Яўген Дацык: педыятрам можа працаваць толькі той, хто любіць дзяцей (Маларыцкі раён)

Залаты медаліст, выпускнік Макранскай СШ Яўген Дацык, атрымліваючы атэстат сталасці, не губляўся ў сумненнях: якім шляхам ісці ў дарослае жыццё. Некалькі гадоў да гэтага ўрачыстага моманту ён рыхтаваўся да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Да такога выбару прыйшоў, прыслухаўшыся да парады маці, якая была ўпэўнена, што ў сына ёсць пэўныя схільнасці да медыцынскай справы.

Паступленне, гады вучобы на педыятрычным факультэце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, практыка, інтэрнатура, якую праходзіў у Брэсце – усё гэта цяпер ужо даўно ў мінулым. І ні разу за гэты час малады ўрач не пашкадаваў,  што звязаў сваё жыццё з медыцынскай справай.

У час вучобы студэнт ме­д­уні­версітэта Яўген Дацык паралельна з вучобай працаваў фельчарам хуткай дапамогі. Работа сталічнай “хуткай” дала добрую практыку, вопыт і, можна сказаць, медыцынскую загартоўку. Будучы ўрач гатовы быў змяніць выбраны педыятрычны накірунак на экстранную тэрапію. Але гэтаму перашкодзіла мэтавае накіраванне, адпаведна з якім малады спецыяліст быў размеркаваны ў Маларыцкую ЦРБ урачом-педыятрам. Што так усё склалася і ён зноў вярнуўся на сваю маленькую радзіму,  Яўген Аляксандравіч цяпер толькі рады. Некалькі гадоў работы педыятрам пераканалі ўрача ў тым, што гэта яго справа.

— Работа з маленькімі па­цыентамі радуе тым,  што можна хутка ўбачыць эфект лячэння. Сёння дзіця хворае, праз тыдзень ужо паправілася. І заўжды прыемна, што ты змог дапамагчы. Але ў той жа час гэтая работа звязана з перажываннямі, хваляваннямі. Трэба ўмець знайсці кантакт і з бацькамі,  і з дзіцем,  прычым з дзіцем кантакт яшчэ больш важны, чым з бацькамі. Педыятрам можа працаваць толькі той, хто любіць дзяцей, — расказвае аб сваёй прафесіі Яўген Дацык.

Старанне маладога спе­цыяліста, яго імкненне раз­­вівацца заўважыла кі­раў­ніцтва, назначыўшы Яў­гена Аляксандравіча, які пасля двух гадоў работы здаў экзамен і атрымаў другую кваліфікацыйную катэгорыю, раённым педыятрам.

Расказваючы пра свае новыя абавязкі, Яўген Дацык адзначае, што стараецца сумяшчаць іх з практыкай, па-ранейшаму працуе на прыёме пацыентаў,  таму што лічыць важным не згубіць навыкі, якія ўжо напрацаваны, і хоча ў далейшым павышаць узровень ведаў.

У сваёй рабоце самым галоўным лічыць ўрач адказнасць за жыццё маленькіх пацыентаў. І, канешне, марыць, каб усе дзеці былі здаровымі. А яшчэ ёсць ва ўрача-педыятра пажаданне бацькам, каб на маладых дактароў яны глядзелі з большым даверам, не лічылі, што інтэрнэт падкажа лепш, чым урач.

 У Маларыце Яўген Дацык не толькі змог зацвердзіцца, як адукаваны спецыяліст. Тут ён сустрэў свой лёс. Яго жонка Вікторыя таксама ўрач. Маладая сям’я чакае папаўнення. Яўген прызнаецца, што заўжды марыў, каб яго другая палавінка была таксама з медыцынскай кагорты. Так і выйшла. Нават больш таго – Вікторыя з дынастыі ўрачоў. Цяпер у Яўгена Аляк­сандравіча ёсць новая мара – стаць пачынальнікам сваёй сямейнай медыцынскай дынастыі. Першы крок да гэтага ўжо зроблены.

Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  • 3
  • 268
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!