75 ГАДОЎ З ДНЯ ХАТЫНСКАЙ ТРАГЕДЫІ: РЭКВІЕМ ВОГНЕНЫХ ВЁСАК МАЛАРЫЦКАГА РАЁНА

Днём і ноччу, у сцюжу і спёку не змаўкаюць званы Хатыні, плачуць яны над лёсам спаленых вёсак, над закатаванымі нямецкімі вылюдкамі жанчынамі, дзецьмі, старымі. Плыве жалобны звон, не змаўкаючы. Праз кожныя трыццаць хвілін – набат, нібыта адчайны крык-напамін нашых загінуўшых землякоў у тым страшным вогненным пекле вайны, як покліч-боль, што адрасаваны нам, сённяшняму пакаленню, — каб радаваліся міру на зямлі і бераглі яго. 22 сакавіка спаўняецца 75 гадоў  з  дня хатынскай трагедыі. 

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі фашысцкія карнікі знішчылі больш чым 9 тысяч вёсак. 600 населеных пунктаў спалілі дашчэнту, разам з людзьмі. 186 вогненных вёсак так больш ніколі і не адрадзіліся, пакінуўшы пасля сябе толькі назву і памяць. Сярод гэтых населеных пунктаў значыцца і невялікая вёска Зялёныя Буды, што калісьці стаяла ў Маларыцкім раёне. 9 кастрычніка 1942 года падчас карнай аперацыі пад кодавай назвай “Трох­кутнік” фашысты знішчылі вёску, якая пасля вайны так больш і не ўзнавілася. Аб страшнай трагедыі, якая адбылася 76 гадоў таму, нагадвае толькі абеліск. Плачуць званы Хатыні яшчэ па 12 вёсках Маларыцкага раёна: Арэхаве, Багуслаўцы, Борках, Брадзяціне, Забалацці, Збуражы, Ба­равой, Навалессі, Нікольскай, Радзежы, Хаціславе, Хмелішчы. Гэтыя вёскі ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь. Падчас акупацыі фашысты толькі на Маларытчыне знішчылі больш 3000 мірных жыхароў.

Удумайцеся ў гэтыя лічбы. 23 кастрычніка 1942 года разам са 128 вяскоўцамі, сярод якіх 60 дзетак, была спалена вёска Хмелішча. 289 чалавек знішчылі фашысты ў Забалацці, больш за 700 – у Борках. Пра гэта нельга забыць, аб зверствах, якія чынілі фашысты на нашай зямлі, трэба памятаць заўсёды. Сёння аб крывавых падзеях, што адбываліся ў Радзежы і Навалессі падчас фашысцка-нямецкай акупацыі, сведчаць  помнікі, што стаяць на брацкіх магілах, ушаноўваючы памяць аб загінуўшых земляках. А яшчэ засталіся сведкі, якія цудам выратаваліся ў час трагедыі. 89-гадовы Сцяпан Сцяпанавіч Братчук з Навалесся, нягле­дзячы на свой шаноўны ўзрост, дасканала памятае тыя страшныя дні нямецкай акупацыі, калі жыццё літаральна трымцела на тоненькай нітачцы і магло аба­рвацца ў кожную хвіліну. Сцяпану Братчуку пашчасціла выйсці жывым з таго пекла,  а многія яго землякі і равеснікі так і засталіся назаўсёды ў далёкіх і крывавых 40-х гадах.

— Да вайны ў вёсцы было больш за сто двароў, амаль у кожнай хаце дзеткі, — прыгадвае сваё ваеннае дзяцінства Сцяпан Братчук. — У маіх бацькоў было чацвёра дзяцей. А тут вайна. Што мы, малыя, тады разумелі. Адно было: панаваў страх. Немцы некалькі разоў знішчалі вёску. Нам удалося нейкім неверагодным чынам выратавацца. Многія так і засталіся назаўсёды ляжаць у гэтай зямлі.

Сцяпан Сцяпанавіч Братчук жыве адзін. Дваццаць гадоў таму пайшла з жыцця яго любая жонка Марыя, з якой ён пражыў 47 гадоў. Дыхтоўную хату Сцяпан Сцяпанавіч адбудаваў толькі пасля вайны. Пасадзіў сад, які хутка ўбярэцца ў бялюткі вэлюм квецені. Зашамацяць аксамітавай лістотай дрэвы, нібыта прамаўляючы малітву-рэквіем аб бязвінна забітых і закатаваных вяскоўцах, аб знішчаных лёсах, якія палымянымі знічкамі дагарэлі дачасна. У апошні час у памяці дзядулі часта ўсплываюць страшныя ўспаміны з далёкага ваеннага дзяцінства.

— Дзіцячая памяць учэпістая, — гаворыць Сцяпан Сцяпанавіч. – Калі пачалася вайна,  мне было дванаццаць гадоў. Я ніколі не забуду 22 чэрвеня 1941 года. Дзень быў ясны, сонечны. Мы прачнуліся а шостай гадзіне раніцы ад гукаў кананады. Бацька спакойным голасам сказаў: “На брэсцкім палігоне зноў вучэнні праходзяць”. Праз некалькі гадзін мы ўбачылі нашых салдат, многія з якіх былі параненыя.  Чырвонаармейцы адыходзілі невялікімі групамі. За Хмялёўкай завязаўся бой. Бацька, на хуткую руку сабраўшы сякія-такія рэчы,  загадаў уцякаць у лес.

Для Сцяпана Братчука,  як і для мільёнаў іншых людзей,  пачаліся доўгія і страшныя дні фашысцкай акупацыі. Самае жудаснае, што чалавек да ўсяго прывыкае.

— За тры гады акупацыйнага рэжыму мы прызвычаіліся да смерці, страху, холаду і голаду, — расказвае Сцяпан Сцяпанавіч. – Мы спакойна ўсведамлялі,  што калі не сёння, тады заўтра можа дагнаць нямецкая куля. Кожны дзень жылі пад страхам смерці. Нават 5-10-гадовыя дзеці не былі дзецьмі ў поўным сэнсе гэтага слова – яны ўяўлялі сабой маленькіх старых,  якія шмат чаго перажылі за свой кароткі век. Я ніколі не забуду той дзень, калі мы стаялі на каленях пад дулам аўтамата і прасілі літасці ў фашыстаў. Нехта данёс немцам, што мой бацька Сцяпан Братчук дапамагае партызанам. Гэта было ў адзін з красавіцкіх дзён 1943 года. Бацька якраз быў на начной варце. Кожную ноч 12 чалавек павінны былі несці варту, абараняць, так бы мовіць, вёску ад партызанаў. Бацьку арыштавалі пад раніцу. Памятаю, як фашысты ўварваліся ў нашу хату, пасцягвалі нас  з палацяў. Маці адразу кінулася ў ногі нямецкаму афіцэру, галосячы: “Паночку, даруй, ні ў чым мы не маем віны. Злітуйся, не губі дзетак, пашкадуй”. Я, дзве сястры і брат таксама стаялі на каленях і плакалі. Фашысты, якія перавярнулі ўсю хату і больш нікога не знайшлі, нас адпусцілі, але бацьку павезлі ў гестапа, якое знаходзілася ў Дамачаве. Маці сабе месца не знаходзіла. Ведала, што адтуль ніхто назад не вяртаўся. У роспачы, схапіўшы бабуліны залатыя завушніцы, яна пабегла да солтыса, каб дапамог вызваліць бацьку з бяды. Не ведаю, што там было, але бацьку неўзабаве адпусцілі. Гэта было неверагоднае шчасце, цуд, бо фашысты ні з кім асабліва не цырымоніліся.

Асабліва лютаваць карнікі пачалі ў 1942-43 гадах. Паводле кнігі “Памяць” у жніўні 1942 года фашысты закатавалі Максіма Кушнерыка,  Канстанціна Холада, яго жонку Праскоўю і дваіх дзяцей,  Сцяпана і Марыну. У лютым 1943 года, як прыгадвае Сцяпан Братчук, фашысты акружылі Навалессе і расстралялі каля 40 чалавек. У жывых засталіся тыя, хто паспеў схавацца ў лесе.

— Жылі ў зямлянках, — прыгадвае Сцяпан Сцяпанавіч. – У вёску спачатку ісці баяліся. Але бяда прымусіла. Жанчыны вярталіся ў свае хаты, каб хлеб спячы, потым цёплыя боханы неслі ў лес. У 1943 годзе карнікі спалілі Навалессе і Радзеж. Вёскі выгарэлі датла. Мы ў той час былі ў лесе, я пасвіў кароў. Многія вяскоўцы, не прадчуваючы бяды, вярнуліся ў Навалессе, так разам з вёскай і згарэлі. Выратавалася наша суседка Ліза Касянік, якая схавалася ў агародчыку,  дзе расла фасоля.

У кнізе “Памяць” пазначана, што нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Навалессі спалена 110 двароў і знішчана 68 чалавек. У суседняй вёсцы Радзеж  са 186 двароў 185 згарэла,  загінула 157 чалавек.

Добра памятае той трагічны дзень, калі карнікі знішчалі родную вёску  Радзеж , і Вольга Мар­тынаўна Алесік,  якой 87 гадоў.

— Быў даволі цёплы пагодлівы дзень, — прыгадвае кабета. – Бацька і нас чацвёра дзяцей засталіся ў лесе, там у нас была зямлянка. А маці нешта надумалася пайсці ў вёску, захацелася ёй хлеба спячы. Бачым, гарыць ужо наша вёска,  дымам агарнула ўсё наваколле, а маці няма. Старэйшыя кажуць,  што трэба далей у лес хавацца, аблава будзе. Я ў плач, мне вельмі страшна. Нядобрыя думкі ў га­лаву лезуць: няма маці ў жывых, забілі немцы. Што рабіць? Бацька на грудку недзе арэ, старэйшая сястра Марыйка кароў пасвіць. Я схапіла малодшага браціка Валодзю, пасадзіла яго сабе на шыю і падалася далей у лес. Бегла, што ёсць сілы, спатыкалася, падала, і зноў бегла. Думала, больш нікога з родных ужо і не ўбачу ніколі. Потым прыйшла маці,  уся перапужаная, рукі трасуцца,  слова вымавіць не можа. Пазней яна расказала, што, калі са спечаным хлебам вярталася ў лес, ля могілак яе спыніў немец на кані і загадаў вяртацца назад у вёску. А там ужо гучалі стрэлы, чуліся крыкі. Зай­маліся зарывам хаты. “Не пайду,  вунь і хата мая ўжо гарыць, — сказала маці. — Што хочаце са мной рабіце, але ў вёску не вярнуся”. Страляніна пачала ўзмацняцца. Вершнік раптам прышпорыў каня і паскакаў у Радзеж. Маці, не  помнячы сябе ад страху, кінулася ў лес. Амаль тыдзень яна не гаварыла. Так наша сям’я ўратавалася. Помню і ніколі не забуду, як фашысты расстрэльвалі людзей. Ля царквы выкапалі велізарную магілу і сагналі тых, хто меў сувязь з партызанамі. Людзей прымусілі распрануцца і потым расстрэльвалі, не шкадавалі нават немаўлятак. Не ведаю,  як мы выжылі ў тым пекле.

Бабуля Вольга  жыве адна. Даўно пахавала мужа, а затым і сына. Нягледзячы на свой узрост яна кожную нядзелю на веласіпедзе едзе ў царкву, каб памаліцца за родных, блізкіх,  аднавяскоўцаў. Побач з храмам брацкая магіла. Сёння нават уявіць страшна, што тут адбывалася крыху больш за семдзесят гадоў таму.

 Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  • 7
  • 56
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!