Золотой юбилей Ивана и Татьяны Кивачуков из Мельник (Малоритский район)

Ёсць месцы далёкія, прыгожыя, дзе і прырода чароўная, і землі багатыя, урадлівыя, і славутасцяў розных не пералічыць. Аб гэтым не па расказах іншых ведае Іван Рыгоравіч Ківачук з вёскі Мельнікі. Шмат дзе давялося яму пабываць, многае ўдалося пабачыць. Але і сёння для яго няма мілей роднай вёсачкі Мельнікі, дзе нарадзіўся, дзе спасцігаў простую сялянскую навуку жыцця, дзе сустрэў самую сціплую, самую лепшую дзяўчыну Таццяну, з якой вось ужо пяць дзесяцігоддзяў крочыць па жыцці разам.

Іван Рыгоравіч, як і усе дзеці яго пакалення, рана пасталеў, бо ве­даў: трэба дапамагаць бацькам. Закончыўшы сямігодку, ён паспеў яшчэ сезон адпасвіць кароў, а калі споўнілася 17 гадоў, адправіўся з сябрам зарабляць грошы на Украіну. Прывёз адтуль, як успамінае, тону пшаніцы, што было добрай падтрымкай для сям’і. Затым было вучылішча механізацыі ў Маларыце, дзе на­быў спе­цыяльнасць трак­та­рыста-машыніста шырокага профілю. Пасля за­канчэння вучобы па набору накіраваўся на цалінныя землі ў Курганскую вобласць. Для маладога механізатара гэта было няпростае выпрабаванне і ў той жа час добрая практыка. Сваю працоўную дзейнасць на радзіме пачынаў Іван Рыгоравіч у ПМК-8,  куды ўладкаваўся трактарыстам. На тры гады працу прыпыніла служба ў арміі, а служыць выпала юнаку ў Ленінградзе. Белыя ночы, «Эрмітаж»,  «Аўрора» – усё гэта зачароўвала, але не настолькі, каб пагадзіцца застацца тут працаваць пасля армейскай службы, хоць такія прапановы былі. Магнітам цягнула юнака дамоў, у свае Мельнікі. Напэўна, прадчуваў ён, што у родных мясцінах чакае яго другая палавінка.

А будучая нявеста тым часам падрасла, бо была яна на шэсць гадоў за яго  маладзейшая. Таццяне таксама рана давялося пачаць самастойную працу. Пасля за­канчэння васьмі класаў яна ўладкавалася ў бу­даўнічую арганізацыю,  спачатку працавала на будаўніцтве фермы, затым – на новабудоўлі школы. 

Іх сустрэчу з Іванам не назавеш выпадковай. Жылі на адной вуліцы, з аднаго двара другі было відаць. Для таго, каб з’ядналіся сэрцы, патрэбна была іскрынка. І аднойчы яна праляцела. Жаніцца яму ці не, Іван доўга не раздумваў. Тыдня кавалеру хапіла, каб прыняць рашэнне. Ды і Таццяна адразу зга­дзілася. У прыняцці рашэння не вагалася зусім  не таму, што легкадумная была. Прыгожая, сціплая дзяўчына з дзяцінства ведала сям’ю Івана Ківачука і была ўпэўнена ў надзейнасці маладога чалавека. Праз месяц пасля знаёмства згулялі вяселле. Спачатку зарэгістравалі шлюб у сельсавеце, а праз ты­дзень абвянчаліся.

— Тады рэдка хто вян­чаўся, час быў такі, што да вянчанняў адмоўна ставіліся, — заўважае ў раз­мове Таццяна Міка­лаеўна.

Але будучы жаніх вель­мі хацеў, каб іх шлюб быў асвячоны царквой. Сам паехаў у Маларыту, дамовіўся са святаром. А ў дзень вянчання зранку нявеста і жаніх у вясельнай вопратцы адправіліся у горад,  прычым не вясельным картэжам, а на цягніку. Такім быў пачатак іх сямейнага жыцця. І ён, і яна да гэтага часу ўжо паспыталі салёны смак нялёгкай працы, а яшчэ добра ведалі, як цяжка даюцца грошы. Гэта цяпер найчасцей маладыя пары, каб запомніўся мядовы месяц, адпраўляюцца ў іншаземныя краіны на адпачынак. А Іван Рыгоравіч і Таццяна Мі­калаеўна, як і іншыя маладыя людзі іх пакалення, аб адпачынку і не думалі. За вясельныя грошы ад­разу набылі матэрыялы для будаўніцтва дома і ўсяго за некалькі гадоў пабудавалі яго. Тут, у ды­хтоўным доме  на чатыры пакоі, нарадзіліся і выраслі трое дзяцей Кі­вачукоў. Дачка Любоў цяпер жыве ў Мінскай вобласці, сын Аляксандр – у Паставах на Віцебшчыне, дачка Надзея – у Брэсце. Разляцеліся дзеці ў пошуках свайго шчасця, цяпер толькі зрэдку ў госці наведваюцца са сваімі сямейнікамі. Усяго ў Івана Рыгоравіча і Таццяны Мікалаеўны шэсць унукаў і тры праўнукі.

Адрэзак ад вяселля да залатога юбілею складаецца з пяцідзесяці гадоў. Але ў штодзённых клопатах,  радасцях і праблемах праляцелі яны непрыкметна. Таццяна Мікалаеўна, калі дзеці былі малыя, перайшла працаваць у калгас. Спачатку шчыравала ў паляводчай брыгадзе,  на поле хадзіла разам з малымі. Накладзе, як успамінае, у сумку ежы для дзяцей, каб падсілкоўваліся на свежым паветры. Пакуль  яны гуляюць, маці хутчэй з работай спраўляецца. Так і гадаваліся, пакуль малыя былі, а падраслі, па­чалі самі бацькам да­памагаць. А Таццяна Мікалаеўна перайшла працаваць на цялятнік, адтуль і на заслужаны адпачынак яе адправілі. З мясцовай гаспадаркай пасля жаніцьбы вырашыў звязаць сваё жыццё і Іван Рыгоравіч. Узялі яго ў калгас трактарыстам. Працавіты, уме­лы,  ён заўжды быў у ліку лепшых. 18 гадоў асноўнай задачай вопытнага механізатара было вырошчванне бульбы. Не знаходзілася яму роўных і ў час сяўбы, і ў час уборкі ўраджаю. Аб гэтым сведчыць стос грамат, якія атрымліваў ад кіраўніцтва гаспадаркі амаль штогод. Многім маладым трактарыстам быў ён добрым настаўнікам,  дзяліўся во­пытам. А ён за 30 га­доў працы ў калгасе сапраўды каштоўны.

Жыццё пражыць – гэта значыць паспытаць і беды, і радасці.Вядома, і ў Ківачукоў іх агульная дарога жыцця была няпростай. На пытанне, ці дружна жылі, яны паглядзелі адзін на аднаго і, усміхнуўшыся, адказалі:

— Ды ў любой сям’і ўсяляк бывае, але не было таго, каб па тыдню не размаўлялі, —  разважліва гаварыла Таццяна Мікалаеўна. – Паўгадзіны прайшло, і ўжо зноў размаўляеш, усё забываецца.

Але каб крыўды хутка забываліся, заўважалі Ківачукі, даючы парады маладому пакаленню, важна своечасова спыніцца ў сварцы, не перайсці тую мяжу, калі ўжо крыўда моцна душу апячэ. Іван Рыгоравіч нават верш Фета пра шчы­­рыя пачуцці пра­дэкламаваў. Між  іншым, ён, чалавек, які ўсё жыццё пражыў у вёсцы, тры дзясяткі гадоў адпрацаваў на трактары, добра ведае творы Цютчава, Пушкіна, іншых паэтаў і нават сам вершы пісаў. А  яшчэ заўжды сябраваў з прэсай, у трак­тары, як расказваў, заўжды некалькі свежых газет ляжала, каб, калі выдасца вольная хвілінка, можна было прачытаць свежыя навіны. А калі ўдзень такая магчымасць не выпадала,  абавязкова ўве­чары перад сном на гэта час знаходзіў, каб быць,  як заўважае,  у курсе падзей.

2018 год для сям’і Ківа­чукоў двойчы юбілейны. Акрамя залатога юбілею, яны яшчэ адзначаць восенню 70-годдзе Таццяны Мікалаеўны. Спа­дзяюцца бацькі,  што з’е­дуцца на свята дзеці, унукі. І ў доме зноў бу­дзе шумна. І сэрца бу­дзе радавацца,  бо дзеля свайго прадаўжэння ў новых пакаленнях і жыве чалавек.

Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!