Аддаць сябе іншаму

У в.Лукава адбылося незвычайнае мерапрыемства. На сцэне мясцовага СДК упершыню прайшла акцыя “Анёл міласэрнасці”, якая была прымеркавана да Вялікадня. Яе мэта — адраджэнне і развіццё хрысціянскай дабрачыннасці і міласэрнасці.
-“Анёл міласэрнасці”, — гаворыць Марыя Пангліш, — праходзіць пад дэвізам: права дапамагаць ёсць у кожнага. Ці патрэбна міласэрнасць сёння? Безумоўна. Аднак у наш імклівы час пачуццё любові да бліжняга, спагада, спачуванне здаюцца многім перажыткам мінулага. Незахаванне маральных законаў прывяло да таго, што гэтыя пачуцці нашымі сучаснікамі забыты. Яны змыты з нашых душ і сэрцаў. Аднак я пераканана, што міласэрнасць вечная. Ва ўсе стагоддзі гэта вельмі неабходна людзям, каб з годнасцю насіць высокае званне “Чалавек”. Менавіта на міласэрнасці і трымаецца свет.
Мерапрыемства, якое нікога не пакінула абыякавым, падрыхтавана сумеснымі намаганнямі Алы Алесіюк, дырэктара СДК; Ларысы Анішчук, бібліятэкара; сястрынства ў гонар абраза Божай Маці “Усіх тужлівых радасць” і маладзёжнага хору пры Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты пад кіраўніцтвам матушкі Алы Струнец. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі выхаванцы дзіцячага садка і вучні мясцовай школы.
Больш чым паўтары гадзіны ў сценах установы культуры гучала божае слова, услаўляўся І.Хрыстос, які ўваскрос. Песні, вершы, цікава расказаныя гісторыі, слайды відэапрэзентацыі, гукі звонаў, ціхая царкоўная музыка – усё гэта разам неяк па-асабліваму ўздзейнічала на прысутных. Сэрцы перапаўняла велікодная радасць, на душы станавілася светла, таму прыўзняты святочны настрой панаваў на працягу ўсёй сустрэчы.
-Чалавеку нельга не быць міласэрным, — пераканана Ганна Лямачка, 80-гадовая маларытчанка, якая прымала ўдзел у акцыі. – Свечка нічога не губляе, калі ад яе полымя запалілася яшчэ адна. Міласэрнасць – патрэба аддаваць сябе другому чалавеку, здольнасць ахвяраваць дзеля іншых. Яе праяўляюць не дзеля славы і нейкай зямной узнагароды, а для сябе, каб жыццё мела сэнс. Быць міласэрным – значыць рабіць для бліжняга ўсё, што ў нашых сілах.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел: айцец Сергій Струнец (г.Маларыта); айцец Сергій Бірук-Русу, настаяцель храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы (в.Лукава); Ганна Анішчук, старшыня Лукаўскага сельскага Савета.
Р.S. Спонсарам акцыі выступіў СВК “Чырвоны партызан” (старшыня – Сяргей Сцепанюк).
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!