Грачанікі Надзеі Курганюк з Гвозніцы (Маларыцкі раён)

Cмачны хлеб атрымліваецца ў Надзеі Рыгораўны Курганюк з Гвозніцы, які не адзін год яна выпякае з грэцкай мукі. Без яе духмяных боханаў з залацістай скарынкай не абыходзіцца ні адно раённае свята ці фестываль, любяць паласавацца яе хлебам і аднавяскоўцы. Дарэчы, у населеным пункце – хлеб, выпечаны з грэцкай мукі, — галоўная страва на стале: з грачанікамі спраўляюць вяселле, хрысціны — іншыя значныя падзеі. Старадаўнім рэцэптам выпечкі грачанікаў, так па-мясцоваму называецца хлеб з грэцкай мукі, згадзілася падзяліцца Надзея Курганюк, якая за сваё нялёгкае жыццё столькі боханаў вымесіла, што нават і не пералічыць.

Пякла яна хлеб і для мясцовага калгаса на розныя мерапрыемствы, быў час, што нават вазіла прадаваць духмяныя боханы на базар і ніколі не адмаўляла ў выпечцы, калі нехта прасіў з аднавяскоўцаў. Балазе, выпякаць хлеб ёсць дзе: у Надзеі Рыгораўны дзве добрыя печкі. Адна прыгожая і дыхтоўная займае амаль палову пакоя ва ўтульнай хаце гаспадыні, другая — стаіць у летняй кухні.
— Пякці хлеб мяне навучыла суседка Марыя Кірылаўна Чабанюк, — расказвае жанчына. – Тут нічога складанага няма. Галоўнае — з добрым настроем узяцца за справу тады і цеста падыдзе, а боханы атрымаюцца пульхныя ды смачныя.
Надзея Рыгораўна пачынае расказваць, як правільна ставіць рошчыну. Вялікае значэнне мае мука. Як прызналася бабуля, яна павінна быць не прасеяная, з “чарнушкай”, якая і надае асаблівы смак хлебу. Дарэчы, бабуля купляе грэчку, якую сама меле на муку. Пакуль мы слухаем Надзею Рыгораўну, з печы патыхае духмяным водарам свежага хлеба. Гэта бабуля яшчэ з вечара рашчыніла цеста, каб пачаставаць нас сваёй выпечкай.
— У цеста я дабаўляю трохі прасяной кашы і адну бульбіну, надзёртую на тарцы, — працягвае размову Надзея Рыгораўна. – Ні яйка, ні смятаны я не даю, сыплю толькі соль і дрожджы. Добра вымешваю ці нават падбіваю і пакідаю цеста падыходзіць. У мяне нават спецыяльная дзежка ёсць, якую яшчэ некалі зрабіў мой свёкар. Потым, калі ў печы добра выгарыць, у спецыяльных формачках устаўляю туды цеста. Праз гадзіну-паўтары грачанікі гатовыя.
З задавальненнем расказала Надзея Рыгораўна і пра рэцэпт такой старажытнай гвозніцкай стравы, як “палюхі з макам і “падпалкамі”, што былі калісьці вельмі жаданымі стравамі на стале і ў святы, і ў будні.
Зараз бабуля свае майстэрства па выпечцы хлеба перадае нявестцы – Але Мікалаеўне, якая працуе дырэктарам сельскага Дома культуры ў Гвозніцы. Ала Мікалаеўна з ахвотай спасцігае сакрэты сваёй свекрыві, якую вельмі паважае і любіць.
— Мы дні нараджэння з Надзеяй Рыгораўнай нашы нават амаль у адзін дзень адзначаем, — прыемна ўсміхаючыся, кажа жанчына. – Яна нарадзілася 26 кастрычніка, а я 27. Сёлета маёй свякроўцы спаўняецца 81 год.
Цяжкі няпросты лёс выпаў на долю гэтай шчырай жанчыны. Больш за дваццаць гадоў адпрацавала Надзея Рыгораўна даяркай. Даводзілася даіць кароў уручную, добра, што дзеткі дапамагалі. Потым даглядала за цялятамі і ўвесь час была адной з лепшых працаўніц у калгасе. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўзнагароды, граматы, сярод якіх медаль “За працоўную адзнаку”, ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, якую за асаблівыя поспехі, дасягнутыя ў сацыялістычных спаборніцтвах па павялічэнне вытворчасці прадукцыі ў жывёлагадоўлі, атрымала Надзея Рыгораўна ў далёкім 1973 годзе. Цяжкая праца ў калгасе і нечаканая бяда, калі ў адзін год заўчасна пайшлі з жыцця самыя родныя людзі – муж, сын і дачка, падкасілі і без таго слабое здароўе жанчыны. Але Надзея Рыгораўна не скардзіцца на сваё жыццё, а мужна нясе свой нялёгкі крыж і радуецца поспехам унукаў ды праўнукаў.
— На ўнукаў я багатая, — кажа бубуля, і ўсмешка асвятляе яе твар. – Іх у мяне 10. Дзякуй Богу, дачакалася траіх праўнукаў. Не забываюць, наведваюцца да мяне, а я частую іх сваёй выпечкай.
З гэтымі словамі Надзея Рыгораўна адчыняе печ і дастае адтуль духмяныя боханы. Кладзе іх наўслончык і змазвае алеем, каб былі мякчэйшымі. Затым пакрывае ручніком. Калі хлеб крыху астыў, гаспадыня адрэзвае лусту і частуе нас грачанікам. Шчыра прызнаюся, такога смачнага хлеба я не каштавала ніколі ў жыцці.
Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!