Мерыдыяны і паралелі Таццяны Мартынюк (Маларыта)

Таццяна Аляксееўна Мартынюк вось ужо 34 гады сее разумнае, добрае, вечнае. Яна, педагог вопытны, творчы, спрактыкаваны, улюбёны ў сваю прафесію, далучае вучняў Маларыцкай раённай гімназіі да дзіўнага, цікавага і таямнічага свету геаграфіі. 

Зазіраючы ў мінулае, Таццяна Мартынюк пры­знаецца, што настаўнікам яна магла і не быць. У дзяцінстве марыла стаць лётчыкам, сядзець за штурвалам самалёта і лётаць над аблокамі. Аднак  задуманае не збылося.  У 8 класе яна ўлюбілася ва ўрокі геаграфіі, якія та­ды ў СШ №1 выкладала Тэрэза  Барысаўна Бруцкая. Менавіта гэтая настаўніца паспрыяла таму, што Таццяна  Старыкава (прозвішча ў дзявоцтве) вырашыла пасля заканчэння школы падаць дакументы на прыродазнаўчы факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Да паступлення старанна рыхтавалася, шмат чытала дадатковай літаратуры.

Самастойную працоў­ную дзейнасць Таццяна Мартынюк пачынала старшай піянерважатай у Хаціслаўскай СШ Маларыцкага раёна, а пасля заканчэння ВНУ – настаўніцай  геаграфіі СШ №2 Маларыты. Затым яе  педагагічны лёс быў звязаны з СШ №3, пазней – з раённым ліцэем. А з верасня 2009 года Таццяна Аляксееўна  працуе ў Маларыцкай раённай гімназіі. Яна заўсёды шчыруе самааддана як педагог, старанна рыхтуецца да кожнага ўрока,  шукае свае, цікавыя формы, метады і прыёмы работы з вучнямі. Таму геаграфію яны любяць, а настаўніка паважаюць за справядлівасць, адкрытасць, добразычлівасць і сардэчнасць.

– Калі рабіла свае пер­шыя самастойныя крокі ў прафесіі, – гаворыць Таццяна Мартынюк, – зразумела, што атрыманы дыплом яшчэ не з’яўляецца гарантыяй таго, што ты ўжо сапраўдны настаўнік.  Пераканалася, каб ім стаць, неабходна што-дзённая і карпатлівая  праца. Усяму вучылася сама, пераймаючы вопыт сваіх старэйшых калег.

Прайшоў не адзін месяц, перш чым Таццяна Аляксееўна набыла неабходны вопыт, уменні і навыкі. Гэта цяпер настаўніца без страху і хвалявання праводзіць для калег адкрытыя ўрокі і майстар-класы па геаграфіі, дзеліцца педагагічнымі сакрэтамі. А раней і горыч расчаравання была, і нейкая нават няўпэўненасць. Аднак высокая патрабавальнасць да сябе,  жаданне ісці ў нагу з часам, імкненне працаваць старанна і шчыра далі плён. Цяпер Таццяна Мартынюк імкнецца не капіраваць тое, што ўжо створана іншымі, а спрабуе выпрацоўваць свой індывідуальны стыль, тэхналогію падачы і засваення вучэбнага матэрыялу вучнямі.

– Урокі геаграфіі — гэта не толькі мерыдыяны і паралелі, акіяны, глыбокія моры, высокія горы, нязведаныя далі, імклівыя рэкі… – гаворыць Таццяна Мартынюк. –  Урокі геаграфіі істотна ўплываюць на фар­міраванне паў­на­вартаснай асобы чалавека і грамадзяніна-патрыёта,  дапамагаюць выхоўваць любоў да роднага краю, беражлівыя адносіны да таго, што знаходзіцца побач.

Таццяна Аляксееўна імкнецца максімальна напаўняць урокі практычнай змястоўнасцю. Падчас іх правядзення выкарыстоўвае шматлікія элементы розных адукацыйных тэхналогій, якія садзейнічаюць павышэнню ўзроўню засваення новых ведаў. Абавязкова на кожным занятку яна прымяняе мультымедыя, інтэрактыўную дошку, выкарыстоўвае індывідуальны падыход і стварае зда­роўе­-зберагальнае асяроддзе для кожнага вучня. Для павышэння якасці іх ведаў і матывацыі, пазнавальнай актыўнасці і набыцця трывалых ве­даў Таццяна Мартынюк прымяняе праграмы-трэнажоры. Вынікі дае і праблемнае навучанне. Вучні Таццяны Аляксееўны не адзін раз займалі прызавыя месцы на раённым этапе прадметных алімпіяд па геаграфіі, раённых навукова-даследчых канферэнцыях “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”, абласных навукова-практычных канферэнцыях “З навукай у будучыню”. Таццяна Мартынюк  ціка­віцца і пытаннямі краязнаўства.

– У жыцці часта бывае так: чалавек нарадзіўся, вырас, атрымаў адукацыю і  пакінуў куток маленства, – кажа Таццяна Аляксееўна. – Але ў памяці назаўсёды застаюцца тыя мясціны,  дзе знаходзіцца бацькоўскі дом і дзе спазнаў многія таямніцы і дзівосы роднага краю. Хочацца іншы раз пабываць там, але да яго дзясяткі ці нават сотні кіламетраў. Тады на дапамогу прыхо­дзяць не толькі розныя даведнікі, фотаальбомы, фотаздымкі…

З гэтай мэтай пад кі­раўніцтвам настаўніцы рэалізаваны краязнаўчы інфармацыйны праект “Электронная энцыклапедыя Маларыты”. Вучні Таццяны Мартынюк не раз удзельнічалі ў раённых і абласных краязнаўчых конкурсах і канферэнцыях. Педагог з’яўляецца аўтарам краязнаўчай брашуры “Мікратапаніміка Маларыцкага раёна”, якая выдадзена аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі. Таццяна Аляксееўна таксама прымала ўдзел у рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Краязнаўства як адзін з накірункаў вучэбна-выхаваўчай работы ў школе і ВНУ”. Яна ўзна­гароджана Дыпломам Федэрацыі праф­саюзаў Беларусі за актыўны удзел у пра­вядзенні рэспуб­ліканскай прафсаюз­най экскурсійна-турыс­тычнай выставы “ПРАФТУР – 2016”.

 – Таццяна Аляксееўна, як бы вы маглі сфармуляваць сваё педагагічнае крэда?

–  Удасканальвай сябе,  і ўсё,  што ты будзеш рабіць, будзе тады імкнуцца да дасканаласці.

… Пасля заканчэння ўрокаў Таццяна Мартынюк звычайна не спяшаецца дадому. Яна затрымліваецца, каб пад­рыхтаваць неабходны наглядны матэрыял да заўтрашніх заняткаў, адабраць патрэбны медыяматэрыял. Таццяна Аляксееўна атрымлівае задавальненне, калі пасля заканчэння ўрока яго пастаўленыя мэты дасягнуты. Калі гэта так, значыць урок атрымаўся, ён стаў выніковым, патрэбным і карысным.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.