Сямейная справа Віктара и Таццяны Мыслікаў з Арэхава (Маларыцкі раён)

Толькі добрыя словы можна пачуць ад жыхароў аграгарадка Арэхава ў адрас індывідуальнага прадпрымальніка Віктара Мысліка і яго жонкі Таццяны Генадзьеўны (на здымку). У іх гандлёвым павільёне, што месціцца ў самым цэнтры населенага пункта, заўсёды свежыя прадукты, а ўсіх пакупнікоў тут сустракаюць шчырай і ветлівай усмешкай.


Свой асабісты магазін сям’я Мыслікаў адкрыла гадоў пяць таму. Як прызнаецца Віктар Леанідавіч, заняцца ўласнай справай, наладзіць свой бізнес мужчына марыў даўно. Планаваў узяць у арэнду некалькі гектараў зямлі і вырошчваць садавіну ды агародніну, але не рызыкнуў.
— У нас і так у Маларыце вельмі шмат арандатараў, — усміхаючыся, расказвае прадпрымальнік. – Не хацеў ствараць ім канкурэнцыю.
Дарэчы, як паведамілі ў Арэхаўскім сельскім Савеце, на яго тэрыторыі зарэгістравана 48 арандатараў, у валоданне якім аддадзена 104 гектары зямлі.
Але пакуль Віктар Мыслік не адкрыў сваю справу, кім яму толькі ні даводзілася працаваць. Быў трактарыстам у мясцовым калгасе, шчыраваў на новабудоўлях Масквы, ездзіў на заробкі нават у Казахстан, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.
— Гэта было яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, — ўдакладняе Таццяна Генадзьўеўна. – Я жыла ў Ташкенце і таксама паехала на заробкі ў Кустанайскую вобласць, уладкавалася ў мясцовы калгас бухгалтарам, а Віктар там працаваў механізатарам. Вось так і пазнаёміліся. Праз пэўны час узялі шлюб, нават павянчаліся ў Арэхаўскай царкве.
Неўзабаве за маладымі пераехалі і бацькі нявесты, якія абуладкаваліся на Маларытчыне. Гадоў пяць таму назад Віктар і Таццяна вырашылі рызыкнуць і заняцца рознічным гандлем. Узялі ў арэнду пустуючы будынак, які раней належыў камбінату бытавога абслугоўвання, а потым перайшоў ва ўласнасць камунальнікаў.
— Зрабілі грунтоўны рамонт, — кажа гаспадар, – набылі неабходнае абсталяванне. Безумоўна, без першапачатковага капіталу не абысціся. Але я не браў крэдытаў у банках. Для наладжвання бізнесу выкарыстаў грошы, якія зарабіў на будоўлі ў Маскве.
Пачынаючы сваю справу, Віктар Леанідавіч, бясспрэчна, хваляваўся. Былі “добразычліўцы”, якія прадракалі нядоўгі век гандлёваму павільёну. На шчасце, памыліліся. Амаль кожны дзень да сотні чалавек наведваюць гадлёвую краму. Зрэшты, не дзіўна, асартымент прадстаўленай ў павільёне прадукцыі шырокі. Тут рэалізуюцца разнастайныя хлебабулачныя вырабы, мяса-малочная прадукцыя, салодкія напоі, ласункі, печыва і шмат іншага. Ёсць на разліў і квас.
— Мы працуем непасрэдна з пастаўшчыкамі, — тлумачыць прадпрымальнік, — гэта Брэсцкі мясакамбінат, Кобрынскі хлебазавод. З задавальненнем купляюць арэхаўцы малочную прадукцыю з Астрамечава. Вось, напрыклад, сёння чакаецца прывоз свежага хлеба, каўбас і іншых прадуктаў.
Пакуль я размаўляла з Віктарам Леанідавічам, у краму зайшла пастаянны пакупнік Ніна Холад. Жанчына наступным чынам ахарактарызавала працу магазіна:
— Я заўсёды набываю тут прадукты. Прыемна заходзіць у магазін, дзе цябе са шчырай усмешкаю вітаюць. Прадаўцы параяць і падскажуць, калі ў нечым сумняваешся. Надышоў час Віктару Леанідавічу расшыраць свае гандлёвыя плошчы. Няблага, каб ён адчыніў яшчэ адзін магазін на другім канцы вёскі, адкуль асабліва састарэлым далёка дабірацца да цэнтра.
— Ёсць у мяне задумка адкрыць сваё кафэ, — прызнаецца гаспадар, — але гэта пакуль яшчэ толькі ў планах. На жаль, вёска старэе, а колькасць насельніцтва ў Арэхаве змяншаецца.
Хаця, як лічаць вяскоўцы, кафэ ў вёсцы карысталася б попытам, як і гандлёвы павільён, таму што адзначыць якую-небудзь сямейную ўрачыстасць ці нагоду ў Арэхава няма дзе.
Развітваючыся з гаспадарамі крамы, я разважала, у чым жа сакрэт поспеху гандлёвага аб’екта. Аказваецца, усё на дзіва проста: прадаўцы ведаюць густы і запыты пакупнікоў, імкнуцца задаволіць іх спажывецкія патрэбы і заўсёды ў цудоўным настроі сустракаюць кожнага чалавека, зараджаюць сваіх кліентаў пазітывам і добрай энергетыкай.
Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.