СЛЕДЧЫ, ЯК І ДОКТАР,

павінен “набіць руку”, каб стаць прафесіяналам
Прахадны бал на следча-экспертны факультэт Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў РБ быў высокім, конкурс – 6 чалавек на месца, але Дзіма Струнец, годна вытрымаўшы ўступныя экзамены, быў залічаны курсантам гэтай навучальнай установы. Зрэшты, такі вынік не быў нечаканасцю, бо юнак добра вучыўся ў школе (сярэдні бал атэстата 8), мэтанакіравана рыхтаваўся да экзаменаў, “налягаючы” на патрэбныя для здачы дысцыпліны. Ну і фізічна загартоўваўся, каб быць годным да страявой. Бо, як вядома,  каб паступіць у  падобную ВНУ,  акрамя добрых ведаў па тых ці іншых прадметах, неабходна і выдатнае здароўе.
Цяпер Дзіма Струнец — 5-курснік ужо. А на пятым курсе курсанты Акадэміі больш займаюцца практыкай. На яе Дзіма прыехаў у родны горад,  у Маларыцкі райаддзел міліцыі. Тут, як гаварыў, яму стварылі ўсе ўмовы для практычнага прымянення ведаў, набытых у Акадэміі. Ды і ўсе,  пачынаючы ад кіраўніка райаддзела Аляксандра Дзмітрыевіча Мельніка і да непасрэднага калегі, начальніка папярэдняга расследавання Міхаіла Канстанцінавіча Міранюка, узялі, што называецца, маладога курсанта пад сваю апеку: дапамагаюць парадай, падказваюць, дзеляцца вопытам.
Практыкант  ужо сам сабраў доказную базу па 5 крымінальных справах. Тым, хто пераступіў мяжу закона, прад’яўлена абвінавачванне, справы накіраваны ў суд.
Пацікавілася ў начальніка райаддзела міліцыі Аляксандра Мельніка яго меркаваннем наконт практыканта-курсанта. Аляксандр Дзмітрыевіч прызнаваўся, што ён шчыра рады за такіх маладых людзей, гаварыў, што Дзмітрый Струнец вельмі сур’ёзна ставіцца да ўсіх даручэнняў, будучай прафесіі, з якой цяпер знаёміцца на практыцы, вельмі падрыхтаваны тэарэтычна. Словам, падае вялікія надзеі, з яго можа атрымацца добры спецыяліст.
Дзмітрыю вельмі падабаецца выбраная прафесія, ён унікае ва ўсе тонкасці яе,  раіцца з вопытнымі калегамі, не расчароўваецца, калі нешта не атрымліваецца, не крыўдуе, калі робяць заўвагі ці папраўляюць. Ён вучыцца. І рады, што ёсць у каго вучыцца. Сам жа начальнік райаддзела – у мінулым аператыўнік. І ён добра ведае, што следчы, як  і доктар, павінен “набіць руку”, каб стаць сапраўдным прафесіяналам. А  для  гэтага трэба вучыцца і вучыцца, пастаянна самаўдасканальвацца.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: курсант Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрый СТРУНЕЦ.
Фота Вольгі КАСЦЮЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!