Раман Алесік — знайсці сябе і быць карысным людзям (Маларыцкі раён)

 

Чарговы званок у рэдакцыю райгазеты «голас часу» нядаўна быў з вёскі Збураж.

— Калі ласка, наведайцеся да нас на ФАП і напішыце ў газеце пра Рамана Фёдаравіча Алесіка, вельмі спагадлівага маладога чалавека, добрага фельчара, — паведамляў у тэлефоннай трубцы жаночы голас.

У шчырасці слоў вяскоўкі сумненняў не было, тым больш, што раней ад кіраўніцтва райбальніцы ўжо чула добрыя водгукі пра Рамана Алесіка. Заставалася толькі назначыць час сустрэчы, бо, як вядома, загадчык фельчарска-акушэрскага пункта ў будынку знаходзіцца ў час прыёму, а потым адпраўляецца па тэрміновых выкліках. А калі такіх няма,  наведвае праблемныя сем’і,  бывае з патранажам у маленькіх дзяцей, вяскоўцаў-інвалідаў.

 У сям’і Рамана Алесіка медыкаў не было. І калі ў старэйшых класах праявілася схільнасць хлопца да біялогіі, бацька параіў сыну паступаць ў медыцынскі каледж.

— У той час якраз хварэла бабуля, ды і іншым сваякам свайго медыка мець было не лішнім, — усміхаючыся, расказвае пра матывацыю свайго выбару Раман Фёдаравіч.

Так, можна сказаць, было закінута у свядомасць школьніка Рамана зерне прафарыентацыі менавіта ў медыцынскую спецыяльнасць. І ён паступіў у Пінскі медыцынскі каледж. За тыя веды, што атрымаў у час вучобы, ён і сёння ўдзячны навучальнай установе, бо некаторыя канспекты карысныя, як прызнаецца, і сёння.

Першым месцам працы Рамана Алесіка стаў ФАП у Мельніках. Два з паловай гады работы ў вёсцы далі маладому спецыялісту магчымасць зацвердзіцца,  паверыць у свае сілы і, самае галоўнае, навучылі разумець праблемы простых вясковых людзей з іх штодзённымі клопатамі, за якімі забываюцца ўсе хваробы. Малады спецыяліст заўжды быў гатовы дапамагчы, параіць, уважліва выслухаць. У рабоце фельчара ўсё атрымлівалася,  але маладосці ўласціва быць заўжды ў пошуку. І Раман вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі фельчара “хуткай дапамогі”. Спачатку пэўны час працаваў у Брэсце, затым у аддзяленні хуткай дапамогі ў Маларыце.

— Работа на “хуткай”,  выезды на экстранныя выклікі, калі трэба адразу прымаць ра­шэнні, далі вопыт. Даводзілася сутыкацца з рознымі сітуацыямі. Цяпер усё гэта дапамагае ў рабоце. Увогуле, медыцына любіць практыку, — разважае ў размове Раман Фёдаравіч.

Быў у прафесійнай біяграфіі Рамана Алесіка перыяд, калі ён з-за фінансавых праблем на кароткі час адмовіўся ад набытай прафесіі, падаўся ў будаўнікі. Але вельмі хутка зразумеў, што гэта не яго шлях, што некалі ён абраў для сябе правільную, важную і патрэбную справу, і калі ўжо вывучыўся на фельчара, павінен прыносіць людзям карысць. Якраз атрымалася так, што на яго маленькай радзіме, у вёсцы Збураж, на ФАПе з’явілася вакантнае месца. Паколькі кіраўніцтва райбальніцы ведала Рамана Фёдаравіча як добрага спецыяліста, яму пайшлі насустрач. І вось ужо другі год Раман Алесік працуе загадчыкам Збуражскага фельчарска-акушэрскага пункта. На участку, які абслугоўвае ФАП, дзве вёскі – Збураж і Гарохавішча, а гэта крыху больш за 470 вяскоўцаў. Большасць,  вядома,  людзі сярэдняга і пажылога ўзросту.

— У вёсцы Гарохавішча на пачатку года было 7 жыхароў, цяпер ужо засталося пяць, і ў большасці гэта людзі пажылыя. Да іх стараюся наведвацца дамоў. І калі прыязджаеш да аднаго вяскоўца, абавязкова пагутарыш і з іншымі, бо кожны хоча, скарыстаўшыся магчымасцю, нешта распытаць, параіцца.  — расказвае фельчар.

Колькасць выклікаў,  як і коль­касць пацыентаў,  якія прыхо­дзяць на прыём да фельчара, як заўважае Раман Фёдаравіч, залежыць ад сезона. Вясной, калі людзі заняты апрацоўкай прысядзібных участкаў,  звычайна назіраецца зацішша. Напэўна, гэта можна растлумачыць тым, што людзі менш звяртаюць увагу на сваё адчуванне,  бо вяскоўцы народ працавіты, кожны стараецца каб і на падворку парадак навесці, і агарод пасадзіць хутчэй. Але ж, як заўважае фельчар, хваробы ад гэтага нікуды не знікаюць і, вядома, потым праяўляюцца, яшчэ і з ускладненнямі. Калі на ФАПе менш наведвальнікаў, фельчар стараецца выкарыстаць час, каб пабываць у сем’ях з дзецьмі, наведаць тыя катэгорыі людзей,  якія павінны быць пад пастаяннай увагай.

Працаваць у вёсцы, дзе ты нарадзіўся,  дзе ведаеш многіх з самага дзяцінства, як пры­знаецца Раман Фёдаравіч, прыемна, але і ў той жа час больш адказна. “Землякі па-іншаму ацэньваюць тваю работу, ды і сам стараешся не згубіць давер”, – адзначае фельчар. З людзьмі ён заўжды ветлівы, стрыманы, тактоўны, уважлівы. Жыхарам вёскі  вельмі зручна, што іх доктар (так называюць фельчара вяскоўцы) умее аказаць любую экстранную дапамогу, а таму часта абыходзіцца без выкліку “хуткай”. Нярэдка вяскоўцы тэлефануюць на ФАП,  каб атрымаць у фельчара завочную кансультацыю. І ён ніколі не адмаўляе ў парадзе, усё дакладна растлумачыць, бо ўпэўнены: для медыцынскага спецыяліста вельмі важна заслужыць сваёй работай аўтарытэт і давер людзей.

Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!