20 гадоў Дому народнай творчасці Маларыцкага раёна

     Дваццаць гадоў та­му на творчым небасхіле Маларытчыны з’явіўся Дом народнай творчасці. Ён быў адкрыты 1 студзеня 1998 года ў в.Замшаны (пер­шы дырэктар Сцяпан Пятровіч Серада), але ўжо ў чэрвені 2001 года перайменаваны ў раённы цэнтр народнай творчасці з месцам пастаяннай прапіскі ў былой друкарні райцэнтра (вул. Савецкая, д.38). Памятным для супрацоўнікаў стаў студзень 2013 года. Пасля капітальнага рамонту Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці зноў адчыніў дзверы. У ім з’явіліся дзве выставачныя залы. Асноўная прысвечана галоўнаму гонару рэгіёна – маларыцкаму народнаму касцюму, або Маларыцкаму строю канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Знайшлі тут сваё месца і старадаўнія фатаграфіі.

        У выставачнай зале “Так жылі бабулі, так жылі дзядулі” ў маі 2017 года з’явілася новая вялікая вітрына. У ёй цяпер размяшчаецца некалькі жаночых касцюмаў Маларыцкага строю адзення, якія набыты ў час экспедыцый у вёскі Замшаны, Збураж, Ра­дзеж, Мельнікі, Ляхаўцы, Дарапеевічы, Багуслаўка, і адзін мужчынскі касцюм з в.Збураж, а таксама розныя сельскагаспадарчыя прылады працы, якімі ў штодзённым побыце карысталіся нашы продкі.
       — Маларытчына – край та­ленавітых людзей, — кажа Вадзім Шпетны, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама.- Тое, што створана на гэтых землях, зацікавіла ўжо не аднаго спецыяліста. Спрадвеку на Маларытчыне развівалася матэрыяльная і духоўная культура, якая дасягнула сваіх вышынь. Пра гэта сведчаць экспанаты ў музеях, якія захоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна і раённым цэнтры народнай творчасці, а таксама яшчэ зберагаюцца памяццю тых, хто нарадзіўся ў мінулым стагоддзі. Аднак адно імя з гэтай кагорты ўсё ж такі варта ўзгадаць. Гэта наша сучасніца Сцепаніда Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы, ткачыха, першая і пакуль адзіная на Маларытчыне ўладальніца звання “Народны майстар Рэспублікі Беларусь” і грамадскага ордэна “За вернасць Бацькаўшчыне”, Гран-пры конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва “Палатняныя пераплёты”, які праводзіўся ў рамках ХХІІ фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” за аднаўленне тэхнікі ткацтва. Жанчына з’яўляецца дыпламанткай Ягелонскага кірмашу (Польшча) і VІ рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў “Вясновы букет”… Менавіта дзякуючы намаганням гэтай таленавітай і сціплай жанчыны была адноўлена ўнікальная тэхналогія ткацтва.
-Маларыцкі край з’яў­ляецца адным з самабытных рэгіё­наў Беларусі і лічыцца своеасаб­лівым запаведнікам традыцыйнай культуры, — гаворыць Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. — У мінулае разам са старажыламі адыходзяць народныя традыцыі і промыслы. Для таго, каб гэтага не адбылося, і быў створаны раённы цэнтр народнай творчасці. Цяпер установа займаецца вывучэннем і прапагандай традыцыйных і сучасных відаў рамёстваў. Сярод самых значных – гэта адроджаная старадаўняя тэхналогія ткацтва “кажушком”. Захоўваючы яе, а таксама колеравую гаму, узоры арнаменту Маларыцкага строю адзення на працягу не аднаго года спецыялісты Валянціна Струнец, Сцепаніда Сцепанюк, Ала Назарук, Святлана Луцык і Людміла Сакалюк працуюць над стварэннем арыгінальных узораў тканых вырабаў — мужчынскіх гальштукаў, сарочак, сумак, вясельных кашуль, розных фасонаў спадніц. Любоў да ткацтва — гэта таксама і пастаянны эксперымент, пошук новых форм, узораў, спалучэнняў колеру і фактуры. Ткацтва — вялікая частка нашай гісторыі і культуры, таму мы павінны ведаць, шанаваць, берагчы, захоўваць гэты від рамяства. Каб быць самабытнымі, не асімілявацца з іншымі народамі.
      — Дваццаць гадоў – узрост немалы. Што дасягнута за гэты час Маларыцкім раённым цэнтрам народнай творчасці?
        -Дасягненняў сапраўды многа, — кажа Наталля Галавій, дырэктар ДУК “Маларыцкі раённы цэнтр культуры. — За гады плённай дзейнасці калектыў цэнтра “знайшоў” амаль 150 народных умельцаў і адрадзіў больш за 20 відаў рамёстваў і промыслаў, якія бытуюць на тэрыторыі раёна.
         Пры Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці цяпер дзейнічае 7 клубаў народнай творчасці (з іх 2 – дзіцячыя): “Ткаля” “Лянок”, “Чароўная нітачка”, “Саламяныя цуды”, “Прыродная майстэрня”, “Каляровыя пацеркі”. Таксама плённа працуе раённы клуб майстроў народнай творчасці “Скарб талентаў” (кіраўнік Ала Назарук), які згуртоўвае 15 народных умельцаў і прыхільнікаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рознага ўзросту з г.Маларыты, а таксама вёсак Ужова, Хаціслаў і Дарапеевічы. Майстры народных рамёстваў на занятках навучаюць жыхароў раёна і самі таксама адначасова вучацца, удзельнічаючы ў выставах, пленэрах, фестывалях, майстар-класах… Калекцыя касцюмаў Маларыцкага строю адзення была прадстаўлена на выставе святкавання Дзён культуры Брэсцкай вобласці ў Калінінградскай вобласці (2014), падчас візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Туркменістан (2015), а таксама на рэспубліканскай выставе “Скарбніца Беларусі” (2016), прымеркаванай да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Вырабы майстроў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці таксама экспанаваліся на мерапрыемствах у Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Германіі…
         Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці праводзіць і іншыя масавыя мерапрыемствы: дні імянінніка, дзіцячыя ранішнікі, творчыя партрэты, вечары-сустрэчы, вячоркі-пасядзелкі, народныя святы, майстар-класы, экскурсіі…
         Як заканамерны вынік усёй праведзенай работы, у канцы красавіка 2017 года Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці ДУК “Маларыцкі раённы цэнтр культуры” за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці па выніках работы за 2016 год быў занесены на дошку Гонару Брэсцкай вобласці, узнагароджаны Ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй.
         Нягледзячы на дасягнутыя вынікі, калектыў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці не спыняецца на дасягнутым. Ва ўстанове толькі на першы погляд пануе цішыня. У двух з яго пакояў амаль штодзень працуюць кросны: “шумяць” бёрды, бегае паміж нітоў чаўнок. Паступова атрымліваецца ўзор, закладзены ў нітах…
        Мерна і нягучна стукаюць кросны. Рытм гэты нельга забыць, нельга ні з чым зблытаць, бо ён жывы, вечны, як само наша жыццё!
Мікалай НАВУМЧЫК.

НА ЗДЫМКУ: майстры народных рамёстваў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна СТРУНЕЦ, Святлана ЛУЦЫК, Ала НАЗАРУК і Людміла САКАЛЮК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.