ПЫТАННЕ РУБЛЁМ

Большасць праблемных пытанняў, зададзеных у час “прамой лініі”, якую правёў у рэдакцыі намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка, датычылася дрэннага стану дарог. Але былі і іншыя. Ніжэй — справаздача з “прамой лініі”.
Аляксандр Струнец, г. Маларыта:
— На Лазках з левага боку ўзводзіцца новы квартал індывідуальнай забудовы. Колькасць насельніцтва тут хутка значна павялічыцца. Як вы лічыце, Эдуард Пятровіч, ці не была б тут мэтазгоднай новая гандлёвая кропка, бо жыхарам гэтай часткі Лазак далекавата дабірацца да магазіна, што ў цэнтры Лазак?
— У гэтым раёне плануецца пабудаваць магазін тавараў паўсядзённага попыту раённага спажывецкага таварыства, прычым, у бліжэйшай перспектыве.
— І яшчэ пытанне. Чуў, што ў Маларыце павінен з’явіцца супермаркет. Ці праўда? Было б нядрэнна.
— Супермаркет будзе будавацца. Праект гэтага аб’екта, плошча якога скла­дзе 1000 квадратных метраў, знаходзіцца цяпер у экспертызе. У маі гэтага года павінна пачацца будоўля яго на вуліцы Маякоўскага. Да канца года яе павінны завяршыць. Тут плануецца стварыць 50 новых рабочых месцаў, што вельмі важна, бо для нас актуальная праблема жаночай занятасці.
Галіна Лямачка, в. Збураж:
— Які лёс будынка былога дзіцячага сада ў в. Збураж, што цяпер пустуе?
— На сённяшні дзень ёсць інвестар, дарэчы маларыцкі, якому будынак дзіцячага сада перадаецца ў бязвыплатнае карыстанне на ўмовах дадатковага стварэння не менш 40 рабочых месцаў. Прадпрыемства будзе наладжваць тут вытворчасць экспартаарыентаванай прадукцыі. На рамонт, пераабсталяванне, устаноўку абсталявання інвестарам будзе ўкладзена 1,6 мільёна еўра.
Міхаіл Цімафеевіч Алесік, г. Маларыта:
— Мяне цікавіць лёс будынка старой КНСКі, што засталася сіратліва стаяць па вуліцы Чырвонаармейскай.
— Яе выкупіў прадпрымальнік з Кобрына з мэтай адкрыць там прадуктовы магазін. Зразумела, будынак будзе пераабсталяваны і добраўпарадкаваны.
Ніна Свіцюк:
— Эдуард Пятровіч, не сакрэт, што кіраўніцтва раёна ўскладвае вялікія надзеі на ажыццяўленне буйнейшага для нашага рэгіёна прамысловага праекта, звязанага з асваеннем Хаціслаўскага месцараджэння пяску і мелу і будаўніцтвам ля вёскі Хаціслаў трох заводаў па выпуску будаўнічых матэрыялаў. Несумненна, гэта будзе новы віток у сацыяльна-эканамічным развіцці Маларытчыны, пабагацее бюджэтная кішэня раёна. На якой стадыі на сённяшні дзень будаўніцтва заводаў, калі пойдзе першая прадукцыя?
— Некалькі дзён назад, дарэчы, я пабываў на аб’екце. Скажу, што работы па наладцы нямецкага абсталявання на заводзе па выпуску сілікатнай цэглы ідуць поўным ходам, і ўжо ў красавіку будуць выпушчаны першыя партыі прадукцыі. Гэта будзе цэгла не толькі звычайная, але і новых узораў – з замком, розных памераў, форм і колераў. Некалькі месяцаў будзе ісці выпрабаванне абсталявання,  і з 1 жніўня г.г. завод запрацуе ў поўную сілу. Ці будзе запатрабавана прадукцыя? Напрыклад,  адна з галоўных будаўнічых арганізацый г. Брэста, пазнаёміўшыся з узорамі,  мае намер працаваць менавіта з такой цэглай. На заводзе ўкараняюцца самыя ўдасканаленыя тэхналогіі, у цэху ў адной змене будуць задзейнічаны толькі 6 чалавек, усім працэсам будзе ўпраўляць камп’ютарная ўстаноўка. Другі завод па выпуску сілікатных блокаў плануецца запусціць у наступным годзе. Выкананы ўжо немалы аб’ём па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Несумненна, гэты аб’ект павінен унесці свежы струмень у развіццё нашага рэгіёна.
Марыя Ніканораўна Хевук з вуліцы Чапаева, Віктар Васільевіч Пашковіч з вуліцы Камунараў і Уладзімір Кучмінскі з вуліцы Камсамольскай у Маларыце патэлефанавалі на “прамую лінію” з адной праблемай: пасля пракладкі каналізацыі на гэтых і без таго нядобраўпарадкаваных вуліцах цяпер ні праехаць, ні прайсці. Будаўнікі пакінулі пасля сябе многа вывернутай глінянай зямлі. «Дзеці, калі ідуць у школу, нацягваюць на абутак цэлафанавыя пакеты, — гаварыла Марыя Ніканораўна. – Ні хуткая дапамога, ні пажарная, ні аварыйная гаргазу не могуць пад’ехаць да нашых дамоў – машыны выцягваць даводзіцца трактарам».
Пытанні, як гаворыцца, рублём. Дарэчы, яны не раз ужо адрасаваліся на “прамыя лініі” кіраўнікам раённай улады, але вырашаць пакуль не ўдавалася з-за недахопу фінансавых сродкаў.
Эдуард Кандзярэшка адказаў, што там, дзе было гравійнае пакрыццё, а гэта вуліцы Камсамольская і Чапаева, будзе зроблена падсыпка іх гравіем і яны будуць узноўлены. Што датычыцца вуліцы Камунараў, якая да пракладкі каналізацыі такога пакрыцця не мела, то пакуль пытанне застаецца адкрытым. Але, зразумела, што і яго вырашаць трэба. Пры наяўнасці ў бюджэце раёна неабходных сродкаў, работы і тут будуць праведзены.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Эдуард КАНДЗЯРЭШКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!