«Кузня шчасця» Максіма Безкаравайнага (Маларыта)

У фае раённай бібліятэкі разгорнута чарговая выстава творчых аўтарскіх работ. “Кузня шчасця” працягвае арт-праект “Свет хобі”, які распачаты ўстановай культуры яшчэ пяць гадоў таму. На гэты раз тут можна палюбавацца  38 каванымі работамі майстра мастацкай апрацоўкі металу маларытчаніна Максіма Безкаравайнага. Кожная з іх – унікальнае аўтарскае тварэнне, прыклад шырокіх магчымасцяў імправізацыі і эксперыменту. Гэтая выстава для Максіма Уладзіміравіча ўжо другая па ліку. Першая з поспехам прайшла тут жа ў ліпені 2016 года.

Фото райгазеты «Голас часу»

Большасць з прад­стаў­леных работ, ціка­вых і арыгінальных, на­вед­­вальнікі бібліятэкі ўбачылі ўпершыню, бо яны былі створаны на працягу апошніх двух гадоў. З металу Максім Безкаравайны, здаецца, можа зрабіць усё. У гэтым пераконвае выстава. Яна сапраўды ўражвае. Сярод экспанатаў – прадметы інтэр’еру, міні-скульптуры, малая пластыка, элемен­ты ландшафтнага ды­­зай­ну, камінныя пры­лады… Усё гэта не можа не падабацца.

Кавальская справа – своеасаблівае мастацтва, і, напэўна, не кожны мае да гэтага здоль­насці. Каваль павінен мець добры зрок, ідэальны вокамер, зрокавую памяць, здольнасць пераносіць высокія тэмпературы і жаданне працаваць. Пры рабоце з гарачым металам не абысціся без спрыту і дак­ладнасці, а яшчэ без такіх якас­цяў,  як эстэтычны густ,  пачуццё прыгожага. Максіму Безкаравайнаму ўсё гэта перадалося ў спадчыну.

Ён з дынастыі кавалёў. Магчыма, гэтым усё і тлумачыцца. Два яго дзядулі ў свой час пра­ца­валі ў кузні. Адзін, Васіль, быў вядомым кавалём у Пажэжыне,  другі, Канстанцін, – у г. Гарачы Ключ (Краснадарскі край, Расія). Таму сябе ён адчувае сапраўдным кавалём.

–Максім Уладзіміравіч, каб быць кавалём, неабходны, напэўна, і добры мастацкі густ?

–Безумоўна! Каваль павіннен мець прызванне быць адначасова і мастаком, і скульптарам. Дакладнае адчуванне формы, прапорцый мне таксама перадалося ў спадчыну, бо бацька Уладзі­мір Аляксандравіч і род­ны дзядзька Сяргей Аляксандравіч – мастакі. Эскізы некаторых работ спачатку вылепліваю з пластыліну, а затым задуманае паступова ўвасабляю ў метале. Усе вырабы зроблены са сталі, некаторыя элементы дэкору – з медзі і бронзы.

У Максіма Безкаравайнага ёсць невялікая па памерах кузня з горнам, накавальняй,  молатам… Між іншым, у ёй усё зроб­лена сваімі рукамі. Максім Уладзімі­ра­віч стаў зай­­мацца ка­вальствам для душы і ў вольны час гадоў сем таму. Штуршком стаў рэдуктар, які ляжаў без справы. Захацелася зра­біць нешта карыснае. Так пазней з яго атрымаўся станок для загінання. Першай жа яго каванай “рэччу” стала  пергола (павець) для жонкі Ларысы.

– Каваны метал – незвычайны і ў той жа час традыцыйны від мастацтва, – гаворыць Максім Уладзіміравіч. – Тэхніка кавання з’яў­ляецца адным з самых старажытных спосабаў апрацоўкі жалеза. Майст­­ры, якія маюць справу з агнём і металам, заўсёды імкнуліся зрабіць любы выраб пры­гожым. Цяпер яны ў асноўным з’яўляюцца элементамі дэкаратыўнага ўпры­гож­ванння. У кавалку жалеза важна разгле­дзець яго “душу”. Яшчэ ў загатоўцы трэба здолець ўбачыць “жывое”, даць яму магчымасць дыхаць у гатовым вырабе, напоўніўшы патаемным сэнсам. Гэта можна толькі адчуць. Перакананы, кавальства – справа творчая, тонкая і далікатная. Сам працэс павінен прыносіць задавальненне, радасць ад таго, што ў рэшце рэшт ат­рымліваецца.

Практычна ўсе на­вед­­вальнікі раён­най біб­ліятэкі затрым­ліваюц­ца ля работ Максіма Безкаравайнага. Асаблівую ўвагу яны звяртаюць на аб’ёмную шахматную дошку з 32 фігурамі – белымі і чорнымі.

–Уся праца заняла ў мяне год, – гаворыць Максім Уладзіміравіч. – На творчасць натхніла Англа-бурская вайна 1899 – 1902 гг. 16 шахматных фігур (пешкі, каралі, ферзі…) – гэта салдаты Брытанскай ім­перыі. Яны выкаваны са сталі з капелюшамі і са зброяй у руках. 16 іншых на­паўаголеных фігур – мясцовае насельніцтва (афрыканцы).

Раённая бібліятэка за­прашае ўсіх жадаючых палюбавацца прыго­жымі каванымі рэ­чамі і арыгінальнымі аўтарскімі ідэямі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!