Любоў да дзяцей — з пакалення ў пакаленне

Установа адукацыі “Маларыцкі яслі-сад № 1”, што на вуліцы Савецкай, 20, упершыню адчыніла свае дзверы для самых маленькіх жыхароў Маларыты ў 1966 годзе. Ішоў час,  многае мянялася. Мяняўся і сам будынак, тэрыторыя ля яго, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база, мяняліся праграмы выхавання і навучання хлопчыкаў і дзяўчынак, патрабаванні і нормы, кадры, дзеці, бацькі… Мянялася само жыццё, узровень яго. Але адно заставалася нязменным – вялікая любоў да дзяцей, жаданне падарыць ім цяпло і ласку,  акружыць клопатам і ўвагай, навучыць дабру, узаемаразуменню, уменню жыць у гэтым няпростым свеце, бачыць цудоўнае і берагчы яго. Усе гэтыя якасці, быццам эстафета, перадаваліся ад педагога да педагога, з пакалення ў пакаленне.
У нашай установе працавала шмат цудоўных людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё дзецям. Гэта Соф’я Іванаўна Фраленка (метадыст), Лідзія Іванаўна Літвіненка (выхавальнік), Марыя Іванаўна Ляўковіч (выхавальнік), Вера Пятроўна Захарэвіч (выхавальнік), Нэлі Паўлаўна Купрыянец (загадчыца), Галіна Іванаўна Панасюк (выхавальнік), Зоя Апанасаўна Лядзянкіна (медсястра), Вера Іванаўна Мірчук (кастэлянка), Харыціна Карнілаўна Кузьміцкая (памочнік выхавальніка), Надзея Мікітаўна Валюхневіч (памочнік выхавальніка), Ганна Андрэеўна Арцімук (повар), Кацярына Андрэеўна Цяліпка (повар), Ксенія Ільінічна Лаўрэнцьева (прачка), Ганна Рыгораўна Скалковіч (прачка), Ганна Фёдараўна Мусей (вартаўнік), Надзея Дзянісаўна Сацюк (прачка), Марыя Іванаўна Хатынюк (кастэлянка). Хочацца сказаць ім вялікі дзякуй за тую душэўную цеплыню, адказнасць, творчасць, якія яны кожны дзень укладвалі ў сваю працу і якія сваім станоўчым прыкладам заражалі тых, хто ішоў побач з імі і ўслед за імі.
Шчыры дзякуй хочацца сказаць і тым, каго сёння ўжо няма з намі, — Галіне Аляксееўне Алесік (выхавальнік),  Валянціне Сцяпанаўне Бяляевай (выхавальнік), Веры Васільеўне Сівенька (памочнік выхавальніка), Надзеі Андрэеўне Сямёнавай (загадчыца гаспадаркі), Кацярыне Андрэеўне Гумянюк (памочнік выхавальніка),  Аляксандры Рыгораўне Міховіч (загадчыца).
Добрая памяць пра гэтых людзей назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах,  у сэрцах тых дзяцей, якіх яны выхоўвалі, і тых удзячных бацькоў, якія давяралі ім самае дарагое – сваіх дзяцей.
Цяпер наш яслі-сад функцыяніруе як дзяржаўная ўстанова,  дзе створаны ўмовы для дашкольнай адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, забяспечваецца атрыманне дашкольнай адукацыі.
У апошнія гады яслі-сад №1 стаў непазнавальным не толькі звонку, але і ўнутры.
Ёсць 6 групавых памяшканняў, адно з якіх для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, кабінет настаўніка-дэфектолага, прасторная музыкальна-спартыўная зала,  кабінет старшай медсястры, метадкабінет. Дзецям з парушэннямі мовы аказвае дапамогу настаўнік-дэфектолаг з вышэйшай адукацыяй, вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і вялікім стажам работы – Вера Іванаўна Міцук. Вынік яе работы – гэта дзеці,  якія добра размаўляюць і за якіх могуць радавацца бацькі.
Наша ўстанова разлічана на 107 месцаў, наведваюць дзіцячы сад 106 дзяцей.
У яслях-садзе №1 у штаце 34 работнікі. Вучаць дзяцей 16 педагогаў, 69% з якіх маюць вышэйшую адукацыю, 31% — сярэдне-спецыяльную. 12,5% педагогаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй,  62,5% — з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, 18,8% — з другой і 6,2% педагогаў без катэгорыі.
Ёсць у нашым калектыве і педагагічная дынастыя. З 1966 па 1990 гг. у садку працавала Соф’я Іванаўна Фраленка. Спачатку яна займала пасаду выхавальніка, а затым – метадыста. Цяпер Соф’я Іванаўна на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму вядзе актыўны лад жыцця. Яна добра спявае, наведвае хор ветэранаў, часта прымае ўдзел у грамадскіх раённых мерапрыемствах. Справу сваёй маці працягвае яе дачка Святлана Анатольеўна Аўдзяюк. З 1983 г. яна працуе выхавальнікам, такая ж актыўная, адказная, творчая.
Дадзеныя паглыбленага мед­агляду, аналіз захворвання дзяцей пацвярджаюць,  што першачарговую сацыяльную задачу — захоўванне і ўмацаванне здароўя дзяцей — мы таксама выконваем. Нашы дзеці штогод прымаюць удзел у Міжнародным маларыцкім марафоне, дзе займаюць прызавыя месцы.
Дзякуючы ініцыятыве і намаганням педагагічнага калектыву, а таксама актыўнаму ўдзелу бацькоў, у садку створана цудоўная база для пашырэння ведаў, уменняў і замацавання навыкаў дзяцей у групах. Для развіцця рухальнай актыўнасці абсталяваны прагулачныя, фізкультурныя пляцоўкі, на якіх у дастатковай колькасці ёсць гульнявае і спартыўнае абсталяванне, вынасны інвентар.
З 2007 года наша ўстанова займае прызавыя месцы ў раённых аглядах-конкурсах на лепшую старшую групу,   лепшую спартыўную пляцоўку. Па выніках рэйтынгу ўстаноў адукацыі раёна наш садок займае прызавыя месцы на працягу апошніх трох гадоў.
У цэнтры ўвагі калектыву знахо­дзяцца не толькі пытанні фізічнага, але і псіхалагічнага здароўя дзяцей. Пры арганізацыі розных відаў дзіцячай дзейнасці выхавальнікі аказваюць пазітыўную эмацыянальную падтрымку дзецям, забяспечваюць культуру зносін, пастаянна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце фізкультмінуткі, гімнастыку для вачэй, музпаўзы, элементы псіха-гімнастыкі.
Адукацыйны працэс у садку ажыццяўляецца метадам рэалізацыі задач праграмы “Пралеска”. Педагогі выкарыстоўваюць прагрэсіўныя тэхналогіі і методыкі. Шырокае прымяненне знайшло мадэліраванне ў педагагічнай практыцы выхавальнікаў Святланы Анатольеўны Аўдзяюк, Святланы Фёдараўны Міронавай, выкарыстанне методыкі Радынавай у музычнага кіраўніка Ірыны Сяргееўны Хатынюк, элементаў ТРЫЗ у выхавальніка Людмілы Міхайлаўны Чуль. Метад мадэліравання выкарыстоўвае ў сваёй рабоце і настаўнік-дэфектолаг Вера Іванаўна Міцук. Нашы педагогі валодаюць тэхналогіямі такіх беларускіх аўтараў,  як Старжынская, Жытко, Шышкіна, Петрыкевіч.
У садку забяспечваецца аптымальнае спалучэнне базіснага зместу адукацыі і дадатковага кампаненту праз арганізацыю дадатковых адукацыйных паслуг – работу гурткоў на платнай аснове: 2 танцавальныя гурткі “Расінка-1” і “Расінка-2” для дзяцей старэйшага і сярэдняга ўзростаў працуюць пад кіраўніцтвам Ірыны Сяргееўны Хатынюк. А гуртком “Падрыхтоўка да школы” для дзяцей старэйшага ўзросту кіруе Ніна Фёдараўна Губанава. Дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць гэтыя гурткі, Такім чынам мы задавальняем індывідуальныя інтарэсы і патрэбы дзяцей, а таксама запыты бацькоў, зыходзячы з магчымасцей установы.
Працуючы разам з бацькамі,  стараемся забяспечыць гарма­нічнае развіццё і сацыяльны дабрабыт кожнага дзіцяці. Вывучаем сем’і, наведваем іх, выкарыстоўваем розныя формы работы з бацькамі, цесна супрацоўнічаем з імі. Большасць бацькоў прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, што праводзяцца ў садку,  добра ведаюць пра дзейнасць установы.
Але ёсць у нас і такія дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Іх бацькі, як правіла, злоўжываюць алкаголем, кураць, не працуюць, амаль не даглядаюць за сваімі дзецьмі. Калектыў прыкладае вельмі шмат намаганняў для таго, каб становішча такіх дзяцей змянілася ў лепшы бок,  каб бацькі іх працаўладкаваліся, прывялі ў парадак свае кватэры і дамы, часцей наведвалі дашкольную ўстанову, цікавіліся поспехамі і патрэбамі сваіх дзяцей, прымалі ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца сумесна з дзецьмі, і зразумелі адну простую ісціну: іх дзіця – самае дарагое, што ёсць на свеце. Яно адзінае і непаўторнае.
Штогод мы вывучаем меркаванні бацькоў, ці задаволены яны работай педагогаў і спецыялістаў садка. Прыемна адзначыць, што бацькі ставяць педагогам і спецыялістам высокія адзнакі.
Хочацца адзначыць работу прафсаюзнай арганізацыі нашай установы, лідарам якой з’яўляецца Ірына Сяргееўна Хатынюк — чалавек актыўны, творчы, ініцыятыўны і адказны. Прафсаюзная арганізацыя, якую яна ўзначальвае, не адзін раз прымала ўдзел у раённых,  абласных, рэспубліканскіх аглядах-конкурсах і займала першыя месцы.
Азіраючыся назад, успамінаем пройдзены сумесна шлях,  даў­жынёю ў 45 гадоў, успамінаем усе нягоды і радасці,  няўдачы і перамогі, цяжкасці,  дасягненні і задаем сабе пытанне: 45 гадоў – гэта мала ці шмат? І пытанне застаецца адкрытым. Бо няважна,  шмат гэта ці не, галоўнае, што ва ўстанове працуе творчы,  згуртаваны калектыў,  у якога агульныя інтарэсы, якому любая задача пад сілу.
Большую частку жыцця мы знаходзімся побач з дзецьмі самага цудоўнага ўзросту і ўсё, што мы робім у сваёй прафесіі, толькі ў імя дзяцей, іх творчай самарэалізацыі і развіцця. У сваю чаргу і маленькія выхаванцы дапамагаюць нам развівацца як педагогам, як асобам.
Цудоўна выглядае сёння будынак нашай установы,  дагледжаная вакол яго тэрыторыя. А самае цудоўнае — гэта тое, што кожны з работнікаў садка з той жа пяшчотай і любоўю сардэчна прымае новых і новых выхаванцаў. Мы заўсёды чакаем вас – нашы сонечныя праменьчыкі надзеі на светлую і цудоўную будучыню.
Святлана ЛЫСЕНКА, загадчыца УА “Маларыцкі дзяржаўны яслі-сад № 1”.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!