Лідары чытання 2017 года Маларыцкай дзіцячай бібліятэкі

У 2017 годзе ў Маларыцкай дзіцячай бібліятэцы да паслуг аддзела абанемента звярнулася 1535 чытачоў, з іх — 100 дашкольнікаў. А вось у яе чытальнай зале свае  густы задаволіла за гэты час  990 чалавек.

Нядаўна  дзіцячая бібліятэка традыцыйна вызначыла лепшых чытачоў па выніках 2017 года. Цяпер іх фотаздымкі ўпрыгожваюць фае бібліятэкі.

– Нашы дзеці любяць чытаць, хоць часта даводзіцца чуць адваротнае,– гаворыць Таццяна Крысіна, загадчыца дзіцячай бібліятэкі. – Аб гэтым сведчыць наша традыцыйнае падвядзенне вынікаў “Лідары чытання-2017”. За мінулы год імі стала 12 чалавек. Так атрымалася, што ўсе нашы лепшыя юныя чытачы навучаюцца ў СШ №1 райцэнтра. Гэта – Эльза Гаўрылюк (1 “А” клас), Нэлі Гаўрылюк (2 “Б” клас), Давід Скамароха (3 “А” клас), Вольга Тырыня (3 “В” клас), Соф’я Алесік (3 “Б” клас), Таццяна Данількевіч (4 “Б” клас),  Валянціна Манец (4 “Б” клас), Яўген Бурштын (5 “А” клас), Лізавета Лапіна (6 “А” клас),  Анастасія Галавій (6 “А” клас), Алеся Клюнчык (6 “А” клас) і Арцём Каханюк (7 “В” клас). 

Таццяна Фёдараўна адзначыла, што самым лепшым чытачом за мінулы год стала Лізавета Лапіна, якая прачытала 237 кніг, з іх 51% – гэта пазнавальная і даведачная літаратура. На другім месцы – Анастасія Галавій (прачытала 194 кнігі, з якіх 43%  – пазнавальная літаратура). Трэцюю пазіцыю заняла Нэлі Гаўрылюк. Яна прачытала 122 кнігі і амаль сотню дзіцячых часопісаў. З верасня мінулага года дзяўчынка стала наведваць дзіцячую бібліятэку ра­зам з сястрычкай Эльзай, якая таксама з’яўляецца ак­тыўным чытачом.

– Дзеці аддаюць перавагу мастацкім творам розных жанраў, – кажа  Таццяна Крысіна. – Не залежваюцца на паліцах кнігі дзіцячых пісьменнікаў. Прыемна канстатаваць,  што ў апошні час у нашых юных чытачоў узрасла, хоць і нязначна, цікавасць да твораў на беларускай мове.

Мы сардэчна запрашаем завітаць да нас не толькі бацькоў з дзяцьмі, але і іх бабуль і дзядуль.  Гэтае наведванне зможа дапамагчы адарваць падлеткаў ад  мабільных тэлефонаў і планшэтаў, падарыць незабыўныя сустрэчы. Для юных чытачоў у нас багаты выбар мастацкай, даведачнай і энцыклапедычнай літаратуры, а таксама газет і часопісаў.

        Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.