Сястра Хатыні — Багуслаўка (Маларыцкі раён)

Калісьці тут распасціраліся непраходныя балоты з прагнаю дрыгвою, якая ў імгненне вока праглынала ў сваё ненажэрнае нутро не тое, што чалавека, а нават буйнага дзіка. Непралазны гушчар, процьма камароў і іншай балотнай нечысці рабілі гэтыя мясціны, якія лічыліся і так прапашчымі, не надта прывабнымі для жыцця людзей. Ішоў час і сярод глухога лесу, амаль на балоце, узнікла вёска з прыгожай і знакавай назвай Багуслаўка.

За рэчкай Прырваю
Даўно асушана дрыгва і да Богуслаўкі вядзе грунтоўная гравейка. Пераехаўшы масток праз раку Прырву, па дарозе мы паглыбляемся далей у лес. Невялічкая вёска з дзясятак драўляных сядзіб раскінулася ў адну вуліцу, на якой ляжыць асфальт яшчэ з савецкіх часоў. Як паведамілі ў Гвозніцкім сельскім Савеце ў Багуслаўцы зарэгістраваны ўсяго толькі дваццаць чалавек. Дзяцей і моладзі тут няма. Можа таму нават і ў сонечны ліпеньскі дзень ад двароў напаўпустых сядзіб павявае самотнай трывогай. Вёска вымірае. Самаму малодшаму яе жыхару даўно за сорак гадоў мінула, а старэйшы размяняў свой векавы рубеж. Жывуць тут у асноўным пенсіянеры. На ўсю вёску налічваецца чатыры кані, адна карова, некалькі коз і ніводнага аўтамабіля. З Маларытай і суседнямі вёскамі Багуслаўку некалькі разоў на тыдзень звязвае рэйсавы аўтобус.

Сяброўкі Марына Бягеза і Ганна Хатынюк

Сястра Хатыні
Багуслаўка адна з трынаццаці вёсак Маларыцкага раёна, якую ў гады акупацыі спалілі і знішчылі фашысты, пакінуўшы пасля сябе толькі чорны попел ды праклён і боль тых, хто застаўся ў жывых. Вёску, схаваную сярод лясоў ды балот чакала не зайздросная доля. Багуслаўцы як маглі дапамагалі партызанам. Часта тут адпачывалі і падсілкоўваліся народныя мсціўцы. Восенню 1942 года непадалёк ад населенага пункта быў забіты чыноўнік ахоўнай паліцыі Розенгарта. Фашысты разлютаваліся. 23 лістапада нямецкія вылюдкі здзейснілі карную аперацыю: Багуслаўку дашчэнту спалілі і расстралялі каля трыццаці вяскоўцаў. Навечна ў брацкай магіле засталіся ляжаць сям’я Ануфрыя Бягезы, яго жонка Агаф’я з непаўнелетнімі дачушкамі Сцепанідай і Пелагеяй. Перастала ў той дзень біцца і сэрца Васіля Бягезы, яго жонкі Алены і траіх дзяцей Марыі, Івана і Пелагеі. Зараз у вёсцы аб тых жудасных падзеях нагадваюць бадай што толькі брацкія магілы і памятнае месца побач з вёскай, дзе і адбылося катаванне.

На ўскрайку Багуслаўкі былі закатаваны мірныя жыхары

Сведкаў у Багуслаўцы не засталося. Адной са старажылаў Марыне Сцяпанаўне Бягеза на той час было каля шасці гадкоў і яна ўрыўкамі помніць як разам з маці ўцякалі ад бамбёжкі ў лес, як на кавалачкі ад трапіўшага снарада разнесла на шчэпкі іх дом. Вяскоўцы, што засталіся ў жывых, ратаваліся ад лютай смерці ў лесе. Марыне Сцяпанаўне пашанцавала выжыць у тым пекле.

— Наша сям’я – веруючая, — кажа Марына Сцяпанаўна. – Мажліва бясконцая вера ва Усявышняга і падаравалі нам жыццё. 

 

Дарэчы, у Багуслаўцы многія наведваюць царкву. Дапамагаюць адзін аднаму ў цяжкую хвіліну. Вельмі цікавую легенду пра назву вёскі паведаміла мясцовая жыхарка Пелагея Гардзееўна Тыцык, якая пра вайну ведае толькі з рассказаў свайго ўжо пакойнага мужа Уладзіміра Лявонцьевіча.

Пелагея Тыцык

— Раней гэтыя мясціны называліся Прыбрыддзе, — гаворыць кабета. – Арэхаўскі пан адпраўляў сюды на ссылку няўгодных яму сяльчан, мяркуючы, што няшчасныя не выжывуць сярод багны ды дрыгвы. Але людзі абжылі гэты кавалак зямлі і ўвесь час праслаўлялі Бога, што дараваў ім сілу і моц, каб застацца ў жывых. Адсюль і пайшла назва Багуслаўка.
На шчасце, аб жудасных падзеях, што адбываліся тут у акупацыйны рэжым Пелагея Гардзееўна не памятае, яна з’явілася на свет толькі ў 1942 годзе.
— Мой будучы муж быў тады падлеткам і ён бачыў, як катавалі цэлыя сем’і, якія былі савецкімі актывістамі або дапамагалі партызанам, — гаворыць жанчына.
Пасля вайны Багуслаўка аднавілася. Яшчэ дваццаць гадоў таму назад тут пражывала амаль сто чалавек, працавалі сельскі дом культуры і бібліятэка. Зараз застаўся толькі дом сацыяльных паслуг.
Памочніца Зорка
Не ўяўляюць свайго жыцця без каня ў вёсцы браты Іван і Міхаіл Кавальчукі. Малодшы на год за Міхаіла Іван даглядае за родным братам, які мае інваліднасць. Браты разам садзяць агарод, ходзяць у лес за грыбамі ды ягадамі. Балазе, мясціны тут чарнічныя ды грыбныя, толькі патрэбна іх ведаць. З жывёлы на падворку – дзве сабачкі, кот ды кабылка Зорка, якая спраўна служыць сваім гаспадарам каля дваццаці гадоў.
— У вёсцы без каня, як без рук, — гаворыць Іван, з пяшчотай перабіраючы залаціста рыжую грыву Зоркі. – Сабе агародчык з’ару ды і суседзям дапамагу, калі ёсць патрэба.

Іван Кавальчук

Іван Якаўлевіч расказвае, што жыць у вёсцы можна. Нават у Багуслаўцы ёсць дачнікі, якія даглядаюць за сядзібай, вырошчваюць садавіну ды агародніну. Напрыклад, Валянцін Піпко займаецца пчоламі, мае свой пчальнік.
Святы абавязак
Не пакідаюць багуслаўцы адзін на адзін і сваіх састарэлых бацькоў, вяртаюцца на сваю маленькую радзіму. За састарэлым бацькам Іванам Карпавічам Кавальчуком глядзіць яго сын, а за Марынай Сцяпанаўнай Бягезай – дачка. Яшчэ аднаго старажыла вёскі – Аляксея Піліпавіча Кавальчука дзеці забралі да сябе. Добра, што не перарываецца сувязь пакаленняў і дарослыя дзеці, цудоўна разумеючы, што і настаў іх час даглядаць за сваімі старэнькімі бацькамі, не адмаўляюцца ад святога абавязка.
Ліпеньскі яблыкапад
У Багуслаўцы спеюць яблыкі, наліваючыся сакавітым водарам ліпеньскай раніцы і прагным сонечным цяплом. Белы наліў усыпаў падворкі вяскоўцаў, нібыта беласнежным покрывам. Амаль у кожным двары тут свой сад. Асабліва гучна яблыкі падаюць у траву на росным світанні, калі яшчэ ўсё наваколле спіць і толькі недзе за сцяной маўклівага лесу ружавее зара. Над Багуслаўкай устае новы дзень.
Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!