Моц вёскі Радзеж — у людзях! (Маларыцкі раён)

Хораша зараз у вёсцы. Усюды адчуваецца нейкая ўрачыстая ўзнёсласць. Нібыта заўтра павінна здарыцца нешта незвычайнае. І такое адчуванне заўсёды ўзнікае на душы ў Надзеі Мікалаеўны Тарчыла пасля доўгай і зацяжной зімы. Штораніцы шпацыруючы на працу, на ферму “Радзеж” ДП “Ра­дзежскае”, якая стала за столькі гадоў роднай і блізкай, Надзея Мікалаеўна любіць назіраць, як у гэтыя дні прыбіраецца, прыхарошваецца вёска, быццам бы рыхтуючыся да вялікага, самага значнага ў жыцці свята.
      Жанчына не ўяўляе свайго жыцця без роднага Радзежа, шчырых і працавітых вяскоўцаў і сваіх падапечных – рахманых пяструх. Нездарма гавораць, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Так і пра Надзею Тарчыла можна сказаць: не шукала лепшай, лёгкай долі ў вялікіх ды тлумных гарадах, а пасля заканчэння Пінскага сельгастэхнікума ў 1986 годзе прыйшла працаваць маладым спецыялістам у родную гаспадарку. Праўда, уладкавалася не адна, а ра­зам з мужам Юрыем, які родам са Століншчыны. Маладой сям’і калгас выдзеліў дыхтоўны дом, у якім вось ужо на працягу 32 гадоў жывуць душа ў душу Надзея і Юрый Тарчыла. Абое – адны з лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства.

Фото Олега Кременевского

 “Надзея Мікалаеўна працуе ў нас асемянатарам, а Юрый Рыгоравіч – ветэрынарным урачом. Ён адзіны спецыяліст на ўсю гаспадарку. Нагрузка каласальная, але, малайчына, спраўляецца,” – гаворыць дырэктар прад­прыемства Мікалай Якімчук. Юрый і Надзея стварылі сапраўдны сямейны падрад: адзін аднаму дапамагаюць, разам пераадольваюць цяжкасці і не скардзяцца на лёс. Працаваць даводзіцца шмат, і яны ўкладваюць ў сваю справу не толькі атрыманыя веды, але і душу, добра разумеючы, што толькі тады і будзе пэўны вынік.
— Да працы нам не прывыкаць, — усміхаючыся, кажа жанчына. – Мае баць­­кі таксама шчыравалі ў сельскай гаспадарцы, я вырасла ў вёсцы, таму з дзяцінства ведаю, як абы­ходзіцца з жывёлай, як правільна даглядаць за ёй.
Дарэчы, на ферме “Ра­дзеж”, дзе працуе Надзея Мікалаеўна, налічваецца 310 кароў, 160 цялушак. У сем гадзін раніцы жанчына ўжо на ферме, працоўны дзень яе мужа пачынаецца яшчэ раней.
— А палове пятай Юрый Рыгоравіч з даяркамі едзе на ферму, — тлумачыць Надзея Мікалаеўна. – Раней, калі дзеці вучыліся, трымалі вялікую гаспадарку: тры каровы мелі на падворку, абавязкова некалькі парсюкоў, куры ды індакачкі. Патрэбна было падымаць на ногі траіх сыноў. Зрэшты, двое атрымалі вышэйшую адукацыю і толькі адзін сярэдне-спецыяльную. Цяпер яны нам дапамагаюць.
Надзея Мікалаеўна з пяшчотай расказвае пра сваю вялікую сям’ю: сыноў і траіх унукаў – таксама хлоп­чыкаў.
Юрыя Рыгоравіча мы засталі на ферме ў Ра­дзежы. Ветурач праводзіў санапрацоўку цялушак, у другой палове дня ў яго была запланавана вакцынацыя цялят. Усяго пад наглядам ветурача знаходзіцца 1800 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 705 – дойны статак. Юрый Рыгоравіч не- шматслоўны. Пра сябе кажа, што ён звычайны вясковы чалавек, нічым не адметны. Мужчына скромнічае, не прывык ён да ўвагі журналістаў ды фотакамер.
          Дырэктар сельгаспрад­прыемства Мікалай Якім­чук добрыя словы кажа ў адрас яшчэ аднаго свайго

Фото Олега Кременевского

працаўніка – асемянатара Алёны Братчук. Нягле­дзячы на тое, што Алёна Мікалаеўна працуе на гэтай пасадзе адносна нядаўна – усяго некалькі гадоў, паспела зарэкамендаваць сябе як вопытны і вельмі адказны спецыяліст. Дарэчы, у гэтай гаспадарцы працуе трактарыстам і яе муж – Мікалай. Сям’я выхоўвае траіх дзетак, самай малодшанькай Міланачцы толькі чатыры гады.
Алёна Мікалаеўна спачатку шчыравала ў гаспадарцы даяркай. Потым, калі пайшла ў дэкрэтны водпуск, вырашыла з максімальнай карысцю выкарыстаць гэты час і завочна паступіла вучыцца ў Пінскі аграрны тэхнікум.
— Я люблю сваіх рагуль, — расказвае Алёна Братчук. – Яны як дзеці, ласкавыя і вельмі пяшчотныя. У кожнай жывёліны свой характар і да кожнай патрэбна знайсці падыход. Хочаш, каб праца прыносіла задавальненне, рабі ўсё з душой, добрым настроем.
Дзіву даешся, як гэтая прыгожая жанчына ўсюды паспявае, нібыта ў яе не дваццаць чатыры гадзіны у сутках, а намнога больш.
— За малодшымі дзецьмі дапамагае глядзець старэйшая дачка Вікторыя, — працягвае гаворку жанчына. – А па гаспадарцы – муж. Вядома ж, адна ніколі б не справілася. Штогод садзім гектар бульбы, 30 сотак буракоў, ля хаты ў агародчыку – агуркі, памідоры, капусту. Трымаем дзвюх кароў, тры бычкі падрастаюць.
Алёна Мікалаеўна не разумее, як можна жыць у вёсцы і не трымаць на падворку жыўнасць, не зай­мацца агародам. Канечне, гэта цяжкая, карпатлівая праца, калі шчыраваць даводзіцца штодзень, без святаў і выхадных.
— Які адпачынак можа быць? – смеючыся, кажа маладая жанчына. – Ка­роў патрэбна пакарміць, падаіць, выгнаць на пашу. Раней грамадскі статак быў вялікі, пасвіць кароў даво­дзілася раз у месяц, цяпер – па два разы.
Калі б Алёне з сям’ёй прапанавалі перабрацца жыць у горад, яна, напэўна, не пагадзілася б пакінуць сваю вёску, якую палюбіла ўсёй душой.
Пагадзіцеся, што на та­кіх дасціпных, шчырых і працавітых людзях, як Алёна Братчук, Надзея і Юрый Тарчыла, адданых роднай зямлі, улюбёных у сваю справу, і трымаецца наша вёска.
Кацярына ЯЦУШКЕВІЧ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.