Праваслаўную кнігу — у масы

Да Дня праваслаўнай кнігі, які быў зацверджаны ў 2009г. Сінодам Рускай праваслаўнай царквы, у чытальнай зале раённай бібліятэкі адбыўся семінар-круглы стол. На ім прысутнічалі бібліятэкары раёна. Мерапрыемства, прымеркаванае да гэтай даты, праводзілася тут у другі раз. Да пачатку сустрэчы можна было пазнаёміцца з выставай праваслаўных кніг “Гартаючы вечныя старонкі”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі ЦБС.
Спачатку Вольга Гадзецкая прысутным (а гэта 30 чалавек) расказала, чаму і як ўзнік гэты дзень, а Валянціна Гніцій падрабязна спынілася на тым, што робіцца ў бібліятэчнай сістэме Маларытчыны для задавальнення попыту на праваслаўную літаратуру,  які ў апошні час значна вырас. Пэўныя вынікі ў гэтым накірунку ўжо ёсць. ЦБС, напрыклад, на працягу трох гадоў супрацоўнічае з выдавецтвам Беларускага Экзархата, дзякуючы чаму ўжо закуплена 1397 экзэмпляраў кніг. Сюды ўключаецца не толькі мастацкая літаратура (раманы, аповесці, апавяданні), але і розныя ўспаміны, нарысы, кнігі філасофскай скіраванасці і для дзяцей, а таксама духоўна-пазнавальныя творы айцоў царквы. Сёння раённая бібліятэка сваім чытачам можа прапанаваць праваслаўныя часопісы, фільмы для прагляду на DVD-дысках і нават – аўдыякнігі для праслухоўвання.
У час семінара выступіў айцец Мікалай Кудласевіч, благачынны цэркваў раёна, які ўвагу прысутных акцэнтаваў на неабходнасці актывізацыі работы ў накірунку далучэння як мага большай колькасці чытачоў да духоўнай літаратуры. Многае залежыць ад бібліятэкараў. Неабходнасць у духоўнай ежы, кнігах існавала заўжды,  бо так пабудаваны чалавек,  што ў яго ёсць патрэба ў атрыманні новых ведаў, пазнанні законаў сусвету, Божых і іх сутнасці. Для гэтых мэт з 1995 г. пры Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты існуе бібліятэка для прыхаджан. Сёння яе кніжны фонд налічвае амаль 3500 экзэмпляраў, з іх больш за 500 – дзіцячая літаратура. На паліцах бібліятэкі знаходзяцца кнігі, згрупаваныя па 16 асноўных раздзелах.
Затым вопытам работы па прапагандзе праваслаўнай кнігі і супрацоўніцтву з мясцовымі светарамі падзяліліся Галіна Пракапук і Алена Анішчук, бібліятэкары Брадзяцінскай і Чарнянскай вясковых бібліятэк.
Напрыканцы сустрэчы айцец Мікалай адказаў на пытанні і падарыў ЦБС 7-томны збор твораў свяціцеля Ігнація Бранчаніна “Аскетычныя вопыты”.
Увазе бібліятэкараў раёна быў прапанаваны невялічкі літмантаж, падрыхтаваны вучаніцамі 11 класа раённай гімназіі пад кіраўніцтвам Ірыны Сезік.
На здымку: у час правядзення семінара-круглага стала ў раённай бібліятэцы.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!