Майстар-класы маларытчан па ткацтве ў Ратна (Украіна)
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама сумесна з аддзелам культуры, аддзелам адукацыі, па справах моладзі і спорту Ратнаўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Украіны працягваюць рэалізацыю праекта “Народная творчасць без межаў”, які ўваходзіць у Праграму тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства Беларусь – Украіна і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
Стартавая міжнародная канферэнцыя прайшла 20-21 лютага ў ГДК Маларыты. 20-22 сакавіка ў рамках рэалізацыі праекта “Народная творчасць без межаў” на базе Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці прайшлі майстар-класы па ткацтве. Тады павучыцца і пераняць вопыт работы маларыцкіх майстроў Валянціны Струнец, Алы Назарук і Святланы Луцык прыехалі ткачыхі з Брэста, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага раёнаў, а таксама з г.Ратна (Украіна).
Нядаўна дэлегацыя нашага раёна на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Андрэем Гарбацэвічам пабывала ў г.Ратна, дзе прайшлі майстар-класы па ткацтве. Майстры народных рамёстваў Валянціна Струнец і Святлана Луцык на працягу трох дзён праводзілі практычныя заняткі для ўкраінскіх калег па ткацтве палавікоў, рамізным ткацтве ручнікоў. Але асаблівую цікавасць у ратнаўскіх калег выклікалі практычныя заняткі па ткацтве спосабам “Кажушок”.
Валянціна Мікалаеўна і Святлана Сцяпанаўна расказалі прысутным пра асаблівасці гэтай тэхналогіі, прадэманстравалі “запраўку” асновы ў ніты і бёрды, паказалі, як прывязваюцца панажы, адбываецца замацаванне нітаў, затыканне асновы і падрыхтоўка кроснаў да навівання…
Згодна з планам рэалізацыі праекта ў ліпені гэтага года ў Маларыце пройдзе міжнародны пленэр ткачоў, а ў верасні ў Ратна – міжнародны фальклорны фестываль. Таксама запланавана і шмат іншых сумесных з украінскім бокам мерапрыемстваў, якія скіраваны на фарміраванне спрыяльных умоў для захавання і папулярызацыі элементаў традыцыйнай народнай культуры беларуска-ўкраінскага памежжа.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота з архіву аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама