НОВЫ ТВАР СТАРОГА КОРПУСА

Пасля рамонту ўступіла ў строй тэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы
Як і прынята ў час такіх урачыстасцей,  было і традыцыйнае пераразанне чырвонай стужкі, і віншаванні, і добрыя пажаданні ў рабоце медыкам ад раённай улады, будаўнікоў. Адкрыццё аддзялення пасля рамонту – доўгачаканая нагода парадавацца і аблегчана ўздыхнуць і медперсаналу, і пацыентам, таму што і першыя, і другія пэўны час адчувалі нязручнасці, калі лячыцца і працаваць даводзілася на абмежаваных плошчах, у сціснутых умовах. Але ж любая добрая справа, як гаворыцца, патрабуе ахвяр, а тым больш такая, як рамонт, у выніку якога атрымаўся вельмі нядрэнны вынік.
Стары корпус набыў новы твар еўрапейскага ўзору. Уражвае ўсё: колеравая гама калідораў,  палат, ардынатарскіх, раздатачных, сталовых,  санвузлоў — прыемна радуе вока, настройвае на камфортнае тут знаходжанне. Корпус павялічаны ў плошчах: дабудавана так званае ліфтавое памяшканне, тут жа размясціліся кабінеты загадчыкаў аддзяленняў і ардынатарскія. Наогул, корпус разлічаны на 78 ложкаў: 53 тэрапеўтычныя, 25 – дзіцячыя.
Дзіцячае аддзяленне (І паверх) мае свой фізкабінет, дзе хворыя маленькія пацыенты адразу могуць праходзіць назначаныя ўрачом працэдуры. Ёсць тут 2 палаты павышанай інтэнсіўнай тэрапіі.
Акрамя агульных, разлічаных у асноўным на 3 – 4 хворых,  у тэрапеўтыч­ным аддзяленні ёсць 2 палаты для інвалідаў, 1 – павышанай камфортнасці, яшчэ 2 – так званыя палаты-паўлюксы.
Што і гаварыць, другое нараджэн­не перажыў тэрапеў­тычны корпус пасля мадэрнізацыі. Тут даўно не было капітальнага рамонту,  а праводзіліся толькі касметычныя,  якія дазваля­лі захоўваць санітарна-эпідэміялагічны рэжым аддзялення. Жыццё прадыктавала неабходнасць вялікай рэканструкцыі. Цяпер аддзяленне, дзе вяртаюць здароўе і жыццё многім сотням пацыентаў з усіх куткоў Маларытчыны, прайшло новы віток у сваім развіцці, узнімецца на новую ступень,  якая дазваляе гаварыць пра даступнае і якаснае медыцынскае абслугоўванне на высокім узроўні. Самі загадчыкі аддзяленняў Аляксандр Мартынюк і Тамара Гар­дзяюк настроены на вынік: лячыць і вылечваць, а таксама на добразычлівасць, узаемапавагу і супрацоўніцтва калег – усё гэта дае свой плён. Бо галоўная мэта іх намаганняў — адказнасць за жыццё і здароўе маленькіх і дарослых пацыентаў. А выратаванае жыццё — галоўная ўзнагарода для доктара.
У цэлым бальнічны гарадок набывае сучасны выгляд, дзе і пацыентам, і медыкам зручна і камфорт­на лячыцца і працаваць. Пасля рэканструкцыі адкрыты ўжо інфекцыйнае аддзяленне, станцыя “хуткай дапамогі”, асобны будынак фтызіятрычнага кабінета, завяршаецца рамонт паліклінікі, аддзялення дзённага стацыянару. На наступны год плануецца мадэрнізацыя хірургічнага корпуса. Сённяшнія пераўтварэнні па рэканструкцыі і мадэрнізацыі райбальніцы, несумненна, крок у будучае.
***
У час урачыстага адкрыцця тэрапеўтычнага корпуса галоўны ўрач Віктар Дараневіч уручыў Пісьмо падзякі начальніку Маларыцкай ПМК-20 Валерыю Масюку за вялікую работу ўзначальваемага ім калектыву па рэканструкцыі бальнічных карпусоў.
Ніна СВІЦЮК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!