НАРОДНЫ КАЛЯНДАР: сакавік — прыкметы па днях месяца
Пра пару, калі зіма павінна саступіць месца вясне, у народзе гаварылі: “Люты вады падпусціць, а сакавік падбярэ”. Аднак давярацца лагоднасці першага веснавога месяца было б неабачліва, паколькі зіма ў гэты час яшчэ не здалася. Таму невыпадкова ў народзе казалі: “Марац кусае за палец”. Калі зямля у пачатку месяца вызвалялася ад снежнага покрыва і агаляла азіміну ў той час, як прыціскалі маразы, селянін мог разлічваць на небагаты ўраджай. Птушкі пачыналі віць свае гнёзды на сонечным баку – да халоднага лета.
Прыкметы па днях месяца сакавіка
1-4. Першыя чатыры дні сакавіка, па перакананні некаторых сялян, адлюстроўваюць наогул стан надвор’я ўсяго года. Якія выдадуцца дні, такая будзе і адпавядаць ім пара года: першае сакавіка ўяўляе сабою нібы вясну, другое – лета, трэцяе – восень, чацвёртае – зіму.
Па народных прыкметах, калі першае сакавіка дзень цёплы, свеціць сонца, то вясна і лета будуць цёплыя і асабліва добры будзе сенакос. Ідзе дождж – чакай ураджай на жыта. Калі моцны мароз, то ён жа замарозіць грэчку ў час цвіцення. Як першае сакавіка туманнае, пашанцуе з ураджаем на стручковыя расліны. Калі ж мяцеліца і завея (бывае рэдка), то ў бягучым годзе неабходна чакаць вялікага голаду.
- Іван. У гэты дзень адзначалася свята Абратанне (ад царкоўнага “Обретение”- знаходжанне галавы Іаана Хрысціцеля). Асабліва шанавалі гэты дзень пчаляры. Яны заглядвалі ў вуллі і калі знаходзілі (“обретали”) пчол жывымі, то ўжо не сумняваліся ў паспяховай іх перазімоўцы.
- Калі дзень сонечны, то будзе багаты ўраджай агуркоў.
- Дзень прылёту гракоў. Існуе прыкмета: гракі сядзяць ужо ў гнёздах – на дружную вясну, калі лётаюць бязмэтна або і зусім іх не відаць у наваколлі – вясна будзе павольная, часцей – позняя.
- Дзень падрыхтоўкі да пасадкі расады капусты. З гэтага дня селянін пачынаў працаваць у агародзе.
- Сорак пакутнікаў Севасційскіх, або па-народнаму Саракі.
Калі на Саракі быў мароз, то меркавалі, што пасля яго будзе яшчэ сорак маразоў. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў.
Надвор’е на Саракі таксама прыцягвала ўвагу чалавека. Калі ад Грамніц да Саракоў не ішлі дажджы і не псавалася дарога, то летам чакалася засуха. Калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Благавешчанне ён будзе пакрываць усю зямлю, а на Юр’я – асобныя мясціны. Калі на Саракі ўволю нап’ецца вол ад расталых ледзяшоў – будзе добрая вясна.
- Калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю лёну.
- Чакалі прылёту жураўля ці бусла. У гэты дзень рыба ідзе на нераст, карова – на верас, а бортнік – на хвою.
Добры год па вясне бачна
Калі жыта ў “марцы” глядзіць на неба, не есці тады хлеба.
Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.
Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж – пан!
У сакавіку зіма не гніе – у красавіку трава не расце.
Сакавік зялёны – ураджай благі.
Няма ў сакавіку вады – няма ў красавіку травы.
Сакавік дажджом імжыцца – хлеба будзе ў рукавіцу.
Хто спіць вясною, той плача зімою.