«Без срока давности» Деревня Хмелище — расстреливали целыми семьями (Малоритский район)

Аб гэтым нельга маўчаць і вельмі цяжка гаварыць. І нават уявіць немагчыма, якія жудасныя пакуты давялося перажыць тым сведкам, каму пашчасціла вырвацца жывым з таго страшнага крывавага пекла. І кожны раз успаміны, нібыта токам прабягаючы па аголеных нервах, жудасным болем працінаюць усё цела. Пажылыя людзі, расказваючы пра тое, што ім давялося перажыць, не хаваюць слёз. Нават дзесяцігоддзі не здольны выкрасліць з людской памяці цяжкія і жудасныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Трэба памятаць, каб жыць годна і ніколі не дапусціць, каб нашу зямлю тапталі захопнікі, як тое здарылася ў далёкія 40-я гады мінулага стагоддзя.

Чорная пятніца

За гады акупацыі гітлераўцы правялі на тэрыторыі Беларусі больш за 140 карных аперацый. За гэты час нямецка-фашысцкія вылюдкі спалілі 9200 беларускіх вёсак, 5295 з якіх знішчылі разам або з часткай насельніцтва. Лёс гэтых населеных пунктаў раздзяліла і вёска Хмелішча, якую 23 кастрычніка 1942 года дашчэнту спалілі фашысты. У той страшны дзень было расстраляна і закатавана 128 ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў. Забівалі цэлымі сем’ямі, не шкадавалі нават немаўлят. Толькі некалькім вяскоўцам пашчасціла выбрацца жывымі з таго крывавага пекла. Анастасія Хведчык, якой сёлета споўнілася 87 гадоў,  23 кастрычніка 1942 года не забудзе ніколі. Памяць адзінаццацігадовай дзяўчынкі на ўсё жыццё занатавала да драбніц усё, што адбывалася ў тую чорную пятніцу. 

Зараз у вёсцы Хмелішча, што знаходзіцца на самым памежжы з Украінай, пражывае ўсяго толькі 8 чалавек. Дабрацца сюды няпроста. На дарожным указальніку пры павароце з Навалесся на Хмелішча па­значана 3 кіламетры. Калі рухаешся па выкрутаслівай лясной дарозе, што пятляе і губляецца сярод гонкіх сосен ды калматых ялін, здаецца, што да вёскі не тры кіламетры, а цэлых дзесяць. Вёска, што размясцілася на невялічкім лапіку зямлі, адабраным у шматвекавога лесу, амаль пустая. Толькі там-сям відаць жылыя сядзібы, астатнія пабудовы даўно пустуюць, пакрысе развальваюцца. Самота і цішыня. Прыкладна за паўкіламетра ад вёскі праходзіць беларуска-ўкраінская мяжа, таму пагра­нічнікі ў Хмелішча часта наведваюцца. 

Дом бабулі Анастасіі Хведчык з блакітнымі аканіцамі стаіць пры дарозе. Жанчына сустракае ля веснічак і запрашае прайсці ў сенцы, дзе пасля неймавернай чэрвеньскай спёкі ахутвае прахалодай. У хаце чысценька, на падлозе ляжаць ходнікі, якія яшчэ ў маладосці ткала ўвішная Анастасія Архіпаўна.  Бабуля Насця жыве адна, паціху, як дазваляе самаадчуванне, корпаецца па няхітрай хатняй гаспадарцы. Летась яшчэ агародам зай­малася, а сёлета, бядуе жанчына, давялося адмовіцца: здароўе не дазваляе. Адзіны сын уладкаваўся ў Брэсце, але маці тэлефануе амаль штодня, хвалюецца, усё ж такі размяняла матуля дзявяты дзясятак. Неверагодна, але нягледзячы на гады, бабуля,  здаецца, да драбніц помніць сваё дзяцінства, якое прайшло ў часы нямецка-фашысцкай  акупацыі.

— Ой,  дочэнько,  як зараз помню,  як немцы спачатку людзей знішчылі, а потым вёску ўсю спалілі, — гаворыць бабуля Насця. – Гэта быў звычайны будні дзень. Маці як заўсёды ўстала раней, каб снеданне прыгатаваць. Помню, што ў печы ўжо добра гарэлі дровы, як у хату зайшоў немец і кажа на польскай мове, звяртаючыся да бацькі, маўляў, збірайцеся і выходзьце на вуліцу. У калысцы, што вісела пад столлю, спаў малодшы брацік Міколка. Бацька пытае ў немца: “Дзіця таксама браць, ці няхай спіць?” Адказ фашыста быў кароткі: “Усе да аднаго выходзьце на вуліцу”. Сагналі вяскоўцаў у адну вялікую хату. Малыя плачуць, крычаць. Дарослыя як могуць іх супакойваюць, спадзяюцца, што нічога страшнага не здарыцца: патрымаюць і адпусцяць дамоў. Вельмі страшна. Хоць і 11 год мне было, але я разумела, што нездарма ўсіх жыхароў вёскі сагналі. Можа, у Германію будуць адбіраць. Надоечы нашага Арцёма, майго старэйшага брата, па­гналі на катаржныя работы ў Нямеччыну. Патрымаўшы людзей у хаце, фашысты загадалі ім выйсці на вуліцу і стаць у шарэнгу сем’ямі. Усюды ачапленне, гітлераўцы акружылі вёску, каб ні­хто не пабег у лес. Тут з’явіўся солтыс з запісной кніжкай. Разам з немцам падыходзіць ён да адной сям’і, зачытвае прозвішча і пытае, ці ёсць хто з родных у Германіі. Я заўважыла, што тыя сем’і, дзе сын ці дачка былі вывезены ў Германію,  аддзялілі ад астатніх. Дайшла чарга і да нас. Бацька кажа немцу, што старэйшы сын Арцём знаходзіцца ў Германіі. Немец з падазронасцю пытае: “Сын трапіў у палон ці на рабоце ў Германіі?” Солтыс пацвердзіў, што Арцём “остарбайтар”. Тых, у каго родныя працавалі ў Германіі, аддзялілі ад астатніх вяскоўцаў і зноў закрылі ў хаце. А потым пачаўся сапраўдны жах. Праз акно я ўбачыла, што мужчынам у рукі далі лапаты і загадалі капаць. Больш ніякіх сумненняў не магло быць: людзі капалі сабе і сваім родным магілу. У людзей пачалася істэрыка. Жанчыны прасілі аб літасці, плакалі і малілі, каб паш­кадавалі дзяцей. Затым пачуліся выстралы. Стралялі доўга, і з кожным разам кры­каў станавілася ўсё менш і менш. Раптам усё сціхла, у наваколлі вісела смяротная цішыня. Нас выпусцілі з хаты. Першае,  што адразу кінулася мне ў вочы, гэта вялікая куча адзення, што ляжала ля хлява, а непадалёку – яма, у якой ляжалі старыя,  жанчыны і дзеці. Валасы на галаве ўставалі дыбам. Цяпер чарга была за намі. Ніхто не ведаў, што нас чакае далей. Адзін з фашыстаў, што гаварыў па-польску, загадаў нам збіраць на фурманку свае пажыткі і пакінуць вёску. 128 чалавек, а можа нават і больш, таму што непадалёку ад Хмелішча знаходзіліся польскія хутары, зас­таліся назаўсёды ляжаць у магіле. Калі не памыляюся, у жывых засталіся толькі дзевяць сямей, дзве з якіх потым немцы расстралялі.

Бабуля Насця расказвае дрыжачым голасам, а ў вачах жанчыны стаяць слёзы. Яна ніяк не можа зразумець, у чым вінаваты былі трохгадовая Надзейка Алесік, а таксама яе сястрычка Марыя, брацікі Леанід і Фёдар, якіх разам з бацькамі знішчылі фа­шысцкія вылюдкі. Не пашкадавалі гітлераўцы і траіх дзетак Міхаіла Гаўрылюка, чацвярых хлопчыкаў і дзяўчынак Фёклы Крэнь і пяцярых дзяцей Сазона Сымоніка. 

 

Злачынства, якое не мае тэрміну даўнасці

У кнізе “Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии» надрукавана справаздача камандзіра 11-й роты 15-га паліцэйскага палка капітана Пельса аб знішчэнні вёскі Хмелішча і расправе над яе жыхарамі. З нямецкай педантычнасцю, быццам рэч ідзе не аб забойстве людзей, а пра звычайнае мерапрыемства, апісвае нацыст апошні дзень Хмелішча. «Служба охраны в Малорите сообщила, что в дер. Хмелище и в выселках Олтуш-Лесной, расположенных приблизительно в 12 км юго-западнее Олтуша, за последнее время часто появляются партизаны, причем со стороны местного населения не поступает никаких заявлений на этот счет. Далее, в лесу близ Хмелища, находится обитаемый блиндаж, о наличии которого тоже не было сообщено, несмотря на то, что население знало об этом.

Рота с приданным ей взводом Фрона имела задание расстрелять жителей обоих названных населенных пунктов, а все постройки сжечь.

23 октября рота силою 3/104 и взвод Фрона силою 1/23 достигли в 03.30 на дороге Малорита-Влодава поворота на Хмелище, находящегося в 7 км к юго-западу от государственного поместья Олтуш. Отсюда вышли в оба названных пункта. В 07.00, после того как было произведено оцепление деревень, родственники тех, кто в настоящее время находится на работе в Германии, были выделены. Все остальные расстреляны. Расстрел прошел без инцидентов. Вслед за расстрелом около 350 подвод начали вывозить всё имущество в государственное поместье Олтуш. При этом присутствовали районный уполномоченный по сельскому хозяйству и начальник Малоритского района.

Эта кампания закончилась следующими  результатами. Всего расстреляно 128 человек, из них 28 мужчин, 40 женщин и 60 детей. Сожжен 21 крестьянский двор.

Конфисковано 30 двойных ц обмолоченного и 20 двойных ц необмолоченного хлеба, 40 голов рогатого скота, 5 лошадей, 6 свиней и 60 овец, а также несколько сельскохозяйственных машин и инвентаря. Кампания была закончена без инцидентов в 23.00».

 

Не суцішаць боль дзесяцігоддзі

Вайна, гады акупацыі назаўсёды апалілі дзяцінства Анастасіі Хведчык, паўплывалі і на яе жыццё. Неаднойчы жанчына будзе прачынацца сярод ночы ад страшных сноў, дзе яна зноўку трапляе ў пастку вайны. Пасля таго, як фашысты спалілі Хмелішча,  Хведчыкаў часова прытуліла радня,  якая жыла ў Олтушы. Затым яны перабраліся на малую радзіму маці, у вёску Ганна-Спаская. Калі Чырвоная Армія вызваліла Маларыцкі раён, бацька Анастасіі Архіпаўны пайшоў на фронт вызваляць ад карычневай чумы Еўропу. Бабуля Насця як святыню зберагла чырвонаармейскую кніжку свайго таты-франтавіка Архіпа Трафімавіча, які штурмам браў непрыступную крэпасць фашыстаў – горад Кёнігсберг і вярнуўся дамоў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

— Пасля вайны бацькі вярнуліся ў Хмелішча, — працягвае гаворку кабета. – Страшная галеча была. Бацька спачатку змайстраваў будку, а потым пакрысе пачаў узводзіць гэтую хату, у якой я зараз і жыву. Мала нас засталося ў Хмелішчах, дажывае свой век вёска. Выйдзеш на вуліцу і пагаварыць няма з кім.

Нападалёк ад сядзібы Анастасіі Архіпаўны стаіць хата яшчэ адных старажылаў – Івана Міхайлавіча і Ганны Іванаўны Сымонікаў, дзяцінства якіх таксама апаліла вайна.  Ганна Іванаўна родам з Навалесся і таксама добра памятае, як фашысты знішчылі вёску, а тыя, хто застаўся ў жывых, хаваліся ў лесе. Іван Міхайлавіч тутэйшы, з Хмелішча.

— Хто ведае, мажліва, і я са сваімі роднымі назаўсёды застаўся б у тым страшным каст­рычніку 1942 года, калі б не злая насмешка лёсу, — гаворыць дзядуля. – Незадоўга да вайны, у 1940 годзе, бацьку прыпісалі да кулакоў і ўсю нашу сям’ю з пяццю дзеткамі выслалі ў Іркуцкую вобласць. Дзякуй Богу, пасля сямі гадоў ссылкі, мы ўсе жывыя вярнуліся на Радзіму і толькі тады даведаліся пра жудасны лёс вёскі.

Старыя не наракаюць на сваю долю, адзінае, аб чым яны просяць Усявышняга,  каб даў сілы ды здароўя годна дажыць свой нялёгкі век у роднай вёсачцы Хмелішча, якую яны некалі адрадзілі, і не ствараць клопату сваім дзецям ды ўнукам.

Кацярына Яцушкевіч.

Фота Алега Крымянеўскага

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.