Сіла рыцараў для абароны дам

Час для правядзення традыцыйнага “Рыцарскага турніру”, які штогод праходзіў напярэдадні свята абаронцаў Айчыны, арганізатары яго, а гэта аддзел па справах моладзі, раённы камітэт ГА “БРСМ”,  Кобрынска-Маларыцкая МРАС ДТСААФ і раённы аддзел адукацыі, абралі не традыцыйны, але вельмі сімвалічны. Сваю сілу і моц, сваю здольнасць заўжды прыйсці на дапамогу і абараніць слабага юнакі з Хаціслава, Макран, Радзежа, Арэхава, Олтуша, Ланской, Лукава, Ляхаўцаў,  Дарапеевічаў, Гвозніцы, Збуража, Чарнян, дзвюх гарадскіх школ і раённай гімназіі дэманстравалі менавіта напярэдадні галоўнага свята жанчын. Упершыню за 13 гадоў правядзення “Рыцарскага турніру” на спаборніцтвы сабралася 15 юнацкіх каманд. Сваю спартыўную загартоўку дэманстравалі хлопцы ў падцягванні на перакладзіне,  падыманні гіры, перацягванні каната,  трапнасць трэба было праявіць у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і дартсе, спрытнасць – у ваенізаванай эстафеце. Найлепшы вынік у падцягванні паказаў вучань СШ № 2 Павел Смірноў, першым у эстафеце быў Аляксандр Кулічык з Чарнянскай СШ, у падыманні гіры не было роўных Аляксею Жоху з раённай гімназіі і Аляксандру Новіку з СШ №1, самы трапны выстрал з пнеўматычнай вінтоўкі зрабіў Барыс Мрочка з раённай гімназіі, лепшым у дартсе быў Максім Шпетны з Ланской СШ, а самым кемлівым капітанам пры­знаны Павел Рачкоўскі з раённай гімназіі.
Перамогі ў асабістых заліках навучэнцаў раённай гімназіі далі магчымасць атрымаць агульнакамандную перамогу. У выніку пераходны кубак “Рыцарскага турніру” так і застаўся ў каманды раённай гімназіі – пераможцы мінулагодняга “Рыцарскага турніру”. На другое месца выйшлі юнакі з СШ № 2, на трэцяе – каманда СШ №1. Усе пераможцы атрымалі салодкія прызы. Вызначаны былі каманды-пераможцы і ў спаборніцтвах па стральбе. Першае месца тут зноў жа атрымалі вучні раённай гімназіі, другое і трэцяе месцы дасталіся адпаведна камандам з Макран і Хаціслава.
Падводзячы вынікі турніру, арганізатары яго выказалі шчырую ўдзячнасць за дапамогу кіраўніцтву гімназіі, на базе якой праводзіліся спаборніцтвы, а таксама настаўнікам фізічнай культуры Уладзіміру Сцяпанавічу і Уладзіміру Уладзіміравічу Яромкіным з раённай гімназіі і Анатолю Аляксандравічу Алесіку з Олтушскай СШ за справядлівае судзейства і дапамогу ў правядзенні спартыўных конкурсаў.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!