Шчасце і клопат сям’і Голуб з вёскі Масевічы Маларыцкага раёна

Ірына і Ілья Голуб з вёскі Масевічы з нараджэннем у іх сям’і першынцаў – Мацвея, Савелія і Іларыёна – у адзін дзень сталі мнагадзетнымі бацькамі.

Трое дзяцей – гэта трайное шчасце і, як вядома, трайныя турботы. Як справіцца з тым, каб хуценька траіх немаўлятак памыць, пераапрануць, накарміць, пакалыхаць, вывезці на прагулку ды яшчэ і з хатнімі клопатамі справіцца. Вядома,  патрэбны рукі памочнікаў. Добра, калі ёсць магчымасць у бабуль, дзядуль ці іншых сваякоў падсабіць мнагадзетнай маме. Але яны, часцей за ўсё, працуюць і не заўжды могуць знайсці час на дапамогу мнагадзетнай сям’і. Таму і прадугледзела дзяржава для сямей, у якіх нараджаецца двое,  трое ці больш дзяцей, дапамогу нянькі. Гэтай паслугай ад тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з вялікім задавальненнем і скары­сталася сям’я Голубаў.

— Але адшукаць няньку атрымалася не так хутка, як хацелася. У гора­дзе знаходзіліся тыя, хто згаджаўся аказваць такую паслугу. А мы жывем у вёсцы, хто сюды з горада будзе ездзіць? Пачалі шукаць сярод мясцовых жыхараў. І знайшлі Вольгу. Яна якраз звольнілася з дзіцячага садка і ўжо пэўны час шукала работу. Пайсці да нас памочніцай адразу згадзілася.

Аб тым,  што аднавяскоўка Вольга Леанідаўна Федарук пачала працаваць нянькай іх сыночкаў, Голубы не пашкадавалі. Наадварот, сваёй памочніцай з першага дня засталіся вельмі задаволеныя.

— Па-першае,  чалавек яна спакойны, ураўнаважаны, акуратны і адказны,  мы хутка знайшлі агульную мову, і спраўляцца з дзецьмі, а ім у той час было па 8 месяцаў, мне стала лягчэй, — расказвае мнагадзетная мама. —  Па-другое, Вольга сама мама дваіх дзяцей, у яе, у адрозненне ад мяне, быў ужо немалы вопыт. Мне вельмі дапамагалі яе парады, падказкі.

Але, як прызнаецца сама Вольга Федарук,  нягледзячы на вопыт двойчы мамы, яна бралася за работу нянькі з хваляваннем. Аднак потым настолькі прывыкла да Мацвея, Савелія і Іларыёна, што, калі пайшла у водпуск,  ужо сумавала па малышах.

Ужо больш чым год кожны будзённы дзень у восем гадзін ранку Вольга прыходзіць у дом Голубаў. Разам з мнагадзетнай мамай – Ірынай Сяргееўнай, няня корміць трайнятак, рыхтуе для іх адзенне на прагулку, разам гуляе, а калі трэба, адпраўляецца з сям’ёй у бальніцу да ўрачоў, забаўляе малых казкамі, кладзе спаць – і так цэлы дзень да 17 гадзін з гадзінным перапынкам на абед. Адным словам, звычайны працоўны дзень, але ў коле сям’і, як прызнаецца Вольга Леанідаўна, ён ператвараецца ў нешта большае, чым проста работа. А для мнагадзетнай мамы нянька – свайго роду сяброўка,  на дапамогу якой можна разлічваць ў любую хвіліну.

— Трое дзяцей – гэта не адно дзіця. Тут і рук трэба больш чым дзве, каб паспець усё зрабіць, — усміхаецца Ірына  Сяр­гееўна і з удзячнасцю адзначае: — Не ведаю,  што б і рабіла,  калі б не было такой падтрымкі. Вядома, і муж, калі дома,  дапамагае, і бабуля з дзядулем, і хросных у нас аж  тры пары,  і сяброў шмат,  усе падтрымлі­ваюць,  любяць з дзецьмі ў выхадны дзень пагуляць, а вось у будзённыя дні нянька — незаменны памочнік. Вельмі добра, што ёсць такая паслуга.

У тым,  што  гарэзлівым карапузам патрэбна што­хві­лінная ўвага, не застаецца сумненняў. Пакуль мы вялі размову, Савелій, Іларыён і Мацвей паспелі пабываць ва ўсіх кутках пакоя, адзін у аднаго забраць цацкі. І толькі пасадзіла нянька на рукі Мацвея, як да яе падбег і Савелій, тут жа паглядзець, што там цікавага, прыбег Іларыён. Гарэзы пад наглядам, значыць у мамы ёсць час, каб зрабіць нешта па дому.

Каб пацікавіцца,  наколькі запатрабаваная ў раёне паслуга нянькі, звярнулася ў тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Загадчыца аддзялення тэр­­мі­­­­­новага сацыяльнага аб­слугоўвання Вольга Антонава адзначыла, што ў 2016 годзе паслугамі нянькі карысталася 5 сем’яў,  на цяпераш-ні час нянькі працуюць у дзвюх сем’ях, дзе даглядаюць двайнят і трайнят. Чаргі на гэтую паслугу няма,  але калі ўзнікае неабходнасць,  у Цэнтры дапамогуць.

Для таго, каб аказваць гэтую паслугу, зусім неабавязкова мець спецыяльную адукацыю. Га­лоў­нае – любіць дзяцей. Паспрабаваўшы сябе ў ролі нянькі, як прызнавалася ў размове Вольга Федарук, разумееш, што гэта вельмі цікавая работа,  якая становіцца часткай жыцця.

Святлана МАКСІМУК.

Фота Алега Крэмянеўскага

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!