Лепшы двор у Шынкарукоў

У 2009 годзе вёска Макраны атрымала статус аграгарадка. І хоць не будаваліся тут новыя аб’екты, але пачатак работ па аднаўленні будынкаў стаў стымулам для навядзення парадку на вуліцах прыгранічнага населенага пункта. Дзякуючы таму, што за апошнія гады было знесена каля сямідзесяці старых безгаспадарных дамоў, а на іх месцы з’явіліся новыя, якіх толькі летась у Макранах пабудавана 10, вёска набыла новае аблічча. Гутаркі з вяскоўцамі, растлумачэнне тых умоў, якія дазвалялі устанавіць новы плот са змяншэннем цаны, далі магчымасць замяніць на вуліцах вёскі чатыры кіламетры агароджы. Ды і ў сваіх прыватных дварах кожны з гаспадароў пастараўся навесці парадак.
— Зараз мала ўжо засталося тых гаспадароў, якія пакуль так і не паклапаціліся пра добраўпарадкаванне, — дзяліўся у размове старшыня Макранскага сельскага Савета Барыс Самасюк.
Вяскоўцы, як заўважаў старшыня, калі бачаць, што ў суседа стала лепш, клапоцяцца пра тое, каб іх двор быў таксама прыгожым. А таму, калі летась падводзіліся вынікі штогадовага конкурсу на лепшы двор, вызначыць пераможцу было няпроста. Ганаровае званне лепшага на свяце вёскі было прысуджана двару маладой сям’і Валерыя і Вольгі Шынкарукоў.
У сваім доме па вуліцы Люціна Валерый і Вольга жывуць ужо 7 гадоў. Старую хатку, якую набылі яны ў той год, як стварылі сям’ю, перабудавалі ў прасторны дом і паступова пачалі абжываць участак. Добрага, дбалага гаспадара, як кажуць, відаць здалёк. У двары Шынкарукоў прасторна і ў той жа час вельмі ўтульна. Значную частку яго займае акуратны зялёны газон, уздоўж дарожкі высаджаны роўны радок кустоўя, сваёй арыгінальнасцю прыцягвае вока клумба,  у глыбіні двара стаіць альтанка, дзе можна схавацца ў спякотны дзень ад сонца і адпачыць.
Многае, як расказваў у размове гаспадар, трэба было зрабіць. У першую чаргу ачысціць участак ад хмызняку,  распланаваць усё, каб потым, год за годам, нешта дабаўляць. Яшчэ многае, як прызнаўся Валерый, пакуль у планах. Але самае галоўнае, што ёсць жаданне зрабіць свет вакол сябе прыгожым, ёсць стымул – сям’я, у якой падрастаюць двое дзетак: дачка Настасся і сын Дзмітрый, ёсць малады запал і падтрымка другой палавінкі, а значыць усё задуманае абавязкова здзейсніцца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: пераможцы конкурсу на лепшы двор  Вольга і Валерый Шынкарукі з сынам Дзмітрыем.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!