Санітары горада

За апошні час наш горад значна змяніўся, папрыгажэў. Госці райцэнтра, якія бываюць па службовых справах ці наведваюць сваіх родных, адзначаюць чысціню і парадак.  Немалая заслуга ў гэтым дворнікаў. Хто такія яны?
— Мы – своеасаблівыя санітары горада, — кажа Валянціна Зайцава, майстар участка жылфонду Маларыцкай ЖКГ, якая ўжо некалькі гадоў кіруе рабочымі комплекснай уборкі і ўтрымання домаўладанняў. – Наша задача не толькі падтрымліваць чысціню і парадак дарог і тратуараў. За намі і эстэтыка клумбаў, газонаў. Імкнемся, каб і ў дварах таксама не было ні пылінкі, ні парушынкі.
Сёння ў дружнай каман­дзе аднадумцаў Валянціны Уладзіміраўны 16 чалавек. Усе – жанчыны. Добрасумленныя, працавітыя, адказныя. Менавіта яны прыво­дзяць у належны выгляд наш горад. Толькі чалавеку недасведчанаму можа здацца, што працаваць дворнікам лёгка. Хіба ж цяжка — махаць мятлой? Гэта толькі на першы погляд. Шчыруюць дворнікі ў любое надвор’е. Зімою часта рабочы дзень ненарміраваны. За кожным з работнікаў замацаваны свой участак, 50 паверхавых плошчаў. (Дарэчы, у Маларыце налічваецца 58 дамоў, якія маюць 2 і больш паверхаў, дзе парадак наво­дзяць дворнікі). Прыбіранне і мыццё пад’ездаў, вокнаў, пры­дваровая тэрыторыя, зі­мою — снег, восенню — лісце…
А што думаюць пра сваю работу самі дворнікі? Як ставяцца маларытчане да вынікаў працы іх рук?
— Працаваць дворнікам мне падабаецца, — гаворыць Таццяна Чаквіна. – Хочацца папрасіць, каб гараджане былі больш акуратнымі, каб цанілі нашу працу. Нельга смеціць там, дзе стаіш. У горадзе ёсць сметнікі. Ад кожнага з нас залежыць, ці будзе чыста вакол нас. Твар горада – стан яго вуліц і дваровых тэрыторый.
— Жыць і працаваць неабходна ў чысціні і парадку, — пераканана Надзея Балюк. – Гэта павінна стаць нормай, якую неабходна выхоўваць з дзяцінства. Выгляд горада у руках кожнага з нас. Мяне асабіста засмучае тое, што ля балконаў шматпавярховых дамоў многа акуркаў. Бывае, што і смецце жыхары пад акно выкідваюць. Некультурна так рабіць.
— Я люблю свой горад, ён мне падабаецца, — прызнаецца Вольга Сазонтава. – Толькі вось перажываю, каб сцены дамоў, лаўкі, слупы не папсавалі спецыялісты- графітчыкі. Графіці – гэта плямы на твары горада, якія псуюць тое, у што ўкладзены вялікія грашовыя сродкі. За такую вольнасць неабходна караць.
— У апошні час адносіны маларытчан да санітарнага стану райцэнтра змяніліся, —  сцвярджае Вера Дацык. – Некаторыя разумеюць і беражліва адносяцца да таго, што створана для зручнасці і камфорту кожнага з нас. Стэрэатып, што дзяржаўнае, тое не маё, даўно ў мінулым. Для дабрабыту ўсё дзяржаўнае павінна быць як сваё. Тады і адносіны будуць адпаведныя.
Многае робяць дворнікі, каб радаваць наша вока ўтульнасцю, прыгажосцю. Аднак не ўсё ў іх сілах. Вырашэнне шматлікіх пытанняў залежыць ад грашовых сродкаў. Але ж каб навесці чысціню і парадак на тым месцы, дзе жывеш, здаецца, трэба толькі жаданне. Ды яшчэ, напэўна, прылады працы: рыдлёўка, венік, граблі, вядро, ануча, швабра… Пра свой знешні выгляд чалавек думае кожны дзень. Нормаю жыцця павінен стаць клопат і пра той куточак, дзе праходзіць значная частка нашага існавання. Навесці парадак і падтрымліваць яго пастаянна – абавязак і справа гонару кожнага з нас. Зусім не абавязкова чакаць чарговага суботніка ці загаду зверху.
— Паказальным у гэтым плане з’яўляюцца  дваровыя тэрыторыі ля дамоў №№3, 6 па вуліцы Чырвонаармейскай, — прыводзіць прыклад Валянціна Зайцава. – Некаторыя жыхары па чарзе прыбіраюць на сваіх лесвічных пляцоўках. Заслугоўвае ўвагі адзін з пад’ездаў па вуліцы Несенюка, д.1, дзе ўжо каторы час ідэальны парадак падтрымлівае жыхарка дома Марыя Падалінская. Заўсёды ў добрым санітарным стане пад’езд у доме 122 па вуліцы Савецкай, дзе жыве Ганна Сергіевіч. Прыемна зайсці таксама і ў дамы №№30, 100, 3, 4 па вул. Касцякова, Савецкая, Чырвонаармейская. Можна прыгадаць і іншыя адрасы, дзе жыхары таксама пастаянна захоўваюць чысціню і парадак свайго агульнага жытла.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Валянціна Зайцава са сваёй дружнай камандай.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!