Вялікі май, пераможны май!

9 Мая — гэта заканчэнне самай жахлівай, бязмерна жорсткай і страшнай вайны, якая цягнулася ажно 1418 дзён і начэй. Наш народ выстаяў і перамог. Шлях да гэтага быў доўгім выпрабаваннем для ўсіх жыхароў краіны. А здабывалі Перамогу на палях змаганняў у першую чаргу яны, ветэраны Вялікай Айчыннай. Сёння яшчэ можна паглядзець ім у вочы, якія самі бачылі тую жахлівую вайну. Яшчэ ёсць магчымасць паціснуць ім рукі, якімі кавалася доўгачаканая перамога. Яшчэ ёсць незабыўныя імгненні пачуць іх голас “За Радзіму! За Перамогу!” У нас ёсць магчымасць сказаць самыя шчырыя і цёплыя словы за наша вольнае шчаслівае жыццё і вялікі дзякуй ім, удзельнікам апошняй вайны. Пакуль можна яшчэ абняць і дакрануцца да іх, жывых пераможцаў. Гэта – выпакутаваная ўрачыстасць, дзе цесна перапляліся светлы смутак і вялікая радасць. 9 Мая — свята са слязамі на вачах. Яно заўжды будзе нам напамінаць, якой цаной заваявана мірнае і шчаслівае жыццё на нашай зямлі. Дзень Перамогі – сімвал славы і доблесці, мужнасці і гераізму.

Дзень Перамогі… Свята, якое да краёў напоўнена невымернай удзячнасцю нашчадкаў, памяццю адной на ўсіх.  У ім столькі самаахвярнасці, духоўнай сілы і велічы беларускага народа. Гэта – свята ўсіх і кожнага, бо, напэўна, няма такой сям’і, якой вайна не дакранулася б сваім чорным крылом, дзе б не пакінула свой след. Дзень Перамогі – самае любімае і народнае свята. Пра гэта яскрава сведчаць святочныя ўрачыстасці, якія адбыліся ў райцэнтры, куды сабралася не адна сотня людзей.
8 мая. Пасля абеду, бліжэй пад вечар, на гарадской плошчы былі разгорнуты гандлёвыя рады, куды паступова сталі збірацца маларытчане і госці горада.  Пасядзець, абмеркаваць і абмяняцца думкамі прыйшло многа людзей.  Асабліва ажывілася плошча ў 19.00. Тут пачаўся тэатралізаваны канцэрт “Толькі ты змагла, мая Радзіма”. У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел самадзейныя артысты. Больш 2 гадзін гледачоў сваім майстэрствам радавалі вядомыя і праслаўленыя выканаўцы Маларытчыны, у іх ліку: народны хор ветэранаў (кіраўнік Галіна Бягеза), вакальны ансамбль “Рытчанка” (кіраўнік Ганна Палівода), ансамбль эстраднай песні “Акалада” (кіраўнік Алёна Жлукта), ансамбль народнай песні “Чарняначка (кіраўнік Вольга Дзягель), а таксама Вікторыя Ляўчук, браты Барысюкі і інш.
Затым адбылася забаўляльна-гульнёвая праграма “Развярні мяхі, салдацкі гармонік!”, падрыхтаваная Аленай Палівода, культарганізатарам ГДК. Завяршыўся перадсвяточны дзень танцавальнаю праграмаю на гарадской плошчы.
9 мая. 8.15. У горадзе пачалося ўскладанне кветак да помнікаў горада. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў раённай улады, прадпрыемстваў, устаноў.
8.30. На пляцоўках перад ГДК, СШ №1 і ПМК-20 гучаць патрыятычныя мелодыі.
9.20. Стартуе святочнае шэсце да помніка загінуўшым воінам, партызанам і мірным жыхарам. На чале калоны – юныя барабаншчыцы СШ №1, Брэсцкі гарадскі аркестр духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля і прадстаўнікі ўлады раёна, аддзелаў райвыканкама, ветэраны апошняй вайны. Тут жа крочаць воіны-інтэрнацыяналісты, афіцэры запасу, воіны-пагранічнікі, вучні школ, гімназіі, навучэнцы прафесійнага ліцэя, працоўныя калектывы. Святочная калона, упрыгожаная кветкамі, сцягамі, рознакаляровымі шарыкамі, павольна накіроўваецца ў сквер, які знаходзіцца ў канцы вуліцы Савецкай, на скрыжаванні дарог Олтуш-Збураж.
10.00. Пачынаецца мітынг. Ля помніка – ганаровы каравул пагранічнікаў Маларыцкага аддзела пагранслужбы і вучняў СШ №1. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Затым слова прадастаўляецца Казіміру Лапічу, старшыні райвыканкама. Потым да прысутных звяртаюцца Васіль Маркаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны; Алег Шышацкі, ваенкам раёна, старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў; Уладзімір Бойка, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў; Алена Адынец сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ раённай гімназіі. Ускладваюцца кветкі і вянкі да помніка, аб’яўляецца хвіліна маўчання. У гэты час пагранічнікі даюць трохразовы салют са стралковай зброі…
14.00. На гарадскім стадыёне матчам паміж камандамі ПМК-20 і «Брэстхлебапрадукт» – Абласны цэнтр алімпійскага рэзерву праходзіць адкрыццё чэмпіянату Брэстчыны па футболу (першая гульня ў сезоне).
У час святкавання Дня Перамогі мы пацікавіліся ў гараджан, што для іх значыць гэты дзень.
Іван Шыцікаў (1):
-Для мяне асабіста — гэта вялікае шчасце, таму што ў той дзень 66 гадоў назад спынілася братазабойчая вайна. Свет уздыхнуў з палёгкаю, бо закрыліся яе дзверы. Карычневая чума, якая распаўзалася па Еўропе, раз і назаўжды была знішчана. 9 мая 1945 года сустрэў у шпіталі. Хоць і быў паранены, але гэтая вестка ураз перамагла боль. Яна абнадзеіла, дала веру, што жыццё будзе працягвацца, што ўжо я сам гаспадар свайго лёсу. Разам з гэтым  Дзень Перамогі – гэта даніна павагі тым, хто не вярнуўся з франтоў вайны, хто сваёю крывёю набліжаў вызваленне.
Марыя Струк (2):
— 9 Мая – дзень незвычайны, незабыўны і важны для кожнага з нас. Вайна так глыбока пераарала наша грамадства, такою колькасцю асколкаў трапіла ва ўсіх, што свята наўрад ці каго пакідае раўнадушным. Яно стала агульнанацыянальным, адным з самых любімых. Тое, што перажылі краіна і кожны яе грамадзянін, не забываецца ніколі. Гэта застаецца рубцом назаўжды ў генетычнай памяці народа. Падзеі мінулай вайны і я дагэтуль не магу выкрасліць са сваёй памяці. Хоць і прайшло 66 гадоў, а ваеннае ліхалецце напамінае  пра сябе пастаянна.
Мікалай Трафімук (3):
— Гэта – гістарычны дзень, які цалкам змяніў свет, наша агульнае свята. Мне давялося прайсці доўгімі і нялёгкімі ваеннымі дарогамі, таму ведаю цану слову “перамога”. Мы чакалі гэтага дня і набліжалі яго, як толькі маглі. Дзень Перамогі – сімвал нашай незалежнасці, росквіту.
Сёння сябе злавіў на думцы, што хоць час і хутка ляціць наперад, але яму не падуладна наша памяць пра апошнюю вайну. Пакуль пра гэта памятаем – будзем жыць.  Нас не скарыць нікому.
Вольга Гадзецкая (4):
— Светлы, доўгачаканы і радасны дзень. Ён зноў прыйшоў да нас. Адрасатаў у яго вельмі многа. Кожны населены пункт, кожны дом, сям’я. Усім, напэўна, ёсць пра каго ўспомніць у гэты дзень. Вайна не абмінула і нашу сям’ю. Мой бацька, Вячаслаў Іосіфавіч, быў ветэранам Вялікай Айчыннай, змагаўся з ненавісным ворагам. На жаль, яго ўжо няма разам з намі. Таму пасля мітынгу ўся наша сям’я з кветкамі абавязкова наведваецца на магілу да яго. Для нас гэта яшчэ адна прычына пабыць там, дзе пахаваны  дарагі нам чалавек.
Маша Бурштын (5):
— У гэты дзень прыгожа апранаюся, надуваю рознакаляровыя шарыкі і з мамай іду на плошчу. Там многа людзей з кветкамі, сцяжкамі. Мне падабаецца ў калоне крочыць з усімі туды, дзе праходзіць мітынг. Я люблю гэтае свята і чакаю яго з нецярпеннем. Яно ў мяне адно з самых любімых.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!