Прыгажуня сталёвых магістраляў (Маларыта)

Чыгуначная станцыя “Маларыта” — адна з невялікіх у Брэсцкім аддзяленні Беларускай чыгункі. Пад кіраўніцтвам Віктара Палішчука яна працуе рытмічна, зладжана. У гэтым заслуга таксама ўсяго згуртаванага калектыву, у тым ліку і Людмілы Саўчук, таварнага касіра. Нягледзячы на тое, што Людміла Леанідаўна на чыгунцы працуе толькі пяць гадоў, аднак адміністрацыя характарызуе яе як спецыяліста адказнага, добрасумленнага, удумлівага, дысцыплінаванага, мэтанакіраванага.

Людміла Саўчук з’яўляецца прадаўжальніцай дынастыі чыгуначнікаў. Яе бацька Леанід Іванавіч Галюк не адзін год працуе дарожным майстрам Брэсцкай дыстанцыі пуці. Таму спецыфіку гэтай прафесіі ведала змалку. На чыгунку працаваць Людміла Саўчук трапіла так.
— Мяне заўсёды, яшчэ з дзяцінства, чамусьці прываблівалі цягнікі, іх прарэзлівыя гудкі, размераны перастук-перазвон колаў па рэйках. А яшчэ вельмі падабалася форма чыгуначнікаў. Бацька ў ёй, здавалася, выглядаў заўсёды прыгожым. Памятаю, калі ў дзяцінстве ў мяне пыталі пра тое, кім хачу стаць, з нейкім гонарам заўсёды казала: “Свае жыццё звяжу з прафесіяй, работнікі якой маюць сваё форменнае адзенне”.
      Мара Людміла Саўчук збылася, праўда, не адразу. Пасля заканчэння СШ №3 г.Маларыты яна, як і маці Валянціна Мікалаеўна Галюк, вырашыла стаць настаўніцай. Таму дакументы падала на геаграфічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. На першае месца працы была накіравана ў СШ №3 выхавальнікам групы падоўжанага дня. Праз два месяцы пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Так атрымалася, што ў школу працаваць настаўнікам ужо не вярнулася. Сваю будучыню звязала з чыгункай свядома, бо ведала спецыфіку гэтай прафесіі змалку.
Людміла Саўчук уладкоўваецца дзяжурным на рэгулюемым чыгуначным пераездзе, а затым – таварным касірам. Менавіта тут прыйшло разуменне, што прафесію выбрала правільна.
–Працуючы, адчувала, што не хапае спецыяльных ведаў, што трэба абавязкова вучыцца, – гаворыць Людміла Саўчук. – Таму і вырашыла паступіць вучыцца ў Брэсцкі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту (філіял Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту).
У гэтым годзе яго закончыла, набыўшы спецыяльнасць “Арганізацыя перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце”.
Штодзённа на станцыі “Маларыта” разгружаецца-загружаецца да дзясятка грузавых вагонаў. Сюды пастаянна прыбываюць розныя грузы. Так што спраў па афармленні дакументаў у Людмілы Саўчук і яе калег па таварнай канторы хапае. Яны імкнуцца як мага хутчэй і больш якасна афармляць неабходныя дакументацыю на грузы.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!