АПЫНУЛІСЯ Ў ПАЛОНЦЫ…

Без перабольшвання, свята Вадохрышча ў Арэхаве адзначаецца падобна Вялікадню і Раству Хрыстоваму. Мясцовы храм 19 студзеня поўны прыхаджан: сюды прыйшлі людзі ўсіх узростаў, асабліва шмат моладзі, хаця некалькі гадоў назад адчуваўся перакос у бок старэйшага пакалення. І гэта ніколькі не даніна модзе – узяць вадохрышчанскую ваду. Мясцовыя прыхаджане падаюць запіскі – і за здароўе блізкіх, і за спачын, запальваюць свечкі, набываюць іконы для дома, звяртаюцца за парадамі да свяшчэнніка айца Анатоля.
Пасля святочнай службы і асвячэння вады ў храме, адбыўся хрэсны ход на Арэхаўскае возера, дзе айцец Анатоль асвяціў ваду ў палонцы. Скакаць у ледзяную купель, каб прыняць на сябе дараваную вадзе Боскую ласку, для жыхароў Арэхава стала традыцыяй. Занятак гэты хоць і старадаўні, але з кожным годам набывае тут усё большую папулярнасць. Вада ў гэтыя святыя дні надзвычай халодная, але незвычайная. Асвяціўшы яе з малітвай, айцец Анатоль першым апынуўся ў палонцы. Затым за ім сталі скакаць у ледзяную ваду мужчыны і дзеці – усяго некалькі дзесяткаў арэхаўцаў. А потым з набожным настроем у палонцы апынулася 86-гадовая арэхаўчанка Вольга Андрэеўна Дзямчук. Дарэчы, яна кожны раз прыходзіць сюды ў дзень Вадохрышча і акунаецца, перахрысціўшыся, у цудадзейную ваду.
— Рабіць так трэба толькі з верай, з падзякай Госпаду за выратаванне, якое ён дараваў нам сваім хрышчэннем у Іардане, за тое, што ўзяў на сябе нашы грахі. А як цудоўна адчуваюць сябе пасля такога купання наша цела і душа, вы не ўяўляеце. Усе болі знікаюць, — гаворыць айцец Анатоль, па¬кідаючы палонку.
Гледзячы на колькасць вады, якую ў дзень святога Вадохрышча набіралі арэхаўцы, а напаўнялі яны ёй вёдры, каністры, бутэлькі, а таксама на колькасць тых, хто апынуўся ў той дзень у ледзяной купелі, міжволі падумалася, што рухаюць мясцовымі жыхарамі духоўныя матывы, прадыктаваныя ў першую чаргу самой сутнасцю падзеі – добрай і абнадзейлівай.

НА ЗДЫМКУ: перахрысціўшыся, апускаюцца арэхаўцы ў цудадзейную ваду.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!