Май. Народны каляндар

 

Сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца май адпавядае старажытнабеларуская “травень”, якая паходзіць ад слова “трава”, бо ў гэтым пятым месяцы года зямля пакрываецца зеленню. Цікава, што май нашыя продкі таксама называлі яшчэ і “ярац” – у гонар бажаства ўрадлівасці Ярылы.

Хоць да лета было рукою падаць, народ папярэджваў: “Май зямлю грэе, а сіверам вее”. Работы з кожным днём прыбывала, але гаспадар не спяшаўся даверыцца такому няпэўнаму яшчэ цяплу: “Май – валам дай, а сам на печ уцякай”. Па стану мая прыкідвалі, чым абернецца для селяніна палявы год: “Май халодны – год галодны”. Снег і мароз у апошнім веснавым месяцы прадказвалі засушлівае лета, не пакідалі добрых спадзяванняў і пчалярам. I наадварот, майскія грымоты нібыта паведамлялі пра добры плён на зямлі: “Дождж  у маі – хлеба будзе і на гультая”.

Народ ведаў, што цёплы пачатак мая можа абярнуцца холадам у канцы месяца. Калі бяроза перш чым вольха ліст распусціць ці дуб перш чым ясень, то лета будзе сухое, калі алешына першай будзе – мокрае. Народ таксама заўважыў: шмат хрушчоў — будзе добры ўраджай проса; рана заквітнела чаромха – будзе цёплае лета; чым раней яна пачынае квітнець, тым гарачэйшым будзе лета.

 

Прыкметы па днях месяца

Калі ноч пад першы дзень мая зорная і вее цёплы паўднёвы вецер – лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае.

  1. У гэты дзень прынята было сеяць моркву, буракі. Калі пачатак мая цёплы – у канцы будуць халады, і наадварот.

За колькі дзён перад Юр’ем расцвітуць сады, праз столькі дзён пасля Пятра (12 ліпеня) пойдуць жаць жыта.

  1. Юрый. З гэтага дня, лічылася, што амаль паўсюдна пачынае куваць зязюля, адбываўся першы выпас жывёлы. Дбайны гаспадар не прапускаў без увагі стан надвор’я і рабіў для сябе пэўныя вывады: калі на Юр’я мароз – будзе добры авёс. Снег у гэты дзень даваў надзею, што ўлетку пабялеюць палі ад ураджайнай грэчкі. Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода. Густы дождж упэўніваў селяніна, што вырасце густое вялікае жыта. Жыватворная раса таксама абяцала прыбытак. У народзе казалі: “Калі будзе раса –  хопіць коням аўса”. А вось калі кукавала зязюля да Юр’я –  да неўраджаю.
  2. Яўсееў дзень. З гэтага дня бывае яшчэ 12 маразоў.
  3. Дождж на святога Марка, дык зямля як скварка. Калі на Марка ясны дзень – будзе добры ўраджай яравых.
  4. Цёплы вечар і зорная ноч – да ўраджаю збожжа.
  5. Непагадзь у гэты дзень абяцае суровую і халодную будучую зіму. Калі дзень будзе пагодлівым, то і ўборка хлеба прыгожай.
  6. З раніцы вялікая раса і ясны дзень – на ўраджай агуркоў.
  7. Дзень з дажджамі – на багаты ўраджай грыбоў.
  8. “Да Міколы няма дабра ніколі”, – гаварылі ў народзе, г. зн. няма пэўнасці ў надвор’і, і толькі Мікола “пагоду становіць”. Гаспадар ведаў, што, зрабіўшы запас сена да Міколы, ён можа заставацца спакойным за жывёлу: “Май сена да Міколы і не бойся зімы ніколі”. Народная мудрасць таксама перасцерагала: да Міколы не сей грэчкі ды не стрыжы авечкі.
  9. Па гэтым дні меркавалі пра ўсё наступнае лета: калі ён мокры, то і лета будзе мокрае, калі сухі – усё лета сухое.
  10. Шмат камароў – шмат ягад у лесе, а шмат мошак – шмат грыбоў.
  11. Сей агуркі на Пахома – будзеш насіць мяхом. На Пахома цёпла – усё лета цёплае.

 

Сказана як звязана

Май –  жывёлу ў поле пхай.

Калі прыйдзе Юры, не ўглядзіш у жыце куры.

Майская трава галоднага корміць.

Май –  і пад кустом рай.

Прыйшоў Мікола – высыпаў мошак з прыпола.

Калі квітнее чаромха, то заўсёды жыве холад.                                                                      

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!