“РАЗЛІЧВАЕМ НА СВАЕ СІЛЫ”

Вясна ў Дарапеевічах сёлета не сказаць што незвычайная. Але ж свае карэктывы ў пасяўную яна ўнесла: з-за падтапленняў, пераўвільгатнення зямлі тут не маглі спачатку весці шырокім фронтам работы, што і стрымлівала тэмпы. Давялося падключыць прадпрыемства меліярацыйных сістэм. А яшчэ тут не прывыклі чакаць міласціну ад кагосьці ці ад прыроды, таму не пашкадавалі некалькі дзясяткаў мільёнаў беларускіх рублёў і набылі кратавальнік-шчылявальнік – апарат для прадзірання зямлі. Ён зразае падплужную падэшву, і вада ўступае ў глебу. Усе палі пад бульбу, а яе будуць садзіць на 100 гектарах, падрыхтаваны такім чынам гэтым механізмам, расказваў намеснік старшыні СВК “Дарапеевічы” Іван Здановіч.
На сяўбе ранніх яравых зерневых, якія занялі 270 га, працаваў толькі адзін пасяўны агрэгат, таму што плошчы ледзь паспявалі за дзень падрыхтаваць. Цяпер сеюць ужо цыбулю, кукурузу, садзяць бульбу. На 150 гектарах азімыя загінулі. Плошчы гэтыя вырашылі перасеяць кукурузай – усяго яна зойме сёлета каля 700 гектараў. А яшчэ, як гаварыў Іван Андрэевіч, вымаклыя плошчы засадзяць гарбузамі. Летась, напрыклад, гэтая гародніна ўрадзіла добра: на сямі гектарах было сабрана 330 тон. Выгадна яе вырошчваць яшчэ і таму, што спажывец ёсць – перапрацоўваюць у асноўным на дзіцячае харчаванне. Большую частку забраў Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат. Прадавалі таксама ў Клецк і Гродна.
Праязджаючы ўздоўж дарапеевіцкіх палёў, нельга не прыкмеціць гаспадарскі падыход да арганізацыі работ, якія вядуцца тут у комплексе. Вялікае значэнне надаюць арганічным угнаенням. Іх у гаспадарцы дастаткова – жывёла ж знаходзіцца на круглагадовым утрыманні: 34 тысячы тон вывезена на палі. Пераважную большасць яе ўносяць з восені. Але ж арганікі многа ніколі не бывае. Таму прынцып работы з ёй такі: трэба, каб праз кожныя 2 гады на поле трапляў гной. І з такой задачай тут спраўляюцца. Нездарма і зерневыя добра родзяць,  і кармавыя культуры даюць выдатны ўраджай,  і гароднінныя таксама апраўдваюць укладзеныя ў іх вырошчванне старанні.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: 28-ю вясну сустрэў у полі механізатар Віктар РАБЧЫНСКІ; за загрузкай насення сочыць Павел КАЗЛОЎСКІ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!