Чужих детей не бывает: приёмные родители Малоритчины

У Нядзельнай школе пры Мікалаеўскай царкве г.Маларыта нядаўна адбылося пасяджэнне клуба прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг” з удзелам протаіерэя Віктара Паляцілы, благачыннага цэркваў Маларыцкай акругі, кандыдата багаслоўскіх навук. На гэты раз мерапрыемства, ініцыятарам правядзення якога  традыцыйна стаў Маларыцкі раённы сацыяльна-пе­дагагічны цэнтр,  прайшло ў форме зацікаўленай сустрэчы, якая мела тэ­му “Хрысціянская міла­сэрнасць”.

– Сустрэчы прыёмных бацькоў у нас праводзяцца пастаянна, – гаворыць Валянціна Пацурай, педагог-псіхолаг Маларыцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. – Яны, пераканана, неабходны, бо садзейнічаюць павышэнню выхаваўчага патэнцыялу прыёмнай сям’і, згуртоўваюць прыёмных бацькоў. Акрамя таго, пашыраюць веды па пытаннях выхавання дзяцей у сем’ях, спрыяюць развіццю выхаваўчай кампетэнтнасці саміх бацькоў. У час такіх сустрэч прыёмныя бацькі таксама абменьваюцца вопытам.

За кубачкам чаю адбылася шчырая і цёплая размова па актуальных і надзённых пытаннях. Падчас яе гаварылі  пра радасці, поспехі, і аб праблемах, якія ўзнікаюць у паўсядзённым жыцці. Узяць на выхаванне чужое дзіця – справа вельмі адказная,  якая патрабуе цярпення, неймаверных сіл, вялікай работы. Галоўным у такой справе з’яўляецца цеплыня сэрцаў прыёмных бацькоў, іх спагада, ласка і пяшчота,  уменне знаходзіць шлях да сэрцаў дзяцей, імкненне абараніць іх ад нягод, дапамагчы стаць на самастойную сцежку, не даць згубіцца ў бурлівым віры жыцця.

–Чалавеку ў любым узросце патрэбна падтрымка, ласкавае і шчырае слова, асабліва – прыёмным дзецям, – гаварыў протаіерэй Віктар Паляціла. –Неабходна памятаць, што са­мым галоўным ва ўзаемаадносінах з’яўляецца ўсё ж такі любоў да тых, хто знаходзіцца побач. Невыпадкова айцы царквы гавораць, што без любві ўсё нішто. Без яе не можа быць выхавання. Неабходна памятаць і такую мудрасць: якімі мы хочам бачыць сваіх сыноў і дочак, такімі павінны быць і самі. Трэба імкнуцца з маленства вучыць іх ахвярнасці, узаемнай павазе і любові адно да аднаго…

Прыёмныя маці з цеплынёю расказвалі пра сваю работу. Жанчыны дзяліліся поспехамі, тым, што атрымліваецца, што не атрымліваецца ў выхаванні дзяцей, пыталіся парады, падказкі ў протаіерэя Віктара Паляцілы.

У час мерапрыемства, якое прайшло ў нефармальнай абстаноўцы, яго ўдзельнікі даведаліся шмат новага і карыснага. А айцец Віктар Паляціла напрыканцы сустрэчы даў грунтоўныя адказы на ўсе пытанні, якія ўзніклі ў прысутных.

*  *  *

Між  іншым,  цяпер на Маларытчыне 9 прыёмных сямей, у якіх налічваецца 15 дзяцей, і 2 дамы сямейнага тыпу (тут працуе 2 сямейныя пары), у якіх выхоўваецца 9 дзяцей.

Мікалай Навумчык

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.