Бізнесмены Мендзыжаца гасцілі ў Маларыце

На мінулым тыдні Маларыту зноў наведалі гос­ці з польскага горада Мендзыжац-Падляскі. Поль­ская дэлегацыя бізнес­менаў на чале з мэрам Артурам Гжыбам, прыехала, каб пазнаёміцца з эканомікай Беларусі, у прыватнасці прыгранічнага рэгіёна, наладзіць бізнес-кантакты, прапанаваць свае накірункі супрацоўніцтва.
— Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве, асабліва калі яно будзе датычыцца інвестыцый, стварэння невялікіх сумесных прадпрыемстваў,  —  адзначыў, запрашаючы гасцей да канструктыўнай размовы, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Каб першая сустрэча, якая не прадугледжвала заключэння дагавораў,  мела дзелавы характар, на яе былі запрошаны прыватныя прадпрымальнікі  —  кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў раёна, якія таксама, як і польскі бок, зацікаўлены ў новых кантактах, што могуць дапамагчы развіць вытворчасць і набыць новыя рынкі збыту прадукцыі. 
Прадстаўнікі польскай дэлегацыі прапаноўвалі супрацоўніцтва ў гандлі мясной прадукцыяй, знаёмілі з вопытам выкарыстання спецыяльных замацаванняў пры правядзенні раскопачных работ, з зацікаўленасцю абмяркоўвалі накірункі ўзаемавыгадных кантактаў у швейнай вытворчасці.
Нямала прапаноў было выказана і прадпрымаль­нікамі раёна. Апошнія, між іншым, мелі магчымасць не толькі расказаць пра сваю вытворчасць, але і прадэманстраваць тое, на што здольны іх прыватныя прадпрыемствы. Для польскіх гасцей была арганізавана выстаўка вырабаў швейных прадпрыемстваў “Дзіона”, “Эліс-прым” і “Юанта”.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!