, як выйсці з той складанай сітуацыі, што склалася. А гэта лішні раз даказвае, што яны самі не бачаць канкрэтных шляхоў павышэння эфектыўнасці работы сельгаскааператыву, пра што гаварыў і старшыня абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Сцяпан Радкавец, які прысутнічаў і выступаў на сходзе. А задачы на пяцігодку ставяцца яшчэ большыя.
— У вашай гаспадарцы на аднаго працаўніка летась было выраблена прадукцыі на 32,8 мільёна рублёў (у сярэд­нім па раёне гэты паказчык складае 39, а ў СВК “Дарапеевічы” – 52 мільёны рублёў — аўтар). Да канца пяцігодкі гэтая лічба павінна дасягнуць 100 мільёнаў рублёў. Старшыня райвыканкама правільна гаварыў, — заўважаў Сця­­пан Рыгоравіч, — што асноўнымі вашымі рэзервамі былі і застаюцца людзі, чалавечы фактар, а значыць трэба цалкам перагледзець пытанні стымулявання працы.
Калі аб’ектыўна, дык нельга спісваць з рахунку і той факт, што будучае гаспадаркі залежыць не толькі ад суб’ектыўных фактараў, але і ад вырашэння пытання рэканструкцыі меліяраваных зямель, на чым засяродзіў увагу ў сваім выступленні былы старшыня калгаса “Запаветы Леніна” Леанід Іванавіч Ляонаў.
— Меліярацыя, як вядома, праводзілася ў нас у 60-70 гады. Таму настаў час пераўладкоўваць меліяраваныя землі. Яны не могуць сёння працаваць эфектыўна. А такіх зямель у гаспадарцы 1800 га, што складае чацвёртую частку ад усіх.
Як удакладніў Казімір Лапіч, праблема воднага рэжыму характэрная не толькі для аднаго “Хаціслаўскага”, але і для многіх гаспадарак раёна. Ведаюць пра яе і ў вобласці, таму ў будучым яна, вядома ж, абавязкова будзе вырашацца.
Начальнік райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр Мельнік, які таксама прысутнічаў і выступаў на сходзе, канстатаваў факты, што пацвярджаюць: не выкаранены ў кааператыве парушэнні працоўнай дысцыпліны, антыалкагольнага заканадаўства. 6 механізатараў СВК летась былі прыцягнуты да адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым стане, прычым двое з іх за кіраванне транспартам кааператыва. Ды і наогул, гаварыў Аляксандр Дзмітрыевіч, п’янства па-ранейшаму застаецца балючай праблемай, з-за чаго грамадства нясе велізарныя маральныя страты.
Члены кааператыва прагаласавалі за тое, каб работу праўлення СВК прызнаць здавальняючай. Але, думаецца, што кіраўніцтва гаспадаркі добра ўсведамляе: такая ацэнка пастаўлена авансам. А гэта значыць, трэба шмат і шмат працаваць, каб апраўдаць давер людзей.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час сходу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!