Жизнь как есть: Татьяна Бурштын поменяла магазин на молочную ферму (Малоритский район)

Калі б Таццяне Бурштын гадоў дваццаць таму сказалі, што яна будзе працаваць загадчыцай малочнатаварнай фермы, жанчына не паверыла б, палічыўшы сказанае за адмысловы жарт. Працавала яна прадаўшчыцай у магазіне. Разам з мужам Леанідам выхоўвалі двух сыноў. Як і ўсе вяскоўцы, трымалі вялікую гаспадарку, шчыравалі на зямлі.

— У магазін часта заходзілі даяркі з суседняй фермы, — расказвае Таццяна Сця­панаўна. – Жанчыны куплялі марожанае, цукеркі. Я тады сама сабе падумала, мабыць, у іх добрыя заробкі, калі не шкадуюць грошай на ласункі.  Разгаварылася з жанчынамі. Аказалася, што на ферму патрабуюцца даяркі. Параіўшыся з мужам, вырашыла паспрабаваць сябе ў сельскай гаспадарцы.

Вось ужо на працягу 15 гадоў Таццяна Бурштын працуе загадчыцай фермы “Высокае” ААТ “Чырвоны партызан” і ніколькі не шкадуе, што аднойчы змяніла сферу дзейнасці. Хаця работа ў Таццяны Сцяпанаўны нялёгкая.

— Прачынаюся на досвітку і хутчэй на дойку, — усміхаючыся, расказвае жанчына. – Зараз самы гарачы  і адказны час. Два статкі кароў, а гэта 470 галоў, знаходзяцца на пашы. На ферме стаяць на дарошчванні 120 цялят. За ўсім патрэбен догляд і кантроль. На рабоце я патрабавальная як да сябе, так і да сваіх падначаленых. Не люблю і не цярплю абыякавых адносін да справы. Кожны павінен добрасумленна выконваць свае абавязкі.

Добрыя словы ў адрас Таццяны Бурштын гаворыць і дырэктар ААТ “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк.

— Таццяна Сцяпанаўна цу­доўны спецыяліст, — адзначае кіраўнік гаспадаркі. – У яе сапраўды залатыя рукі. Усё,  за што яна ні возьмецца, бу­дзе зроблена так, як мае быць. Яна сапраўды любіць сваю справу і не лічыцца з вольным часам. Тым больш, што ў гаспадарцы працуюць муж   і сын Таццяны Сцяпанаўны.

Адпачываць Таццяне Бурштын няма калі. Пасля цяжкага працоўнага дня жанчына спяшаецца дамоў, завіхаецца па хатняй гаспадарцы. Вечарам уся сям’я збіраецца разам за агульным сталом ва ўтульным прасторным доме.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.