Посны выбар

У праваслаўных вернікаў працягваецца Вялікі пост. Падчас яго не ўжываюць мяса і мясныя прадукты, рыбу (за выключэннем пэўных дзён), яйкі, малако і малочныя прадукты, сметанковае масла і сыр, гатовыя макаронныя вырабы (тыя, у якія дадаюць яйкі), здобную выпечку і прысмакі. Узнікае пытанне: што ж тады можна есці? Нашы продкі пасціліся, але ўмелі рабіць гэта так, што ежа была смачнай,  карыснай і разнастайнай. Раней напярэдадні паста купцы рыхтавалі свае тавары і адчынялі вялікія гандлёвыя рады. Чаго там толькі не было: мочаныя яблыкі, журавіны і марошка, квашаная капуста і гарох, салёныя агуркі, памідоры і нават кавуны, буракі і морква, цёртая рэдзька з алеем, ягадныя і аўсяныя кісялі, салёныя і сушаныя грыбы… Кажуць, што пасціцца было лёгка. А сёння?
— Ды і сёння няцяжка, — сцвярджае Таццяна Галавій, загадчыца магазіна №14 райцэнтра. – Зараз у нас багаты выбар поснай прадукцыі, не параўнаць з тым, што было 4-5 гадоў назад. На любы густ і кашалёк.
Каб пераканацца, Таццяна Андрэеўна праводзіць своеасаблівую экскурсію па гандлёвай зале магазіна. На паліцах многа тавараў беларускіх вытворцаў. Пірагі і батоны РУВП “Брэстхлебапрадукт”; хлеб “Просты”, “Класічны” і “Асаблівы” Маларыцкага райспажыўтаварыства; пернікі з макам і разынкамі РУВП “Магілёўхлебапрадукт”… У асартыменце прадстаўлена таксама і іншая посная прадукцыя: мармелад, халва, пячэнне, горкі шакалад, цукеркі (карамель). Той,  хто посціцца, да свайго стала можа набыць тут рыбныя кансервы, спрэды, розныя салаты, павідла,  джэмы,  рагу,  салянку, леча, маянэз, гарчыцу, хрэн, аджыку, соус і інш. На паліцах магазіна ёсць кансерваваныя кукуруза, гарошак, грыбы, фасоля, аліўкі, перац, агуркі. Вочы разбягаюцца і ад вялікай колькасці сокаў і нектараў. Ёсць у продажы свежыя садавіна і агародніна.
Аднак неабходна памятаць, што адмова ад некаторых відаў  прадуктаў не з’яўляецца галоўнай мэтай паста. У час гавення важна духоўна ўзвысіць сябе. Ачышчэнне цела павінна спалучацца з ператварэннем душы. «Праўдзівы пост ёсць выдаленне зла, утаймаванне языка, знішчэнне гневу, спыненне паклёпу,  хлусні, клятвапарушэнне», — кажуць айцы царквы. Менавіта ўстрыманне, а не знясіленне цела. Пост у першую чаргу — аскетычны подзвіг.
На здымку: Галіна Гуляй, прадавец магазіна №14 г. Маларыты,  падкажа, дзе ў гандлёвай зале магазіна знаходзіцца посны тавар.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!