Маленькі рай Пятра і Валянціны Мартысюкоў з вёскі Новае Раматова (Маларыцкі раён)

Сапраўдны маленькі рай знаходзіцца не дзе-небудзь далёка, а ў невялічкай вёсачцы Новае Раматова. Крыху не даязджаючы да населенага пункта, збочваем з гасцінца і адразу нібы трапляем у іншае вымярэнне. Побач стаяць дзве прыгожыя дыхтоўныя сядзібы, у якіх жывуць дбайныя гаспадары Уладзімір і Таццяна Дзядковічы, Пётр і Валянціна Мартысюкі. Да апошніх мы і завіталі ў госці.

Акуратны дворык увесь патанае ў кветках. Ружовыя, бардова-жоўтыя, пунсовыя,  ярка-чырвоныя ружы радуюць вока ў аздабленні сімпатычных грыбочкаў, зробленых працавітымі рукамі гас­падыні, буслікаў, гно­міка, вожыкаў і качачак. Адцвітаюць пышныя пі­воні, хутка зазіхацяць рознакаляровымі фар­бамі лілеі – любімыя кветкі Валянціны Міхай­лаўны. Аксамітавым ізу­м­рудам аздабляюць кветнік папаратнік і ядловец. Адмысловы водар шчасця і дабрабыту, які лунае над сядзібай, выпраменьвае язмін. І патанула ў гэтай жыва­творнай цішы маленькага раю штодзённая мітусня гарадскіх вуліц. Хочацца прысесці на скамейку, якую змайстраваў улас­нымі рукамі Пётр Паўлавіч, і з асалодай, на поўныя грудзі дыхаць гаючым паветрам, настоеным на духмяным водары кветак, свежаскошанай травы і сасновага бору, які падступае да самай сядзібы.

— Тут плануем паставіць альтанку, — гаворыць гаспадыня,  паказваючы на пляцоўку з падмуркам. – Будаўніцтвам займаецца ў асноўным муж  з сынам, які жыве ў Маларыце. Мне падабаецца больш вырошчваць кветкі як пакаёвыя, так і садовыя.

Побач з домам расце сад, ёсць агарод, на якім зелянеюць цыбулька, капуста, хутка пойдуць агуркі з памідорамі. Трымаюць Мартысюкі і невялічкую гаспадарку. Валянціна Міхайлаўна працуе бухгалтарам у Пажэжынскім лясніцтве. Любімай справе жанчына аддала 35 гадоў. Пётр Паўлавіч таксама працаваў у лясніцтве, зараз на заслужаным адпачынку. Справу бацькоў працягвае сын Сяргей, які рупіцца лесніком.

Гэты год знакавы для сям’і Мартысюкоў: 40 гадоў таму назад 6 мая  Пётр і Валянціна пабраліся шлюбам. Не за гарамі  яшчэ адзін юбілей – 23 кастрычніка Валянціна Міхайлаўна адзначыць сваё 60-годдзе. Хаця выглядае яна намнога маладзей. Да прыгожай, стройнай Валянціны Міхайлаўны ніяк не дапасуюцца словы пенсіянерка ці бабуля. 

— Пазнаёміліся мы зусім выпадкова, — расказвае жанчына. – Быццам бы сам лёс наканаваў нам гэтую сустрэчу. Сама я родам з Хмялёўкі. Аднойчы прыехала да сваякоў у Новае Раматова дапамагаць шпалеры клеіць. Тут і спаткала сваё каханне. І вось ужо сорак гадоў жыву ў невялікай вёсцы і,  калі б,  напрыклад, прапанавалі пакінуць свой куточак і пераехаць жыць у горад, нізашто  не пагадзілася б. Ніякія гарадскія выгоды не вартыя гэтай прыгажосці і спакою, які пануе ва ўсім наваколлі.

Сапраўды, сваімі на­том­ленымі працавітымі рукамі Валянціна Міхай­лаўна і Пётр Паўлавіч на невялічкім лапіку зямлі стварылі маленькі казачны рай,  дзе можна адпачыць душой, схаваўшыся ад штодзённай мітусні і шэрых будняў.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.