КАМП’ЮТАР І ТЭЛЕВІЗАР КНІГУ НЕ ЗАМЕНЯЦЬ

Сям’я. Дом. Сямейныя вечары. Якой цеплынёй вее ад гэтых слоў. Ад іх зыходзіць пачуццё глыбокай пашаны да хатняга ачага, зносін з самымі блізкімі і роднымі людзьмі. А каб так было, неабходна пастаянна размаўляць, абмяркоўваць нейкія сямейныя хатнія праблемы, дзяліцца з блізкімі нечым патаемным, раіцца, даведвацца пра нешта новае.
На жаль, сёння мы і нашы дзеці зносімся больш з камп’ютарам і тэлевізарам, і неяк адыходзяць у небыццё тыя сямейныя вечары, калі чыталіся ўслых кнігі і абмяркоўвалася прачытанае. А як важна выхоўваць любоў і цікавасць да чытання ў сям’і з ранніх гадоў. Бо ў дзяцінстве добрыя кнігі вучаць сэрца быць добрым і чулым. Чытанне, як вядома, стымулюе эмацыянальнае, фізічнае і сацыяльнае развіццё. Ад таго, якія кнігі чытаюць дзеці ў дзяцінстве і юнацтве, у многім залежыць, якімі яны стануць у будучым. Для гэтага вельмі падыходзяць добрыя, захапляльныя кнігі Барыса Ганагі. Аўтар многіх кніг, праваслаўны педагог знаёміць сваіх чытачоў у кнізе “Будзем як дзеці” з добрымі героямі, захапляльнымі гісторыямі, тайнамі духоўнага свету. Чытаючы творы Барыса Ганагі, немагчыма не задумацца пра свет, што нас акружае, пра тое, што трэба рабіць дабро, быць міласэрным, любіць  і паважаць блізкіх і г.д.
Таму не выпадкова, што творчасці гэтага пісьменніка і быў прысвечаны першы дзень Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі ў СШ № 1. Гэтае мерапрыемства, мэтай якога было зацікавіць вучняў кнігамі, з якімі іх знаёмілі, якія чыталі ў дзяцінстве іх настаўнікі, бацькі, пераканаць, што кнігу не заменяць ні тэлевізар, ні камп’ютар, што яны толькі дапоўняць яе, прайшло вельмі цікава і запамінальна, чаму папярэднічала вялікая падрыхтоўка да Тыдня.
Вучаніцы 6 “Б” класа Аня Стырнік і Даша Самасюк бралі інтэрв’ю ў настаўнікаў, у якім яны расказвалі пра любімыя кнігі дзяцінства і раілі вучням чытаць больш, каб пашыраць кругагляд, каб больш ведаць, каб станавіцца дабрэйшымі. На працягу ўсяго тыдня ў бібліятэцы можна было пазнаёміцца з выставамі “Да дабра праз казку”, “Захаваем нашу зямлю блакітнай і зялёнай”, “У гасцях у герояў любімых кніг” і іншымі. Перша- і другакласнікі змаглі паглядзець літаратурнае прадстаўленне “Кніжнае царства – мудрая дзяржава”, якое паказалі вучні 6 “Б” класа Насця Якубчык, Аня Сезік, Даша Лышчык, Віталь Карабейка, Іван Мірчук, Дзмітрый Кашарны, Уладзіслаў Крывенка. Для вучняў 9-х класаў праводзілася экалагічная пазнавальная гульня “Рознакаляровая зямля Беларусі”, якую правялі Ірына Піпко і Таццяна Цэкат з 7 “В” класа. Вучням 5-6 класаў вельмі спадабаліся выступленні Уладзіслава Косіка, Зараны Ярмалюк, Міхаіла Алесіка, Сцяпана Дзьячука, Кацярыны Жураўлёвай, Таццяны Луцюк, Валерыя Сахарчука з 5 “Б” класа і Дар’і Хатынюк, Алены Шульжык, Таццяны Шульжык з 6 “Б” класа, Арцёма Дубача з 5 “А” класа ў спектаклі-віктарыне “Пэпі і Карлсан супраць іншапланецян”. Вучні паказвалі, як героі твораў А. Ліндгрэн выратоўваюць дзяцей, каб яны не ператварыліся ў тэлевізійных фанатаў, а чыталі кнігі. Дзіцячая пісьменніца Астрыд Ліндгрэн на пытанне “Ці ёсць будучае ў кнігі?” адказала: “…Калі яно ёсць у чалавека, яно ёсць і ў кнігі!”
Яшчэ хацелася б адзначыць Наталлю Хатынюк з 8 “Б” класа, Яну Кузьміч з 7 “В” класа, якія цікава правялі віктарыну “Будзьце здаровы”, а таксама Таццяну Якімук з 7 “В” класа, якая была вядучай гульневай праграмы “Адгадай кнігу”.
Дзецям застаецца толькі пажадаць: няхай за гэтым Тыднем настануць гады сяброўства з кнігай, няхай творы пісьменнікаў вучаць адрозніваць дабро ад зла, цаніць час. Няхай кніга засцеражэ ад залежнасці ад тэлевізара, камп’ютара, мабільнага тэлефона!
Людміла АНДРАЮК, загадчыца бібліятэкі СШ № 1 г. Маларыты.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •