“ЖЫВАЯ КЛАСІКА” гучыць у Маларыце

       Фінал конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка” прайшоў на базе СШ №2 г.Маларыта. У ім прынялі ўдзел вучні 5-10 класаў устаноў адукацыі Маларытчыны. Яны прадстаўлялі чытанне ўрыўка ці твора на рускай мове паэтаў-юбіляраў 2017 года, вывучэнне якіх не ўваходзіць у школьную праграму па літаратуры. Кампетэнтнае журы ацэньвала створаны сцэнічны вобраз, інтанацыйную выразнасць мовы, правільнае літаратурнае вымаўленне, а таксама, ўмелае выкарыстанне мімікі, жэстаў, рухаў.


        Самымі папулярнымі пісьмен­нікамі, чые творы чыталі на памяць удзельнікі конкурсу, сталі Сяргей Маршак і Марына Цвятаева. Падчас творчага спаборніцтва гучалі таксама і вершы Уладзіміра Маякоўскага, Роберта Раждзественскага, Уладзіміра Высоцкага, Яўгена Яўтушэнкі, Рымы Казаковай і інш.
         Вынікі творчага спаборніцтва журы падвяло ў дзвюх узроставых катэгорыях. У першай з іх – “Вучні 5-7 класаў” – лепшым сярод 21 канкурсанта стала пранікнёнае выступленне Марыі Крэнь, вучаніцы 7 “А” класа раённай гімназіі. Другое месца заняла Дар’я Стасюк, шасцікласніца Хаціслаўскай СШ, трэцяе – Аляксандра Захарчук, вучаніца 5 класа Мельніцкай БШ. Дзяўчаты годна трымаліся на сцэне, зачараваўшы прысутных радкамі класікаў.


        – Журы цяжка было вызначыць лепшых чытальнікаў ва ўзроставай катэгорыі “Вучні 8-10 класаў”, – гаворыць Тамара Коцелева, метадыст Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. – Кожны з 30 удзельнікаў прадэманстраваў высокі ўзровень валодання прамоўніцкім мастацтвам і выдатна выступіў на сцэне, таму быў варты таго, каб яго імя прагучала ў ліку пераможцаў ці прызёраў.
         Аднак лепшымі чытальнікамі сярод вучняў 8-10 класаў сталі Таццяна Равінская, вучаніца 10 “Б” класа раённай гімназіі, і Кацярына Швайко, вучаніца 9 класа Чарнянскай СШ. Другое месца журы аднагалосна прысудзіла Ганне Мірчук, вучаніцы 8 класа Мельніцкай БШ, трэцяе – Анастасіі Січкарук, васьмікласніцы Макранскай СШ, і Ксеніі Курыловіч, вучаніцы 10 класа Арэхаўскай СШ. Акрамя таго, выступленне Дзмітрыя Самасюка, васьмікласніка СШ №1, адзначана пахвальным водзывам.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.